1
Праўду, праўду кажу вам:
хто не праз дзверы ўваходзiць у двор авечы, а ўлазiць iнакш,
той злодзей i разбойнiк;
2
а хто ўваходзiць праз дзверы,
той пастух авечак;
3
яму прыдзвернiк адчыняе,
i авечкi голасу яго слухаюцца,
i сваiх авечак ён клiча па імёнах i выводзiць iх;
4
i калi сваiх авечак выпусціць, iдзе перад iмi,
i авечкi за iм ідуць, бо ведаюць голас яго;
5
за чужым жа не пойдуць, а будуць уцякаць ад яго,
бо не ведаюць чужога голасу.
6
Гэтую прытчу сказаў iм Іісус.
Яны ж не зразумелi значэння таго, што Ён гаварыў iм.
7
Тады зноў сказаў iм Іісус:
праўду, праўду кажу вам:
Я — дзверы для авечак;
8
усе, колькi iх нi прыходзiла перада Мною,
былі зладзеi ды разбойнiкi;
але авечкi не паслухалiся iх;
9
Я — дзверы;
хто ўвойдзе праз Мяне, збаўлены будзе;
i ўвойдзе, i выйдзе, i пашу знойдзе;
10
злодзей прыходзiць толькi каб украсцi і забiць, i загубiць;
Я прыйшоў, каб жыццё мелi, i ўдосталь мелi;
11
Я — Пастыр добры;
пастыр добры жыццё сваё аддае за авечак,
12
а наймiт, якi не пастыр і якому авечкi не свае,
бачыць, як прыходзіць воўк, i пакiдае авечак i ўцякае,
i воўк хапае авечак i разганяе іх;
13
а наймiт уцякае,
бо ён наймiт i не дбае пра авечак.
14
Я — Пастыр добры
i ведаю Маіх, i Мае ведаюць Мяне;
15
як ведае Мяне Айцец, так i Я ведаю Айца,
i жыццё Маё аддаю за авечак;
16
ёсць у Мяне i iншыя авечкі, якія не з гэтага двара,
i тых Мне трэба прывесцi;
i голас Мой яны пачуюць,
і будзе адно стада i адзiн Пастыр.
17
За тое Айцец Мяне любiць,
што Я аддаю жыццё Маё, каб зноў прыняць яго;
18
нiхто не адбірае яго ў Мяне, а Я аддаю яго Сам;
уладу маю аддаць яго i ўладу маю зноў прыняць яго;
гэтую запаведзь атрымаў Я ад Айца Майго.
19
І нязгода зноў узнікла памiж Іудзе-ямі з-за гэтых слоў;
20
гаварылi многiя з iх:
Ён мае ў Сабе дэмана i шалее;
чаго вы Яго слухаеце?
21
Іншыя гаварылі: гэта словы не апантанага,
хіба можа дэман адкрываць вочы сляпым?
22
I настала ў Іерусалiме свята аднаўлення,
i была зiма;
23
і хадзiў Іісус у храме, у прытворы Саламонавым.
24
Абступiлi Яго Іудзеі i казалi Яму:
дакуль Ты будзеш таміць душы нашы?
калi Ты Хрыстос, скажы нам адкрыта.
25
Адказаў iм Іісус: Я сказаў вам, i вы не верыце;
справы, якія Я раблю ў iмя Айца Майго,
яны сведчаць пра Мяне;
26
але вы не верыце,
бо вы не з авечак Маіх, як Я сказаў вам;
27
Авечкi Мае голасу Майго слухаюцца,
i Я ведаю iх,
i яны iдуць за Мною,
28
і Я жыццё вечнае даю iм, i не загiнуць давеку,
i не вырве iх нiхто з рукi Маёй;
29
Айцец Мой, Якi даў Мне iх, большы за ўсiх,
i нiхто не можа вырваць iх з рукi Айца Майго;
30
Я i Айцец — адно.
31
І ўзялі зноў камянямі Іудзеі, каб пабiць Яго.
32
Сказаў iм Іісус:
многа добрых спраў паказаў Я вам ад Айца Майго;
за якую з гэтых спраў вы хочаце пабіць Мяне камянямі?
33
Адказалi Яму Іудзеі, гаворачы:
не за добрую справу мы хочам пабiць Цябе камянямі,
а за блюзнерства і за тое,
што Ты, будучы чалавекам, робiш Сябе Богам.
34
Адказаў iм Іісус:
хiба не напiсана ў законе вашым:
"Я сказаў: вы багi".
35
Калі Ён назваў багамi тых, да каго было звернута слова Божае,
а Пісанне не можа быць парушана,
36
тады як жа Таму, Каго Айцец асвяцiў i паслаў у свет,
вы кажаце: "блюзнерыш",
паколькі Я сказаў: "Я Сын Божы"?
37
калi Я не раблю спраў Айца Майго, не верце Мне;
38
а калi раблю,
то, калі Мне не верыце, дык справам верце,
каб вы спазналi i ўверавалi, што Айцец ува Мне i Я ў Ім.
39
Тады шукалi зноў, як схапіць Яго,
але Ён унік рук iх
40
i пайшоў зноў за Іардан,
на тое месца, дзе раней хрысцiў Іаан,
i застаўся там.
41
I многiя прыйшлi да Яго i гаварылі,
што Іаан не зрабiў нiякага цуду;
42
I многiя там уверавалi ў Яго.