1
Быў жа хворы нейкі Лазар з Вiфанiі,
з паселішча Марыi i Марфы, сястры яе.
2
Марыя ж была тая, што памазала Госпада мірам
i абцерла ногi Яго валасамi сваiмi;
яе брат Лазар быў хворы.
3
Тады паслалi сёстры сказаць Яму:
Госпадзі! вось, той, каго Ты любiш, хворы.
4
Пачуўшы гэта, Іісус сказаў:
гэтая хвароба не на смерць, а дзеля славы Божай,
каб праслаўлены быў Сын Божы праз яе.
5
А Іісус любiў Марфу, i сястру яе, i Лазара;
6
калi ж пачуў, што той хворы,
тады прабыў у тым месцы, дзе знаходзiўся, два днi;
7
пасля гэтага кажа вучням: пойдзем у Іудзею зноў.
8
Кажуць Яму вучнi:
Равві! нядаўна Іудзеі шукалi пабiць Цябе камянямі,
i Ты зноў iдзеш туды?
9
Адказаў Іісус: хiба не дванаццаць гадзiн у дні?
хто ходзiць удзень, той не спатыкаецца,
бо святло свету гэтага бачыць;
10
а хто ходзiць уначы, той спатыкаецца,
бо няма святла ў iм.
11
Сказаў Ён гэта
і потым гаворыць iм: Лазар, друг наш, заснуў,
але Я iду, каб разбудзiць яго.
12
Сказалi тады вучнi Яго:
Госпадзі! калi заснуў, то выздаравее.
13
Гаварыў Іісус пра смерць яго;
а яны думалi, што Ён гаворыць пра спачынак у сне.
14
Тады сказаў iм Іісус адкрыта: Лазар памёр;
15
i Я рады за вас, што Мяне там не было, каб вы ўверавалi;
але пойдзем да яго.
16
Тады Фама, якога называлі Блiзнюк,
сказаў іншым вучням: пойдзем i мы, каб памерцi з Ім.
17
Прыйшоўшы, Іісус даведаўся,
што Лазар ужо чатыры днi ў магiле.
18
Вiфанiя ж была блiзка ад Іерусалiма, стадыяў за пятнаццаць,
19
і многія з Іудзеяў папрыходзілі да Марфы і Марыi,
каб суцешыць iх у смутку па браце iх.
20
Марфа, калі пачула, што Іісус ідзе, пайшла насустрач Яму;
Марыя ж дома сядзела.
21
Сказала тады Марфа Іісусу:
Госпадзі! калі б Ты быў тут, брат мой не памёр бы;
22
але я i цяпер ведаю,
што ўсё, чаго Ты папросiш у Бога, дасць Табе Бог.
23
Кажа ёй Іісус: уваскрэсне брат твой.
24
Кажа Яму Марфа:
ведаю, што ўваскрэсне ў час уваскрасення, у апошнi дзень.
25
Сказаў ёй Іісус: Я — уваскрасенне i жыццё;
хто веруе ў Мяне, калі i памрэ, будзе жыць;
26
і кожны, хто жыве і веруе ў Мяне, не памрэ давеку.
Ты верыш у гэта?
27
Яна кажа Яму: так, Госпадзі!
я ўверавала, што Ты Хрыстос, Сын Божы, Які прыходзіць у свет.
28
І сказаўшы гэта,
яна пайшла i ўпотай паклiкала Марыю, сястру сваю,
кажучы: Настаўнік тут і клiча цябе.
29
Тая, як толькi пачула,
устала спешна i пайшла да Яго.
30
Іісус яшчэ не ўвайшоў у паселішча,
а быў на тым месцы, дзе сустрэла Яго Марфа.
31
Іудзеі ж, якія былi з ёю ў доме i суцяшалi яе,
убачыўшы, як Марыя ўстала спешна i выйшла, пайшлi за ёю,
кажучы, што яна ідзе на магiлу, каб плакаць там.
32
А Марыя, калі прыйшла туды, дзе быў Іісус,
убачыўшы Яго, упала Яму ў ногі i сказала Яму:
Госпадзі! калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой.
33
Іісус жа, калі ўбачыў,
што яна плача і плачуць Іудзеі, якія прыйшлі з ёю,
Сам узрушыўся духам i расхваляваўся,
34
і сказаў: дзе вы паклалi яго?
Кажуць Яму: Госпадзі! пайдзi і паглядзi.
35
Праслязіўся Іісус;
36
гаварылi тады Іудзеі: бач, як Ён любiў яго!
37
А некаторыя з iх казалi: хiба не мог Ён,
Які адкрыў вочы сляпому, зрабiць, каб i гэты не памёр?
38
Іісус жа, зноў узрушаны ў Сабе, падыходзіць да магiлы.
Гэта была пячора, і камень ляжаў на ёй.
39
Кажа Іісус: адыміце камень.
Кажа Яму сястра памерлага, Марфа:
Госпадзі, ужо смярдзiць,
бо чацвёрты дзень ляжыць.
40
Кажа ёй Іісус: цi не гаварыў Я табе,
што, калi ўверуеш, то ўбачыш славу Божую?
41
Тады аднялі камень ад пячоры, дзе ляжаў памерлы.
Іісус жа ўзвёў вочы ўгару i сказаў:
Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне;
42
Я і ведаў, што Ты заўсёды Мяне чуеш,
але сказаў гэта дзеля людзей, якія стаяць вакол,
каб яны ўверавалi, што Ты Мяне паслаў.
43
I сказаўшы гэта,
Ён моцным голасам усклікнуў: Лазар! выйдзi сюды.
44
I выйшаў памерлы,
абвіты па нагах і руках пахавальным палатном,
i твар яго быў абвязаны хустаю.
Кажа iм Іісус: развяжыце яго i пусціце, няхай ідзе.
45
Тады многiя з Іудзеяў, якія прыйшлi да Марыi
і ўбачылі, што зрабіў Іісус, уверавалi ў Яго;
46
а некаторыя з iх пайшлi да фарысеяў
i сказалi iм, што зрабiў Іісус.
47
Сабралі тады першасвятары і фарысеi раду
i гаварылі: што нам рабiць?
Чалавек Гэты многа цудаў робiць;
48
калi пакiнем Яго так, то ўсе ўверуюць у Яго;
i прыйдуць Рымляне і захопяць месца наша i народ.
49
Адзiн жа з iх, нехта Каіафа,
якi быў першасвятаром у той год,
сказаў iм: вы не ведаеце нiчога
50
i не разумееце, што лепш нам,
каб адзiн чалавек памёр за людзей,
а не ўвесь народ загiнуў.
51
Гэта ж ён не ад сябе сказаў,
а, паколькі быў першасвятаром у той год,
прарочыў, што Іісусу належала памерці за народ,
52
і не толькi за народ,
але каб i параскіданых дзяцей Божых сабраць у адно.
53
З таго дня яны пастанавiлi забiць Яго.
54
Таму Іісус ужо не хадзiў адкрыта сярод Іудзеяў,
а пайшоў адтуль у краiну каля пустынi,
у горад, называны Ефраiм,
i там застаўся з вучнямi Сваiмi.
55
А набліжалася Пасха Іудзейская,
i прыйшлі многія ў Іерусалiм з усёй краіны перад Пасхаю,
каб ачысцiцца.
56
Шукалi тады Іісуса
i гаварылi памiж сабою, стоячы ў храме:
як вы думаеце, цi не прыйдзе Ён на свята?
57
А першасвятары i фарысеi далі загад:
калі хто даведаецца, дзе Ён, няхай данясе,
каб схапіць Яго.