1
Іісус жа за шэсць дзён да Пасхi прыйшоў у Вiфанiю,
дзе быў Лазар памерлы, якога Ён уваскрасiў з мёртвых.
2
І прыгатавалі Яму вячэру там,
i Марфа прыслугоўвала,
а Лазар быў адным з тых, што ўзляжалі з Ім.
3
Марыя ж, узяўшы фунт міра з нарду чыстага, шматкаштоўнага,
памазала ногi Іісусавы i выцерла валасамi сваiмi ногi Яго,
i дом напоўнiўся духмянасцю мiра.
4
Тады кажа адзiн з вучняў Яго, Іуда Сіманаў Іскарыёт,
якi меўся выдаць Яго:
5
чаму гэтае міра не прадалi за трыста дынарыяў
i не раздалi ўбогiм?
6
Сказаў жа ён гэта не таму, што клапацiўся пра ўбогiх,
а таму, што быў злодзеем
i, маючы скарбонку, краў тое, што туды клалi.
7
Сказаў тады Іісус: пакiнь яе,
каб на дзень пахавання Майго яна захавала гэта,
8
таму што ўбогiх заўсёды маеце з сабою, а Мяне не заўсёды маеце.
9
Даведалася ж мноства народу з Іудзеяў, што Ён там,
i папрыходзілi не толькi дзеля Іісуса,
але i каб пабачыць Лазара,
якога Ён уваскрасiў з мёртвых.
10
А першасвятары пастанавiлi i Лазара забiць,
11
бо многія з Іудзеяў дзеля яго прыходзiлi
i веравалi ў Іісуса.
12
На другі дзень мноства людзей, якія прыйшлі на свята,
пачуўшы, што Іісус iдзе ў Іерусалiм,
13
узялi пальмавыя галіны
i выйшлi насустрач Яму, i ўсклікалi: Асанна!
Благаславёны Той, Хто прыходзіць у iмя Гасподняе, Цар Ізраiлеў!
14
Іісус жа, знайшоўшы асляня, сеў на яго,
як напiсана:
15
"не бойся, дачка Сіёна!
вось Цар твой iдзе, седзячы на маладым асле".
16
Гэтага спачатку не зразумелi вучнi Яго,
а калі праслаўлены быў Іісус, тады яны ўспомнiлi,
што гэта было пра Яго напiсана i гэта зрабiлi Яму.
17
Народ жа, якi быў з Ім раней, сведчыў,
што Ён выклiкаў Лазара з магiлы i ўваскрасiў Яго з мёртвых;
18
таму і выйшаў насустрач Яму народ,
бо чуў, што Ён зрабiў гэты цуд.
19
А фарысеi гаварылi мiж сабою:
бачыце, што нiчога не дапамагае?
вось, увесь свет за Ім пайшоў.
20
Былi i некаторыя Эліны сярод тых,
што прыйшлі, каб пакланіцца ў свята;
21
яны падышлi да Фiлiпа, які быў з Вiфсаiды Галiлейскай,
i прасiлi яго, кажучы: спадар, мы хочам Іісуса бачыць.
22
Прыходзіць Фiлiп i кажа пра гэта Андрэю;
а потым Андрэй і Фiлiп кажуць Іісусу.
23
Іісус жа сказаў iм у адказ:
надышоў час быць праслаўленым Сыну Чалавечаму;
24
праўду, праўду кажу вам:
калi зерне пшанiчнае, упаўшы ў зямлю, не памрэ,
то яно застанецца адно,
а калi памрэ, то багаты плён дасць;
25
хто любiць душу сваю, той загубiць яе,
а хто ненавiдзiць душу сваю ў свеце гэтым,
для жыцця вечнага захавае яе;
26
калі хто Мне служыць, няхай iдзе ўслед за Мною;
i дзе Я, там i слуга Мой будзе;
i калі хто Мне служыць, ушануе яго Айцец Мой;
27
цяпер душа Мая ўстрывожана;
i што Мне сказаць?
Ойча, збаў Мяне ад гадзіны гэтай!
але дзеля гэтага Я прыйшоў, на гадзіну гэтую;
28
Ойча, праслаў iмя Тваё!
Прыйшоў тады голас з неба:
i праславiў, i яшчэ праслаўлю.
29
Народ жа, якi стаяў i чуў тое, казаў: гэта гром.
Іншыя казалi: Ангел прамаўляў да Яго.
30
На гэта Іісус сказаў:
не дзеля Мяне быў голас гэты, а дзеля вас;
31
цяпер суд свету гэтаму;
цяпер князь свету гэтага выгнаны будзе вон;
32
і калі Я буду ўзнесены ад зямлі, усiх прыцягну да Сябе.
33
Гэта Ён гаварыў, указваючы, якою смерцю Ён мае памерцi.
34
Адказаў Яму народ:
мы чулi з закону, што Хрыстос застаецца на векі;
дык як жа Ты кажаш, што ўзнесены павінен быць Сын Чалавечы?
хто Гэты Сын Чалавечы?
35
Сказаў iм тады Іісус: яшчэ на малы час святло з вамi;
хадзiце, пакуль святло маеце, каб цемра вас не агарнула;
а хто ходзiць у цемры, той не ведае, куды ідзе;
36
Пакуль святло маеце, веруйце ў святло, каб стаць сынамi святла.
Прамовіў гэта Іісус і, адышоўшы, скрыўся ад iх.
37
І хоць гэтулькі цудаў зрабiў Ён перад iмi, яны не веравалi ў Яго,
38
каб збылося слова Ісаіi прарока,
якi казаў: Госпадзі! хто паверыў пачутаму ад нас,
i рука Гасподняя каму адкрылася?
39
З-за таго не маглi яны вераваць,
што, як яшчэ сказаў Ісаія:
40
Ён асляпiў вочы iх i скамяніў сэрцы iх,
каб не бачылi вачыма i не разумелi сэрцам,
i не звярнулiся, каб Я ацаліў iх.
41
Гэта сказаў Ісаія, калi бачыў славу Яго i гаварыў пра Яго.
42
Аднак жа i з начальнiкаў многiя ўверавалi ў Яго,
але з-за фарысеяў не прызнавалiся,
каб іх не адлучылі ад сінагогі,
43
бо яны ўзлюбiлi больш славу чалавечую, чым славу Божую.
44
Іісус жа ўсклікнуў i сказаў:
хто веруе ў Мяне, не ў Мяне веруе,
а ў Таго, Хто паслаў Мяне;
45
і хто бачыць Мяне, бачыць Таго, Хто паслаў Мяне;
46
Я — святло, у свет прыйшоў,
каб кожны, хто веруе ў Мяне, не застаўся ў цемры;
47
і калi хто пачуе словы Мае i не паверыць, Я не суджу яго,
бо Я прыйшоў не судзiць свет, але збавіць свет;
48
хто адвяргае Мяне i не прымае слоў Маiх,
мае суддзю сабе: слова, якое Я прамаўляў,
яно будзе судзiць яго ў апошнi дзень;
49
бо Я не ад Сябе прамаўляў,
а Айцец, Які паслаў Мяне,
Ён Мне запаведзь даў, што казаць i што прамаўляць;
50
і Я ведаю, што запаведзь Яго ёсць жыццё вечнае;
таму тое, што Я кажу, як сказаў Мне Айцец, так і кажу.