1
Я — сапраўдная вiнаградная Лаза,
а Айцец Мой — Вiнаградар;
2
усякую галiну на Мне, якая не прыносіць плоду, Ён адсякае;
i ўсякую, што прыносіць плод, ачышчае,
каб большы плод прыносіла.
3
Вы ўжо ачышчаны праз слова, якое Я гаварыў вам.
4
Будзьце ўва Мне, i Я ў вас.
Як галiна не можа прыносіць плоду сама па сабе,
калi не будзе на лазе, так i вы, калi ўва Мне не будзеце.
5
Я — вінаградная Лаза, вы — галiны;
хто знаходзіцца ўва Мне, а Я ў iм, той прыносiць многа плоду,
бо без Мяне не можаце рабiць нiчога;
6
хто не будзе ўва Мне,
той будзе выкiнуты вон, як галiна, i засохне;
і збiраюць іх, i кiдаюць у агонь, i яны згараюць;
7
калi будзеце ўва Мне i словы Мае ў вас будуць,
тады чаго хочаце прасіце, i будзе вам;
8
тым праславiцца Айцец Мой,
калi вы многа плоду прынесяце i будзеце Маiмi вучнямi.
9
Як узлюбiў Мяне Айцец, так і Я ўзлюбiў вас;
будзьце ў любовi Маёй;
10
калi вы запаведзi Мае выканаеце, то будзеце ў любовi Маёй,
як i Я запаведзі Айца Майго выканаў i знаходжуся ў Яго любовi;
11
гэта сказаў Я вам, каб радасць Мая ў вас была
i каб радасць ваша была поўная;
12
вось запаведзь Мая:
каб вы любілі адзін аднаго, як Я ўзлюбіў вас;
13
большай любові ні ў кога няма,
як тая, калi хто душу сваю паложыць за сяброў сваiх.
14
Вы сябры Мае,
калi робіце тое, што Я запаведую вам;
15
Я ўжо не называю вас рабамі,
бо раб не ведае, што робiць гаспадар яго;
а Я назваў вас сябрамі,
бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я паведаў вам;
16
не вы Мяне выбралi, а Я вас выбраў
i паставiў вас, каб вы iшлi i плод прыносiлi,
i плод ваш заставаўся;
каб, чаго ні папросiце ў Айца ў iмя Маё, Ён даў вам.
17
Гэта запаведую вам:
каб любілі адзiн аднаго;
18
калi свет вас ненавiдзiць,
ведайце, што Мяне ён перш чым вас узненавiдзеў;
19
калi б вы ад свету былi, то свет любiў бы сваё;
але паколькі вы не ад свету, а Я выбраў вас ад свету,
таму ненавiдзiць вас свет.
20
Памятайце слова, якое Я сказаў вам:
раб не большы за гаспадара свайго;
калi Мяне гналі, і вас будуць гнаць;
калi Маё слова выконвалі, i ваша будуць выконваць;
21
але ўсё гэта будуць рабіць вам за iмя Маё,
бо не ведаюць Таго, Хто паслаў Мяне;
22
калi б Я не прыйшоў i не гаварыў iм, то не мелi б граху;
а цяпер не маюць апраўдання за грэх свой;
23
хто ненавідзіць Мяне, той і Айца Майго ненавідзіць;
24
калі б Я сярод іх не зрабіў спраў, якіх ніхто іншы не рабіў,
то граху не мелi б яны;
цяпер жа i бачылi, i ўзненавiдзелi Мяне i Айца Майго;
25
але няхай збудзецца слова, напiсанае ў законе iх:
"узненавiдзелi Мяне без прычыны".
26
Калi ж прыйдзе Уцяшыцель,
Якога Я пашлю вам ад Айца,
Дух Ісціны, Якi ад Айца зыходзiць,
Ён будзе сведчыць пра Мяне,
27
і вы сведчыце,
таму што вы ад пачатку са Мною.