1
Сказаўшы гэта,
Іісус выйшаў з вучнямi Сваiмi на той бок патоку Кедрон,
дзе быў сад, у якi ўвайшоў Ён Сам i вучнi Яго;
2
ведаў жа гэтае месца i Іуда, які выдаў Яго,
бо там часта збiраўся Іісус з вучнямі Сваімі;
3
і вось Іуда, узяўшы атрад воінаў і служыцеляў
ад першасвятароў i фарысеяў,
прыходзіць туды з факеламi, і лiхтарамi, i зброяй.
4
Іісус жа, ведаючы ўсё, што з Ім будзе,
выйшаў i сказаў iм: каго шукаеце?
5
Адказалi Яму: Іісуса Назарэя.
Кажа iм Іісус: гэта Я.
Стаяў жа з iмi i Іуда, які выдаў Яго;
6
і калi Іісус сказаў iм: "гэта Я",
яны адступiлi назад i ўпалi на зямлю.
7
Ён зноў спытаўся ў iх: каго шукаеце?
Яны сказалi: Іісуса Назарэя.
8
Адказаў Іісус: Я сказаў вам, што гэта Я;
дык вось, калi Мяне шукаеце, пакіньце iх, няхай ідуць, —
9
каб споўнiлася слова, якое Ён сказаў:
з тых, каго Ты даў Мне, Я не загубiў нiкога.
10
Тады Сіман Пётр, маючы меч, выняў яго
і ўдарыў першасвятаровага раба
i адсек яму правае вуха;
імя раба было Малх;
11
але Іісус сказаў Пятру: укладзі меч у ножны;
чашу, якую даў Мне Айцец, няўжо Я не буду піць яе?
12
Тады атрад воінаў i тысячаначальнiк, i служыцелі Іудзейскія
ўзялi Іісуса і звязалi Яго,
13
i павялi Яго спачатку да Анны,
бо ён быў цесцем Каіафы,
якi быў першасвятаром у той год;
14
гэта быў той Каіафа, якi даў параду Іудзеям,
што лепш, каб адзiн чалавек памёр за народ.
15
За Іісусам iшоў Сіман Пётр i другi вучань;
вучань жа той быў знаёмы першасвятару
і ён увайшоў з Іісусам у двор першасвятара,
16
а Пётр стаяў каля дзвярэй звонку.
Выйшаў тады вучань той, які быў знаёмы першасвятару,
i сказаў прыдзвернiцы,
i ўвёў Пятра.
17
Кажа тут служанка-прыдзвернiца Пятру:
i ты цi не з вучняў Гэтага Чалавека?
Ён сказаў: не.
18
І стаялi рабы i служыцелі,
расклаўшы вогнішча, таму што было холадна, і грэлiся;
з iмi Пётр таксама стаяў i грэўся.
19
Першасвятар жа спытаўся ў Іісуса
пра вучняў Яго i пра вучэнне Яго.
20
Адказаў яму Іісус: Я адкрыта гаварыў свету;
Я заўсёды навучаў у сінагогах i ў храме,
дзе заўсёды збіраюцца Іудзеі,
i тайна не гаварыў нiчога;
21
чаму ты ў Мяне пытаешся?
спытайся ў тых, якія чулі, што Я гаварыў iм;
вось яны ведаюць, што Я казаў.
22
Калі Ён сказаў гэта,
адзiн са служыцеляў, што блiзка стаяў, ударыў Іісуса па шчацэ
i сказаў: так Ты адказваеш першасвятару?
23
Адказаў яму Іісус: калi Я дрэнна сказаў, засведчы, што дрэнна;
а калi добра, чаму ты б’еш Мяне?
24
Тады Анна паслаў Яго, звязанага, да першасвятара Каіафы.
25
А Сіман Пётр стаяў i грэўся.
Сказалі тады яму: i ты цi не з вучняў Яго?
Ён адрокся i сказаў: не.
26
Кажа адзiн з рабоў першасвятара,
сваяк таго, якому Пётр адсек вуха:
хiба я не бачыў цябе з Ім у садзе?
27
Пётр iзноў адрокся;
i адразу певень заспяваў.
28
Тады вядуць Іісуса ад Каіафы ў прэторыю.
Была ранiца,
i яны не ўвайшлi ў прэторыю, каб не апаганіцца,
але каб можна было есцi пасху.
29
Выйшаў Пiлат да iх i сказаў:
якое абвiнавачанне выстаўляеце вы супраць Гэтага Чалавека?
30
У адказ яны сказалi яму:
калi б Ён не быў злачынцам, мы не выдалi б Яго табе.
31
Тады сказаў iм Пiлат: вазьміце Яго вы
i па закону вашаму судзiце Яго.
Сказалi яму Іудзеі: нам не дазваляецца караць смерцю нiкога, —
32
каб споўнілася слова Іісуса, якое Ён сказаў,
указваючы, якою смерцю Ён мае памерцi.
33
Увайшоў тады зноў Пiлат у прэторыю, i паклiкаў Іісуса,
і сказаў Яму: Ты Цар Іудзейскi?
34
Адказаў яму Іісус: ты ад сябе гэта гаворыш,
цi іншыя сказалi табе пра Мяне?
35
Адказаў Пiлат: хіба я Іудзей?
народ Твой i першасвятары выдалi Цябе мне;
што Ты зрабiў?
36
Адказаў Іісус: Царства Маё не ад гэтага свету;
калi б ад гэтага свету было Царства Маё,
то слугi Мае змагаліся б за тое,
каб Мяне не выдалi Іудзеям.
Але цяпер Царства Маё не адгэтуль.
37
Тады сказаў Яму Пiлат: дык Ты Цар?
Адказаў Іісус: ты кажаш, што Я Цар;
Я на тое нарадзiўся i на тое прыйшоў у свет,
каб сведчыць пра ісціну;
і кожны, хто ад ісціны, слухаецца голасу Майго.
38
Кажа Яму Пiлат: што ёсць ісціна?
I, прамовіўшы гэта, ён зноў выйшаў да Іудзеяў
i кажа iм: я нiякай вiны
39
ёсць жа звычай у вас,
каб кагосьці аднаго я адпускаў вам на Пасху;
хочаце, адпушчу вам Цара Іудзейскага?
40
Тады зноў закрычалi ўсе,
кажучы: не Яго, а Вараву.
А Варава быў разбойнік.