1
А ў першы дзень тыдня Марыя Магдалiна
прыходзiць рана, калі было яшчэ цёмна, да магiлы
i бачыць, што камень адвалены ад магiлы;
2
тады бяжыць яна i прыходзiць да Сімана Пятра
i да другога вучня, якога любiў Іісус,
i кажа iм: узялi Госпада з магiлы,
i не ведаем, дзе паклалi Яго.
3
Выйшаў тады Пётр i другi вучань,
i пайшлi да магiлы;
4
яны беглi абодва разам,
але другi вучань бег хутчэй за Пятра
i прыйшоў першым да магiлы,
5
i, нахiлiўшыся, бачыць, што ляжаць палотны;
аднак не ўвайшоў.
6
Прыходзiць тады Сіман Пётр услед за iм
i ўваходзiць у магiлу,
і бачыць, што ляжаць палотны
7
i што хуста, якая была на галаве Яго,
не з палотнамі ляжыць,
а асобна скручаная на іншым месцы.
8
Тады ўвайшоў i другi вучань, што першым прыйшоў да магiлы,
i ўбачыў ён, i ўвераваў;
9
бо яны яшчэ не ведалi з Пiсання,
што належыць Яму з мёртвых уваскрэснуць.
10
Тады пайшлi вучнi зноў да сябе.
11
Марыя ж стаяла звонку каля магiлы, плачучы;
i калі плакала, яна нахілілася да магiлы
12
і бачыць двух Ангелаў у белым адзеннi,
якія сядзяць адзiн у галавах, другi ў нагах,
дзе ляжала было Цела Іісусава.
13
I яны кажуць ёй: жанчына! чаго ты плачаш?
Яна кажа ім: узялi Госпада майго,
i не ведаю, дзе палажылi Яго.
14
Сказаўшы гэта, яна абярнулася назад
i ўбачыла, што стаiць Іісус,
але не пазнала, што гэта Іісус.
15
Кажа ёй Іісус: жанчына! чаго ты плачаш? каго шукаеш?
Яна, думаючы, што гэта садоўнiк, кажа Яму: гаспадар!
калi ты ўзяў Яго, скажы мне, дзе ты паклаў Яго,
i я вазьму Яго.
16
Кажа ёй Іісус: Марыя!
Яна, абярнуўшыся, кажа Яму: Раввуні!
(што значыць: Вучыцель!).
17
Кажа ёй Іісус: не дакранайся да Мяне,
бо Я яшчэ не ўзышоў да Айца Майго,
але ідзi да братоў Маiх i скажы iм:
узыходжу да Айца Майго i Айца вашага,
i Бога Майго i Бога вашага.
18
Прыходзіць Марыя Магдалiна і абвяшчае вучням,
што бачыла Госпада i што Ён гэта сказаў ёй.
19
I ўвечары таго ж першага дня тыдня,
калi дзверы там, дзе сабраліся вучнi,
былi замкнёныя з-за страху перад Іудзеямі,
прыйшоў Іісус i стаў пасярэдзiне,
i кажа iм: мiр вам!
20
I, сказаўшы гэта, паказаў iм рукi і бок Свой.
І ўзрадавалiся вучнi, убачыўшы Госпада.
21
Іісус жа зноў сказаў iм: мiр вам!
як паслаў Мяне Айцец, так i Я пасылаю вас.
22
Сказаўшы гэта, дзьмухнуў
i кажа iм: прымiце Духа Святога;
23
каму адпусцiце грахi, таму будуць адпушчаны;
на кiм пакiнеце, на тым застануцца.
24
А Фама, адзiн з дванаццаці, называны Блiзнюк,
не быў з iмi, калi прыходзiў Іісус;
25
казалi яму іншыя вучнi: мы бачылi Госпада.
Але ён сказаў iм: калi не ўбачу на руках Яго ран ад цвікоў
i не ўкладу пальца майго ў раны ад цвікоў,
i не ўкладу рукi маёй у бок Яго, не паверу.
26
I праз восем дзён зноў былі ў доме вучнi Яго
i Фама з iмi.
Прыходзіць Іісус, калі дзверы былі замкнёныя;
стаў пасярэдзiне i сказаў: мiр вам!
27
Потым кажа Фаме:
дай палец твой сюды i паглядзi на рукi Мае;
і дай руку тваю i ўкладзі ў бок Мой;
i не будзь няверуючым, а будзь веруючым.
28
У адказ Фама сказаў Яму: Гасподзь мой i Бог мой!
29
Кажа яму Іісус: ты ўвераваў, таму што ўбачыў Мяне;
блажэнныя тыя, якія не бачылі і ўверавалі.
30
Многа яшчэ зрабiў Іісус перад вучнямi Сваiмi і іншых цудаў,
пра якiя не напiсана ў кнiзе гэтай;
31
а гэта напiсана, каб вы ўверавалі,
што Іісус ёсць Хрыстос, Сын Божы,
i каб, веруючы, жыццё мелi ў iмя Яго.