1
Kалi ж даведаўся Іісус, што пачулі фарысеі пра тое,
што Іісус больш вучняў набывае i хрысціць, чым Іаан, —
2
хоць Сам Іісус не хрысціў, а вучні Яго, —
3
пакінуў Ён Іудзею i пайшоў зноў у Галілею.
4
А трэба было Яму праходзіць праз Самарыю.
5
Вось, прыходзіць Ён у горад Самарыйскі пад назвай Сiхар,
паблізу зямлі, якую даў Іакаў Іосіфу, сыну свайму;
6
і быў там калодзеж Іакава.
Іісус, стаміўшыся ад дарогі, сеў ля калодзежа;
было каля шостай гадзіны.
7
Прыходзіць жанчына з Самарыі набраць вады.
Кажа ёй Іісус: дай Мне піць.
8
Бо вучні Яго адышлі ў горад, каб купіць ежы.
9
Кажа Яму жанчына Самаранка:
як Ты, Іудзей, просіш піць у мяне, жанчыны Самаранскай?
бо Іудзеі ж не маюць зносін з Самаранамі.
10
У адказ Іісус сказаў ёй:
калі б ты ведала дар Божы,
i Хто Той, што кажа табе: "дай мне піць",
то ты сама прасіла б у Яго,
i Ён даў бы табе ваду жывую.
11
Кажа Яму жанчына:
Гаспадар! у Цябе і зачарпнуць няма чым, а калодзеж глыбокі;
адкуль жа ў Цябе вада жывая?
12
хіба Ты большы за айца нашага Іакава,
які даў нам гэты калодзеж
i сам з яго пiў, i сыны яго, i статак яго?
13
У адказ Іісус сказаў ёй:
кожны, хто п’е гэтую ваду, будзе адчуваць прагу зноў;
14
а хто будзе піць ваду, якую Я дам яму,
не сасмагне ніколі;
але вада, якую Я дам яму, стане ў ім крыніцаю вады,
што цячэ ў жыццё вечнае.
15
Кажа Яму жанчына: Гаспадар! дай мне гэтай вады,
каб мне не мець смагі i не прыходзіць сюды чэрпаць.
16
Кажа ёй Іісус: ідзі, пакліч мужа свайго i прыходзь сюды.
17
У адказ жанчына сказала Яму: у мяне няма мужа.
Кажа ёй Іісус: добра ты сказала, што ў цябе мужа няма;
18
бо пяць мужоў у цябе было,
i той, якога цяпер маеш, не муж табе;
гэта праўдзіва сказала ты.
19
Кажа Яму жанчына: Гаспадар! бачу, што Ты прарок;
20
айцы нашы на гары гэтай пакланяліся,
а вы кажаце, што ў Іерусаліме тое месца,
дзе належыць пакланяцца.
21
Кажа ёй Іісус:
жанчына, павер Мне, што настае час,
калі не на гары гэтай
i не ў Іерусаліме будзеце пакланяцца Айцу;
22
вы пакланяецеся таму, чаго не ведаеце;
мы пакланяемся таму, што ведаем,
бо збаўленне ад Іудзеяў;
23
але настае час, ды і цяпер ёсць,
калі ісцінныя паклоннікі будуць пакланяцца Айцу ў духу i ісціне,
бо такіх паклоннікаў Айцец і шукае Сабе;
24
Бог ёсць дух,
i тыя, што пакланяюцца Яму, павінны пакланяцца ў духу i ісціне.
25
Кажа Яму жанчына: ведаю, што прыйдзе Месія, Якога называюць Хрыстос;
калі Ён прыйдзе, то абвесціць нам усё.
26
Кажа ёй Іісус: гэта Я, што размаўляю з табою.
27
У гэты час прыйшлі вучні Яго
i здзівіліся, што Ён размаўляе з жанчынаю,
але ні адзін не сказаў: што Табе трэба?
ці: пра што Ты размаўляеш з ёю?
28
Пакінула тады жанчына сваю пасудзіну для вады і пайшла ў горад,
і кажа людзям:
29
ідзіце і пабачце Чалавека,
Які сказаў мне пра ўсё, што я зрабіла:
ці не Хрыстос Ён?
30
Яны выйшлі з горада i пайшлі да Яго.
31
Між тым прасілі Яго вучні, кажучы: Раввi! еш.
32
Ён жа сказаў ім: у Мяне ёсць ежа, каб есці, якой вы не ведаеце.
33
Тады вучні гаварылі паміж сабою: хіба нехта прынёс Яму есці?
34
Кажа ім Іісус:
Мая ежа — тое, каб здзяйсняць волю Таго, Хто паслаў Мяне
i завяршыць справу Яго.
35
Ці не кажаце вы, што яшчэ чатыры месяцы, i настане жніво?
Дык вось, кажу вам: узвядзіце вочы вашы
i паглядзіце на нівы, як яны ўжо пабялелі для жніва;
36
і хто жне, той атрымлівае ўзнагароду i збірае плён у жыццё вечнае,
каб i той, хто сее, i той, хто жне, разам радаваліся;
37
бо тут апраўдваецца выслоўе:
адзін сее, а другі жне;
38
Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі:
іншыя працавалі, а вы ўвайшлі ў працу iх.
39
З горада таго многія Самаране ўверавалі ў Яго
па слову жанчыны, якая сведчыла:
Ён сказаў мне пра ўсё, што я зрабіла.
40
Таму, калі прыйшлі да Яго Самаране,
то прасілі Яго пабыць у iх,
i Ён прабыў там два дні,
41
і намнога больш людзей уверавалі па слову Яго;
42
а жанчыне казалі: ужо не па твайму апавяданню веруем,
бо самі чулі i ведаем,
што гэта сапраўды Збавіцель свету, Хрыстос.
43
А праз два дні Ён адышоў адтуль
i пайшоў у Галілею;
44
бо Сам Іісус сведчыў,
што прарок на сваёй бацькаўшчыне пашаны не мае.
45
Kалi ж Ён прыйшоў у Галілею, то Галілеяне прынялі Яго,
бачыўшы ўсё, што зрабіў Ён у Іерусаліме на свята;
бо і яны хадзілі на свята.
46
Дык вось, прыйшоў зноў Іісус у Кану Галілейскую,
дзе ператварыў ваду ў віно.
І быў адзін царадворац,
сын якога быў хворы ў Капернауме.
47
Ён, пачуўшы, што Іісус прыйшоў з Іудзеі ў Галілею,
пайшоў да Яго і прасіў Яго прыйсці і ацаліць сына яго,
бо той быў пры смерці.
48
І сказаў яму Іісус:
калі знаменняў і цудаў не ўбачыце, вы не ўверуеце.
49
Кажа Яму царадворац:
Госпадзі! прыйдзі, пакуль не памерла дзіця маё.
50
Іісус кажа яму: ідзі, сын твой жывы.
І паверыў чалавек слову, якое сказаў яму Іісус,
і пайшоў.
51
І ўжо калі ён ішоў, рабы яго сустрэлі яго
і абвесцілі: сын твой жывы.
52
Тады ён спытаўся ў іх, у каторай гадзіне стала яму лягчэй;
і сказалі яму: учора ў сем гадзін гарачка пакінула яго.
53
Зразумеў тады бацька, што гэта было ў тую гадзіну,
калі Іісус сказаў яму: ідзі, сын твой жывы.
І ўвераваў сам і ўвесь дом яго.
54
Гэта ўжо другі цуд сатварыў Іісус,
прыйшоўшы з Іудзеі ў Галілею.