1
Пасля гэтага было свята Іудзейскае,
і прыйшоў Іісус у Іерусалім.
2
Ёсць жа ў Іерусаліме каля Авечых варот купальня,
што называецца па-яўрэйску Віфезда,
і мае пяць крытых хадоў;
3
у іх ляжала вялікае мноства хворых,
сляпых, кульгавых, ссохлых,
што чакалі руху вады;
4
бо Ангел Гасподні час ад часу сыходзіў у купальню
і ўзрушаў ваду;
і хто першы ўваходзіў у яе пасля ўзрушэння вады,
той выздараўліваў, якой бы хваробай ні быў апанаваны.
5
Быў жа тут нейкі чалавек,
што трыццаць восем гадоў пакутаваў ад хваробы сваёй.
6
Іісус, убачыўшы яго ляжачым
і даведаўшыся, што ўжо доўгі час ён хварэе,
кажа яму: хочаш стаць здаровым?
7
Адказаў Яму хворы: так, Гаспадар,
але не маю чалавека,
які апусціў бы мяне ў купальню, калі ўзрушыцца вада;
а пакуль я прыходжу, іншы сыходзіць раней за мяне.
8
Кажа яму Іісус: устань,
вазьмі пасцель тваю і хадзі.
9
І адразу выздаравеў чалавек;
і ўзяў пасцель сваю і пайшоў.
Была ж субота ў той дзень.
10
Таму казалі Іудзеі ацалёнаму: сёння субота,
і нельга табе браць пасцелі тваёй.
11
Ён адказаў ім: Той, Хто мяне ацаліў,
сказаў мне: "вазьмі пасцель тваю і хадзі".
12
Тады спыталіся ў яго: хто Той Чалавек,
Які сказаў табе: "вазьмі пасцель тваю і хадзі"?
13
Ацалёны ж не ведаў, хто Ён,
таму што Іісус скрыўся, бо натоўп быў на тым месцы.
14
Пасля таго Іісус сустрэў яго ў храме
і сказаў яму: вось, ты стаў здаровым;
больш не грашы, каб не здарылася з табою чаго горшага.
15
Пайшоў чалавек гэты і паведаміў Іудзеям:
гэта Іісус ацаліў мяне.
16
І таму Іудзеі сталі гнаць Іісуса і імкнуліся забіць Яго,
што Ён рабіў гэта ў суботу.
17
Іісус жа казаў ім:
Айцец Мой дагэтуль дзее, і Я дзею.
18
І з-за таго яшчэ больш імкнуліся Іудзеі забіць Яго,
што Ён не толькі парушаў суботу,
але і Айцом Сваім называў Бога, робячы Сябе роўным Богу.
19
На гэта Іісус сказаў ім: праўду, праўду кажу вам:
не можа Сын рабіць Сам ад Сябе нічога,
калі не будзе бачыць, што Айцец робіць,
бо што Ён робіць, тое і Сын робіць таксама;
20
бо Айцец любіць Сына і паказвае Яму ўсё, што Сам робіць;
і большыя за гэтыя пакажа Яму справы, так што вы дзівіцца будзеце;
21
бо як Айцец уваскрашае мёртвых і ажыўляе,
так і Сын ажыўляе, каго хоча;
22
бо Айцец і не судзіць нікога, але суд увесь аддаў Сыну,
23
каб усе шанавалі Сына, як шануюць Айца;
хто не шануе Сына, той не шануе і Айца, Які паслаў Яго.
24
Праўду, праўду кажу вам:
хто слухае слова Маё і верыць Таму, Хто паслаў Мяне,
мае жыццё вечнае і на суд не прыходзіць,
але перайшоў ад смерці ў жыццё.
25
Праўду, праўду кажу вам:
настае час, ды і цяпер ёсць,
калі мёртвыя пачуюць голас Сына Божага
і, пачуўшы, ажывуць,
26
бо як Айцец мае жыццё ў Самім Сабе,
так даў і Сыну жыццё мець у Сабе,
27
і ўладу даў Яму суд чыніць,
бо Ён ёсць Сын Чалавечы.
28
Не здзіўляйцеся гэтаму:
бо настае час,
калі ўсе, што ў магілах,
пачуюць голас Сына Божага,
29
і выйдуць тыя, што рабілі дабро, ва ўваскрасенне жыцця,
а тыя, што рабілі зло, ва ўваскрасенне суду.
30
Не магу Я рабіць Сам ад Сябе нічога.
Як чую, так суджу,
і суд Мой праведны,
бо не шукаю волі Маёй, але волі Айца, Які паслаў Мяне.
31
Калі б Я сведчыў пра Сябе,
то сведчанне Маё непраўдзівае;
32
іншы ёсць, які сведчыць пра Мяне,
і Я ведаю, што праўдзівае тое сведчанне,
якім Ён сведчыць пра Мяне;
33
вы пасылалі да Іаана,
і ён засведчыў пра ісціну.
34
Я не ад чалавека сведчанне прымаю,
але кажу гэта, каб вы збаўлены былі;
35
ён быў свяцільнікам, які гарэў і свяціў,
а вы хацелі пацешыцца нейкі час пры святле яго.
36
Але Я маю сведчанне, большае за Іаанава:
бо справы, што даў Мне Айцец, каб здзейсніць,
самі справы, якія Я раблю,
сведчаць пра Мяне, што Айцец паслаў Мяне,
37
і Айцец, Які паслаў Мяне, Сам засведчыў пра Мяне.
Вы ні голасу Яго ніколі не чулі, ні аблічча Яго не бачылі,
38
і не маеце слова Яго, якое было б у вас,
бо Таму, Каго Ён паслаў, вы не верыце.
39
Даследуйце Пісанні,
бо вы думаеце праз іх мець жыццё вечнае,
а яны сведчаць пра Мяне.
40
Але вы не хочаце прыйсці да Мяне, каб мець жыццё.
41
Славы ад людзей Я не прымаю,
42
але ведаю вас, што любові да Бога вы не маеце ў сабе.
43
Я прыйшоў у імя Айца Майго, і вы не прымаеце Мяне;
а калі іншы прыйдзе ў імя сваё, яго прымеце.
44
Як вы можаце вераваць,
калі славу адзін ад аднаго прымаеце,
а славы, якая ад Адзінага Бога, не шукаеце?
45
Не думайце, што Я буду абвінавачваць вас перад Айцом;
ёсць той, хто абвінавачвае вас, Маісей, на якога вы спадзеяцеся.
46
Бо калі б верылі вы Маісею, то верылі б і Мне,
бо ён пісаў пра Мяне.
47
Калі ж вы яго пісанням не верыце,
як Маім словам паверыце?