1
Пасля гэтага пайшоў Іісус
на той бок мора Галілейскага, Тыверыядскага;
2
і за Ім ішло мноства народу,
таму што бачылі цуды Яго, якія Ён рабіў над хворымі.
3
І ўзышоў на гару Іісус і там сядзеў з вучнямі Сваімі.
4
А набліжалася Пасха, свята Іудзейскае.
5
Іісус, узвёўшы вочы і ўбачыўшы, што мноства народу ідзе да Яго,
кажа Філіпу: дзе нам купіць хлеба, каб яны паелі?
6
Казаў жа Ён гэта, выпрабоўваючы яго,
бо Сам ведаў, што меўся зрабіць.
7
Адказаў Яму Філіп:
на дзвесце дынарыяў не хопіць ім хлеба,
каб кожны з іх хоць трохі атрымаў.
8
Кажа Яму адзін з вучняў Яго,
Андрэй, брат Сімана Пятра:
9
ёсць тут адзін хлопчык,
які мае пяць хлябоў ячменных і дзве рыбіны;
але што гэта для такога мноства?
10
І сказаў Іісус: загадайце людзям узлегчы.
Было ж многа травы на тым месцы.
І вось узляглі людзі ў колькасці каля пяці тысяч.
11
Узяў жа хлябы Іісус
і, узнёсшы падзяку, раздаў вучням,
а вучні — тым, што ўзляжалі;
таксама і рыбы, колькі хто хацеў;
12
і калі насыціліся,
сказаў вучням Сваім: збярыце кавалкі, якія засталіся,
каб нічога не прапала.
13
І сабралі яны
і напоўнілі дванаццаць кашоў
кавалкамі ад пяці хлябоў ячменных,
якія засталіся ў тых, што елі.
14
Тады людзі, якія бачылі цуд, зроблены Іісусам, сказалі:
Ён сапраўды Той Прарок, што павінен прыйсці ў свет.
15
Іісус жа, даведаўшыся,
што хочуць прыйсці, каб сілаю ўзяць Яго і зрабіць царом,
адышоў ізноў на гару адзін.
16
Калі ж настаў вечар, спусціліся вучні Яго да мора
17
і, увайшоўшы ў лодку, паплылі на той бок мора ў Капернаум.
І ўжо сцямнела, а Іісус не прыходзіў да іх;
18
і мора з-за таго, што дзьмуў моцны вецер, хвалявалася.
19
Праплыўшы каля дваццаці пяці ці трыццаці стадый,
яны ўбачылі Іісуса,
Які ішоў па моры і набліжаўся да лодкі,
і спалохаліся;
20
але Ён сказаў ім: гэта Я,
не бойцеся.
21
Яны хацелі ўзяць Яго ў лодку;
і адразу лодка прыстала да берага, куды яны плылі.
22
На другі дзень
народ, які стаяў па той бок мора,
убачыў, што там не было іншай лодкі,
апрача адной той, у якую ўвайшлі вучні Яго,
і што Іісус не ўваходзіў з вучнямі Сваімі ў лодку,
але вучні Яго адплылі адны;
23
і іншыя лодкі прыплылі з Тыверыяды
блізка да таго месца, дзе елі хлеб,
калі Гасподзь узнёс быў падзяку;
24
калі ўбачылі людзі,
што там няма ні Іісуса, ні вучняў Яго,
то ўвайшлі самі ў лодкі і паплылі ў Капернаум, шукаючы Іісуса,
25
і, знайшоўшы Яго на тым баку мора,
сказалі Яму: Равві! калі Ты сюды прыбыў?
26
У адказ ім Іісус сказаў: праўду, праўду кажу вам:
вы шукаеце Мяне не таму, што бачылі цуды,
а таму, што елі хлеб і насыціліся;
27
Дбайце не пра ежу тленную,
а пра ежу, што застаецца на жыццё вечнае,
якое дасць вам Сын Чалавечы,
бо Айцец вызначыў Яго пячаццю Сваёю, Бог.
28
Яны ж сказалі Яму:
што нам рабіць, каб здзяйсняць справы Божыя?
29
У адказ Іісус сказаў ім: вось справа Божая:
каб вы веравалі ў Таго, Каго паслаў Ён.
30
Яны ж сказалі Яму: якое Ты зробіш знаменне,
каб мы ўбачылі і паверылі Табе?
што Ты здзейсніш?
31
айцы нашы елі манну ў пустыні,
як напісана: "хлеб з неба даў ім есці".
32
Сказаў жа ім Іісус: праўду, праўду кажу вам:
не Маісей даў вам хлеб з неба,
а Айцец Мой дае вам з неба хлеб ісцінны;
33
бо хлеб Божы — гэта Той,
Хто сыходзіць з неба і дае жыццё свету.
34
Яны ж сказалі Яму:
Госпадзі! заўсёды давай нам хлеб гэты.
35
І сказаў ім Іісус: Я — хлеб жыцця;
хто прыходзіць да Мяне, не зведае голаду,
і хто веруе ў Мяне, не будзе мець смагі ніколі;
36
але Я сказаў вам, што і бачылі вы Мяне, і не веруеце;
37
усё, што дае Мне Айцец, да Мяне прыйдзе,
і таго, хто прыходзіць да Мяне, Я не выганю вон,
38
бо Я сышоў з неба не дзеля таго, каб чыніць волю Сваю,
але волю Айца, Які паслаў Мяне;
39
а воля Айца, Які паслаў Мяне, у тым,
каб з усяго, што Ён даў Мне, Я нічога не загубіў,
але ўваскрасіў гэта ў апошні дзень;
40
Воля Таго, Хто паслаў Мяне, у тым,
каб кожны, хто бачыць Сына і веруе ў Яго,
меў жыццё вечнае,
і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.
41
Абурыліся тады Іудзеі на Яго
за тое, што Ён сказаў: "Я ёсць хлеб, які сышоў з неба",
42
і гаварылі: ці не Іісус гэта, сын Іосіфаў,
бацьку і Маці Якога мы ведаем?
як жа Ён кажа: "з неба Я сышоў"?
43
На гэта Іісус сказаў ім: не абурайцеся паміж сабою;
44
ніхто не можа прыйсці да Мяне,
калі Айцец, Які паслаў Мяне, не прывядзе яго,
і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень;
45
напісана ў прарокаў: і будуць усе навучаны Богам.
Кожны, хто пачуў ад Айца і навучыўся, прыходзіць да Мяне;
46
гэта не значыць, што Айца бачыў нехта,
апрача Таго, Хто ад Бога:
Ён бачыў Айца.
47
Праўду, праўду кажу вам:
хто веруе ў Мяне, мае жыццё вечнае.
48
Я — хлеб жыцця;
49
айцы вашы елі манну ў пустыні і памерлі;
50
а хлеб, які сыходзіць з неба, такі,
што той, хто яго есць, не памрэ;
51
Я — хлеб жывы, які сышоў з неба;
хто есць хлеб гэты, жыць будзе вечна;
і хлеб, які Я дам, ёсць Плоць Мая,
якую Я аддам за жыццё свету.
52
І спрачаліся між сабою Іудзеі,
гаворачы: як можа Ён даць нам Плоць Сваю есці?
53
Іісус жа сказаў ім: праўду, праўду кажу вам:
калі не будзеце есці Плоці Сына Чалавечага і піць Крыві Яго,
то жыцця не будзеце мець у сабе;
54
хто есць Маю Плоць і п’е Маю Кроў, той мае жыццё вечнае,
і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень;
55
бо Плоць Мая сапраўды ёсць ежа,
і Кроў Мая сапраўды ёсць пітво;
56
Хто есць Маю Плоць і п’е Маю Кроў,
той ува Мне застаецца і Я ў ім;
57
як паслаў Мяне жывы Айцец і Я жыву Айцом,
так і той, хто есць Мяне, жыць будзе Мною;
58
гэта і ёсць хлеб, які сышоў з неба;
не так, як айцы вашы елі манну і памерлі;
хто есць хлеб гэты, жыць будзе вечна.
59
Гэта сказаў Ён у сінагозе, навучаючы ў Капернауме.
60
І многія з вучняў Яго, пачуўшы гэта, сказалі:
жудасныя гэта словы;
хто можа іх слухаць?
61
Іісус жа, ведаючы ў Сабе, што абураюцца гэтым вучні Яго,
сказаў ім: хіба гэта вас спакушае?
62
а што, калі ўбачыце Сына Чалавечага,
Які ўзыходзіць туды, дзе быў раней?
63
дух дае жыццё,
плоць не прыносіць ніякай карысці;
словы, якія Я кажу вам, ёсць дух і жыццё;
64
але ёсць сярод вас некаторыя, што не веруюць.
Бо ведаў ад пачатку Іісус,
хто няверуючыя і хто выдасць Яго,
65
і сказаў: дзеля таго Я і гаварыў вам,
што ніхто не можа прыйсці да Мяне,
калі не будзе яму дадзена Айцом Маім.
66
З таго часу многія з вучняў Яго адышлі
і ўжо не хадзілі з Ім.
67
Сказаў тады Іісус дванаццаці: ці не хочаце і вы адысці?
68
Адказаў Яму Сіман Пётр:
Госпадзі! да каго мы пойдзем?
Ты маеш словы жыцця вечнага,
69
і мы ўверавалі і спазналі,
што Ты Хрыстос, Сын Бога жывога.
70
Адказаў ім Іісус: ці не Я вас дванаццаць абраў?
але адзін з вас — дыявал.
71
Гаварыў жа Ён пра Іуду Сіманавага Іскарыёта,
бо той меўся выдаць Яго,
будучы адным з дванаццаці.