1
Іісус жа пайшоў на гару Елеонскую;
2
а раніцаю зноў прыйшоў у храм,
і ўсе людзі ішлі да Яго;
і Ён сеў і вучыў іх.
3
І прывялі кніжнікі і фарысеі да Яго жанчыну,
якую засталі за пралюбадзействам,
і, паставіўшы яе пасярэдзіне,
4
кажуць Яму: Настаўнік,
гэтую жанчыну засталі падчас пралюбадзейства;
5
у законе Маісей загадаў нам такіх пабіваць камянямі,
а Ты што скажаш?
6
Гаварылі ж яны гэта, спакушаючы Яго,
каб было ў чым абвінаваціць Яго.
Але Іісус, нізка нагнуўшыся,
пальцам пісаў на зямлі, не зважаючы на іх.
7
Калі ж яны працягвалі пытацца ў Яго,
Ён, разагнуўшыся, сказаў ім:
хто з вас без граху, няхай першы кіне камень у яе.
8
I зноў, нізка нагнуўшыся, пісаў на зямлі.
9
Яны ж, пачуўшы гэта і адчуваючы дакоры сумлення,
сталі выходзіць адзін за адным,
пачынаючы ад старэйшых і да апошніх;
і застаўся адзін Іісус і жанчына, што стаяла пасярэдзіне.
10
Іісус, разагнуўшыся і не ўбачыўшы нікога, акрамя жанчыны,
сказаў ёй: жанчына!
Дзе абвінаваўцы твае?
Ніхто цябе не асудзіў?
11
Яна адказала: ніхто, Госпадзі!
Сказаў ёй Іісус: і Я не асуджаю цябе;
ідзі і больш не грашы.
12
І зноў прамовіў да іх Іісус,
кажучы: Я святло свету;
хто пойдзе за Мною, той не будзе хадзіць у цемры,
а будзе мець святло жыцця.
13
Тады сказалі Яму фарысеі:
Ты Сам пра Сябе сведчыш;
сведчанне Тваё непраўдзівае.
14
На гэта Іісус сказаў ім:
калі Я і Сам сведчу пра Сябе,
то сведчанне Маё праўдзівае,
бо Я ведаю, адкуль Я прыйшоў і куды іду;
а вы не ведаеце, адкуль Я прыходжу і куды іду.
15
Вы па плоці судзіце;
Я не суджу нікога;
16
а калі і суджу Я, то суд Мой праўдзівы,
бо Я не адзін,
а Я і Айцец, Які паслаў Мяне;
17
і ў законе ж вашым напісана,
што сведчанне двух чалавек праўдзівае;
18
Я Сам сведчу пра Сябе,
і сведчыць пра Мяне Айцец, Які паслаў Мяне.
19
Тады сказалі Яму: дзе Айцец Твой?
Адказаў Іісус: вы не ведаеце ні Мяне, ні Айца Майго;
калі б вы Мяне ведалі, то ведалі б і Айца Майго.
20
Гэтыя словы гаварыў Іісус каля скарбніцы, вучачы ў храме;
і ніхто не схапіў Яго, бо яшчэ не прыйшоў час Яго.
21
І зноў сказаў ім Іісус: Я адыходжу,
і будзеце шукаць Мяне,
і памраце ў граху сваім;
куды Я іду, вы не можаце прыйсці.
22
Іудзеі тады гаварылі: ці не заб’е Ён Сам Сябе,
калі кажа: "куды Я іду, вы не можаце прыйсці"?
23
Ён сказаў ім: вы ад нізу, а Я з вышыні;
вы з гэтага свету, Я не з гэтага свету;
24
таму і сказаў Я вам, што памраце ў грахах сваіх;
бо калі не ўверуеце, што гэта Я, то памраце ў грахах сваіх.
25
Тады сказалі Яму: хто Ты?
І сказаў ім Іісус: Той, Хто ад пачатку, як і кажу вам;
26
многа маю Я пра вас гаварыць і судзіць;
але Той, Хто паслаў Мяне, ісцінны,
і што Я чуў ад Яго, тое і кажу свету.
27
Не зразумелі яны, што Ён гаварыў ім пра Айца.
28
І сказаў ім Іісус: калі ўздымеце Сына Чалавечага,
тады даведаецеся, што гэта Я і што ад Сябе Я нічога не раблю,
але як навучыў Мяне Айцец Мой, так і гавару;
29
і Той, Хто паслаў Мяне, са Мною;
Айцец не пакінуў Мяне аднаго,
бо Я заўсёды раблю ўгоднае Яму.
30
Калі Ён гаварыў гэта, многія ўверавалі ў Яго.
31
Казаў тады Іісус Іудзеям, якія ўверавалі ў Яго:
калі застаняцеся ў слове Маім, то вы сапраўды вучні Мае,
32
і спазнаеце ісціну,
і ісціна вызваліць вас.
33
Яны адказалі Яму: мы семя Аўраамава
і нікому не былі рабамі ніколі;
як жа Ты кажаш: "станеце вольнымі"?
34
Адказаў ім Іісус: праўду, праўду кажу вам:
кожны, хто грашыць, ёсць раб граху;
35
але раб не застаецца ў доме вечна —
сын застаецца вечна;
36
дык вось, калі Сын вызваліць вас,
то сапраўды вольнымі будзеце;
37
ведаю, што вы семя Аўраамава;
аднак вы шукаеце, як забіць Мяне,
бо слова Маё не ўмяшчаецца ў вас;
38
Я кажу тое, што бачыў у Айца Майго;
а вы робіце тое, што бачылі ў айца вашага.
39
Яны сказалі Яму ў адказ: айцец наш — Аўраам.
Кажа ім Іісус: калі б вы былі дзецьмі Аўраама,
то рабілі б учынкі Аўраамавы;
40
а цяпер шукаеце, як забіць Мяне,
Чалавека, што сказаў вам ісціну, якую чуў ад Бога;
Аўраам гэтага не рабіў;
41
вы робіце ўчынкі айца вашага.
На гэта сказалі Яму: мы не ад блуду народжаныя;
адзін Айцец у нас — Бог.
42
Сказаў жа ім Іісус:
калі б Бог быў Айцом вашым, то вы любілі б Мяне,
бо Я ад Бога выйшаў і прыйшоў;
бо не Сам ад Сябе Я прыйшоў, а Ён паслаў Мяне;
43
чаму вы не разумееце мовы Маёй?
бо не можаце чуць слова Майго;
44
вы — ад айца вашага дыявала,
і хочаце выконваць жаданні айца вашага;
ён быў чалавеказабойцам ад пачатку
і не ўстаяў у ісціне, таму што няма ісціны ў ім;
калі ён ілжэ, то сваё гаворыць,
45
а паколькі Я ісціну гавару, то не верыце Мне;
46
хто з вас выкрые Мяне ў няпраўдзе?
калі ж Я ісціну гавару, чаму вы не верыце Мне?
47
хто ад Бога, той словы Божыя слухае;
вы таму не слухаеце, што вы не ад Бога.
48
Адказалі на гэта Іудзеі і сказалі Яму:
хіба ня правільна мы кажам,
што Ты Самаранін і дэман у Табе?
49
Адказаў Іісус: ува Мне дэмана няма,
але Я шаную Айца Майго, а вы зневажаеце Мяне;
50
Я ж не шукаю славы Сваёй;
ёсць Той, Хто шукае і судзіць;
51
Праўду, праўду кажу вам:
хто захавае слова Маё, той не ўбачыць смерці давеку.
52
Тады сказалі Яму Іудзеі:
цяпер даведаліся мы, што ў Табе дэман:
Аўраам памёр і прарокі,
а Ты кажаш: "хто захавае слова Маё, той не спазнае смерці давеку";
53
няўжо Ты большы за айца нашага Аўраама, які памёр?
і прарокі памерлі;
каго Ты з Сябе робіш?
54
Адказаў Іісус: калі Я праслаўляю Сам Сябе, то слава Мая нішто;
ёсць Айцец Мой, Які праслаўляе Мяне,
Той, пра Каго вы гаворыце, што Ён Бог ваш;
55
і вы не пазналі Яго, а Я знаю Яго;
і калі Я скажу, што не знаю Яго, то буду падобны да вас ілгун;
але Я знаю Яго і захоўваю слова Яго;
56
Аўраам, айцец ваш, рады быў, што ўбачыць дзень Мой;
і ўбачыў, і ўзрадаваўся.
57
На гэта сказалі Яму Іудзеі:
Табе няма яшчэ пяцідзесяці гадоў,
і Ты бачыў Аўраама?
58
Сказаў ім Іісус: праўду, праўду кажу вам:
перш чым быў Аўраам, Я ёсць.
59
Тады ўзялі яны камяні, каб кінуць у Яго,
але Іісус знік і выйшаў з храма, прайшоўшы між імі;
і пайшоў так.