1
Паколькі ўжо многія ўзяліся складаць аповесць
пра падзеі, якія сярод нас адбыліся,
2
як перадалі нам тыя,
што ад пачатку былі відавочцамі і служыцелямі Слова,
3
прыйшло на думку і мне,
дакладна даследаваўшы ўсё ад пачатку,
паслядоўна апісаць табе, высокашаноўны Феофіле,
4
каб ты спазнаў цвёрдую аснову таго вучэння,
у якім быў настаўлены.
5
Быў у дні Ірада, цара Іудзейскага,
адзін святар імем Захарыя, з Авіевай чаргі;
і жонка яго з роду Ааронавага,
імя ёй Елісавета.
6
Былі яны абое праведныя перад Богам,
жывучы паводле ўсіх запаведзяў і ўстанаўленняў Гасподніх беззаганна.
7
І не мелі яны дзіцяці,
бо Елісавета была няплодная,
і абое былі ўжо на схіле гадоў сваіх.
8
І сталася:
калі ў парадку сваёй чаргі ён служыў перад Богам,
9
выпала яму, паводле звычаю святарскага,
кадзіць, увайшоўшы ў храм Гасподні,
10
а ўсё мноства людзей малілася звонку ў час каджэння;
11
і явіўся яму Ангел Гасподні,
стоячы справа ад кадзільнага ахвярніка.
12
І сумеўся Захарыя, убачыўшы,
і страх напаў на яго.
13
Але Ангел сказаў яму: не бойся, Захарыя,
бо пачута малітва твая,
і жонка твая Елісавета народзіць табе сына,
і назавеш яго імем Іаан,
14
і будзе табе радасць і весялосць,
і многія нараджэнню яго ўзрадуюцца;
15
бо ён будзе вялікі перад Госпадам;
і не будзе піць віна і сікеру;
і Духам Святым напоўніцца яшчэ ва ўлонні маці сваёй;
16
і многіх з сыноў Ізраілевых зверне да Госпада Бога іх;
17
і будзе ісці перад Ім у духу і сіле Іліі,
каб вярнуць сэрцы бацькоў да дзяцей,
і непакорлівых да мудрасці праведных,
каб падрыхтаваць Госпаду народ гатовы.
18
І сказаў Захарыя Ангелу: па чым я пазнаю гэта?
бо я стары, і жонка мая на схіле гадоў сваіх.
19
І сказаў яму Ангел у адказ: я Гаўрыіл, што стаю перад Богам
і пасланы гаварыць з табой і дабравесціць табе гэта;
20
і вось, будзеш маўчаць
і не зможаш гаварыць
да таго дня, калі збудзецца гэта,
за тое, што ты не паверыў словам маім,
якія здзейсняцца ў свой час.
21
І чакаў народ Захарыю
і здзіўляўся, што ён марудзіць у храме.
22
Ён жа, выйшаўшы, не мог гаварыць да іх;
і яны зразумелі, што ён бачыў відзенне ў храме;
а ён рабіў ім знакі, і заставаўся нямым.
23
І сталася: калі скончыліся дні служэння яго,
пайшоў ён у дом свой.
24
Пасля гэтых дзён зачала Елісавета, жонка яго ,
і таілася пяць месяцаў,
і гаварыла:
25
так зрабіў мне Гасподзь у дні,
калі спаглянуў,
каб зняць з мяне ганьбу сярод людзей.
26
А ў шосты месяц пасланы быў Ангел Гаўрыіл ад Бога
ў горад Галілейскі пад назвай Назарэт
27
да Дзевы, заручанай з мужам, імя якому Іосіф,
з дому Давідавага;
а імя Дзевы — Марыя.
28
І ўвайшоўшы да Яе, Ангел сказаў:
радуйся, Благадатная! Гасподзь з Табою;
благаславёная Ты сярод жанчын.
29
Яна ж, убачыўшы яго, збянтэжылася ад слова яго
і разважала, што ж гэта за вітанне.
30
І сказаў Ёй Ангел: не бойся, Марыя,
бо Ты знайшла благадаць у Бога.
31
І вось, зачнеш ва ўлонні,
і народзіш Сына,
і назавеш Яго імем Іісус.
32
Ён будзе вялікі, і Сынам Усявышняга будзе названы,
і дасць Яму Гасподзь Бог прастол Давіда, бацькі Яго;
33
і будзе царстваваць над домам Іакава давеку,
і Царству Яго не будзе канца.
34
І сказала Марыя Ангелу:
як будзе гэта, калі Я мужа не знаю?
35
Сказаў Ёй Ангел у адказ: Дух Святы найдзе на Цябе
і сіла Ўсявышняга ахіне Цябе;
таму і Святое, што народзіцца, Сынам Божым будзе названа;
36
і вось, Елісавета,
сваячка Твая,
і яна зачала сына ў старасці сваёй,
і гэта ўжо шосты месяц у яе, якую называюць няплоднай;
37
бо не застанецца бяссільным у Бога ніводнае слова.
38
Тады сказала Марыя: вось, Я — раба Гасподня;
няхай будзе Мне па слову твайму.
І адышоў ад Яе Ангел.
39
І ўстаўшы, Марыя ў тыя дні
пайшла з паспешнасцю ў горны край,
у горад Іудаў;
40
і ўвайшла ў дом Захарыі,
і павітала Елісавету.
41
І сталася: калі пачула Елісавета вітанне Марыіна,
устрапянулася дзіцятка ва ўлонні яе;
і напоўнілася Елісавета Духам Святым,
42
і ўсклікнула моцным голасам
і сказала: благаславёная Ты сярод жанчын
і благаславёны плод улоння Твайго!
43
І адкуль гэта мне,
што прыйшла Маці Госпада майго да мяне?
44
Бо, калі голас вітання Твайго дайшоў да вушэй маіх,
устрапянулася дзіцятка радасна ва ўлонні маім.
45
І блажэнная Тая, што паверыла,
бо збудзецца сказанае Ёй ад Госпада.
46
І сказала Марыя: велічае душа Мая Госпада,
47
і ўзрадаваўся дух Мой у Богу, Збавіцелі Маім,
48
што спаглянуў Ён на пакору Рабы Сваёй;
бо вось ад гэтага часу будуць зваць Мяне блажэннай усе роды;
49
бо ўчыніў Мне вялікае Моцны,
і святое імя Яго;
50
і міласэрнасць Яго ў роды родаў да тых, што баяцца Яго;
51
Ён праявіў сілу рукою Сваёю;
рассеяў ганарлівых думкамі сэрца іх;
52
скінуў моцных з прастолаў
і ўзнёс пакорлівых;
53
галодных здаволіў дабром,
а багатых адпусціў ні з чым;
54
прыхінуў Ізраіля, слугу Свайго,
памятаючы пра міласць, —
55
як гаварыў бацькам нашым, —
да Аўраама і семені яго давеку.
56
Прабыла ж Марыя з ёю каля трох месяцаў
і вярнулася ў дом Свой.
57
А Елісавеце настаў час радзіць,
і яна нарадзіла сына.
58
І пачулі суседзі і сваякі яе,
што прымножыў Гасподзь міласць Сваю да яе
і радаваліся з ёю.
59
І сталася: у восьмы дзень прыйшлі абрэзаць дзіця,
і хацелі назваць яго імем бацькі яго, Захарыем.
60
І, адказваючы, маці яго сказала: не, а названы будзе Іаанам.
61
І сказалі ёй: няма нікога ў радні тваёй,
хто б зваўся гэтым імем.
62
І знакамі пыталіся ў бацькі яго,
як бы ён хацеў, каб назвалі яго.
63
І, папрасіўшы дошчачку, ён напісаў: Іаан будзе імя яму.
І здзівіліся ўсе.
64
І адразу адкрыліся вусны яго і язык яго,
і ён стаў гаварыць, благаслаўляючы Бога.
65
І быў страх ва ўсіх, хто жыў вакол іх;
і па ўсім горным краі Іудзейскім расказвалі пра ўсё гэта.
66
І ўсе, хто чуў, паклалі гэта ў сэрцы сваім,
кажучы: што будзе з дзіцяці гэтага?
І рука Гасподня была з ім.
67
І Захарыя, бацька яго, напоўніўся Духам Святым
і прарочыў, кажучы:
68
благаславёны Гасподзь Бог Ізраілеў,
што наведаў народ Свой і выкупіў яго;
69
і ўзняў нам рог збаўлення ў доме Давіда, слугі Свайго,
70
як сказаў вуснамі святых Сваіх прарокаў адвеку,
71
што збавіць нас ад ворагаў нашых
і ад рукі ўсіх, хто ненавідзіць нас;
72
каб зрабіць міласць бацькам нашым і ўспомніць запавет Свой святы,
73
клятву, якой кляўся Ён Аўрааму, бацьку нашаму, каб даць нам,
74
вызваленым ад рукі ворагаў нашых, без боязі
75
служыць Яму ў святасці і праведнасці перад Ім
ва ўсе дні жыцця нашага.
76
І ты, дзіця, прарокам Усявышняга будзеш названа,
бо ты будзеш ісці перад абліччам Госпада,
каб падрыхтаваць шляхі Яму,
77
даць народу Яго спазнаць збаўленне ў адпушчэнні грахоў,
78
па сардэчнай міласці Бога нашага,
якою наведаў нас Усход з вышыні,
79
каб асвятліць тых, што сядзяць у цемры і цені смерці,
скіраваць ногі нашы на шлях міру.
80
Дзіця ж расло і ўмацоўвалася духам;
і было ў пустынях да дня з‘яўлення свайго Ізраілю.