1
Пасля гэтага
абраў Гасподзь і іншых семдзесят вучняў
і паслаў іх па двое перад абліччам Сваім
у кожны горад і месца, куды Сам збіраўся ісці,
2
і казаў ім: жніва многа, а работнікаў мала;
таму маліце Гаспадара жніва,
каб вывеў работнікаў на жніво Сваё.
3
Ідзіце!
вось Я пасылаю вас як ягнят пасярод ваўкоў.
4
Не бярыце з сабой ні мяшка, ні торбы, ні абутку
і нікога ў дарозе не вітайце.
5
Калі ж у які дом увойдзеце,
перш кажыце: мір дому гэтаму;
6
і калі там будзе сын міру, то спачне на ім мір ваш;
а калі не, то да вас вернецца;
7
і ў тым доме заставайцеся,
ешце і піце, што ў іх ёсць;
бо работнік дастойны ўзнагароды сваёй.
Не пераходзьце з дому ў дом.
8
І калі ў які горад прыйдзеце і прымуць вас,
ешце, што вам пададуць;
9
і ацаляйце хворых, якія ёсць там,
і кажыце ім: наблізілася да вас Царства Божае.
10
А калі ў які горад прыйдзеце і не прымуць вас,
то, выйшаўшы на вуліцы яго, скажыце:
11
і пыл, што прыстаў да нас з горада вашага, мы абтрасаем вам;
аднак тое ведайце, што наблізілася да вас Царства Божае;
12
кажу вам, што Садому ў дзень той лягчэй будзе,
чым гораду таму.
13
Гора табе, Харазіне! гора табе, Віфсаіда!
бо калі б у Тыры і Сідоне явіліся сілы, яўленыя ў вас,
яны б даўно ўжо, седзячы ў валасяніцы і попеле, пакаяліся;
14
але Тыру і Сідону лягчэй будзе на судзе, чым вам.
15
І ты, Капернауме,
што да неба ўзвысіўся, да пекла будзеш нізрынуты.
16
Хто слухае вас, Мяне слухае;
і хто адвяргае вас, Мяне адвяргае;
а хто адвяргае Мяне, адвяргае Таго, Хто паслаў Мяне.
17
Вярнуліся ж семдзесят з радасцю,
гаворачы: Госпадзі! і дэманы пакараюцца нам у імя Тваё.
18
Ён жа сказаў ім: бачыў Я сатану,
што як маланка з неба ўпаў;
19
Вось Я даю вам уладу
наступаць на змеяў і скарпіёнаў
і на ўсю сілу варожую,
і нішто не пашкодзіць вам;
20
аднак таму не радуйцеся, што духі вам пакараюцца,
а радуйцеся, што імёны вашы запісаны на нябёсах.
21
У той час узрадаваўся духам Іісус
і сказаў: слаўлю Цябе, Ойча, Госпадзі неба і зямлі,
што Ты ўтаіў гэта ад мудрых і разумных
і адкрыў гэта малым дзецям.
Так, Ойча! бо гэта было добраўгодна перад Табою.
22
І, павярнуўшыся да вучняў,
сказаў: усё Мне перададзена Айцом Маім,
і хто ёсць Сын, не ведае ніхто, акрамя Айца,
і хто ёсць Айцец, не ведае ніхто, акрамя Сына,
і каму Сын хоча адкрыць.
23
І, павярнуўшыся да вучняў, асобна сказаў:
блажэнныя вочы, якія бачаць тое, што вы бачыце;
24
бо кажу вам, што многія прарокі і цары
хацелі ўбачыць тое, што вы бачыце, і не ўбачылі,
і пачуць тое, што вы чуеце, і не пачулі.
25
І вось, устаў нейкі законнік
і, спакушаючы Яго, сказаў: Настаўнік!
Што мне рабіць, каб унаследаваць жыццё вечнае?
26
Ён жа сказаў яму: у законе што напісана? як чытаеш?
27
Той жа сказаў у адказ:
"узлюбі Госпада Бога твайго
ўсім сэрцам тваім,
і ўсёй душою тваёю,
і ўсёй сілаю тваёю,
і ўсім разуменнем тваім",
і "бліжняга твайго, як самога сябе".
28
Іісус сказаў яму: правільна ты адказаў;
рабі гэта, і будзеш жыць.
29
Але той, хочучы апраўдаць сябе,
сказаў Іісусу: а хто мой бліжні?
30
На гэта Іісус сказаў:
чалавек нейкі ішоў з Іерусаліма ў Іерыхон
і трапіў да разбойнікаў,
якія раздзелі яго і паранілі,
і пайшлі, пакінуўшы ледзь жывога.
31
Выпадкова адзін святар ішоў тою дарогаю
і, убачыўшы яго, прайшоў міма.
32
Таксама і левіт, быўшы на тым месцы,
падышоў і, убачыўшы, прайшоў міма.
33
А нейкі Самаранін, што быў ў дарозе, натрапіў на яго
і, ўбачыўшы яго, зжаліўся,
34
і, падышоўшы, перавязаў раны яго, узліваючы алей і віно;
і, пасадзіўшы яго на сваю жывёліну, прывёз яго ў гасцініцу
і паклапаціўся пра яго;
35
а на другі дзень, ад’язджаючы,
дастаў два дынарыі і даў гаспадару гасцініцы,
і сказаў яму: паклапаціся пра яго,
а калі болей што патраціш,
я, як вярнуся, аддам табе.
36
Каторы з гэтых трох, здаецца табе,
быў бліжнім таму, хто трапіў да разбойнікаў?
37
Ён сказаў: той, што ўчыніў міласць яму.
Сказаў жа яму Іісус: ідзі, і ты рабі гэтак.
38
І сталася: калі яны былі ў дарозе, зайшоў Ён у адно паселішча;
і жанчына нейкая, імем Марфа, прыняла Яго ў дом свой;
39
і была ў яе сястра, што звалася Марыя,
якая, сеўшы каля ног Іісуса, слухала слова Яго.
40
Марфа ж клапацілася, каб як найлепш услужыць,
і, падышоўшы, сказала: Госпадзі! ці ж не абыякава Табе,
што сястра мая адну мяне пакінула ўслужваць?
скажы ёй, каб дапамагла мне.
41
Іісус жа сказаў ёй у адказ: Марфа! Марфа!
ты клапоцішся і турбуешся пра многае,
42
а толькі адно патрэбна;
Марыя ж выбрала добрую долю,
якая не адымецца ў яе.