1
І сталася:
калі Ён маліўся ў адным месцы, і як перастаў,
нехта з вучняў Яго сказаў Яму: Госпадзі!
навучы нас маліцца, як і Іаан навучыў вучняў сваіх.
2
Ён жа сказаў ім: калі моліцеся, гаварыце:
Ойча наш, Які ў нябёсах!
няхай свяціцца імя Тваё;
няхай прыйдзе Царства Тваё;
няхай будзе воля Твая як на небе, і на зямлі;
3
хлеб наш надзённы давай нам кожны дзень;
4
і даруй нам грахі нашы,
бо і мы даруем кожнаму даўжніку нашаму;
і не ўвядзі нас у спакусу, але збаў нас ад злога.
5
І сказаў ім:
хтосьці з вас, маючы сябра,
прыйдзе да яго апоўначы
і скажа яму: дружа! пазыч мне тры хлябы,
6
бо сябар мой прыйшоў да мяне з дарогі,
і не маю чаго даць яму;
7
а той знутры скажа ў адказ:
не турбуй мяне, дзверы ўжо замкнёныя,
і дзеці мае пры мне ў пасцелі;
не магу я ўстаць і даць табе.
8
Кажу вам: калі ён не ўстане
і не дасць дзеля таго, што ён сябар яго,
то з-за неадступнасці яго ўстане
і дасць яму, колькі трэба.
9
І Я вам кажу:
прасіце, і дадзена будзе вам;
шукайце, і знойдзеце;
стукайцеся, і адчыняць вам;
10
бо кожны, хто просіць, атрымлівае,
і хто шукае, знаходзіць,
і, хто стукаецца, таму адчыняюць.
11
Хіба каторы бацька з вас,
калі сын папросіць у яго хлеба, падасць яму камень?
або папросіць рыбы, хіба замест рыбіны падасць яму змяю?
12
або, калі папросіць яйка, хіба падасць яму скарпіёна?
13
Дык вось, калі вы, будучы ліхімі,
умееце дары добрыя даваць дзецям вашым,
тым болей Айцец Нябесны дасць Духа Святога тым, хто просіць у Яго.
14
І выганяў Ён дэмана, які быў нямы;
і сталася: калі дэман выйшаў, нямы загаварыў,
і здзівіліся людзі.
15
Некаторыя ж з іх казалі:
сілаю вельзевула, князя дэманскага, Ён выганяе дэманаў.
16
А іншыя, спакушаючы, патрабавалі ад Яго знамення з неба.
17
Ён жа, ведаючы думкі іх, сказаў ім:
усякае царства, самое ў сабе раздзеленае, спусташаецца,
і дом на дом падае;
18
калі ж і сатана сам у сабе раздзеліцца,
то як устаіць царства яго?
а вы кажаце, што Я сілаю вельзевула выганяю дэманаў;
19
і калі Я сілаю вельзевула выганяю дэманаў,
то сыны вашы чыёю сілаю выганяюць?
Таму яны вам будуць суддзямі.
20
Калі ж Я пярстом Божым выганяю дэманаў,
значыць, прыйшло да вас Царства Божае.
21
Калі дужы, узброіўшыся, ахоўвае свой двор,
то ў бяспецы маёмасць яго;
22
калі ж дужэйшы за яго, напаўшы, пераможа яго,
то забярэ ўсю зброю яго, на якую той спадзяваўся,
і здабытае ў яго раздасць.
23
Хто не са Мной, той супраць Мяне,
і хто не збірае са Мною, той раскідае.
24
Калі нячысты дух выйдзе з чалавека,
то блукае па бязводных мясцінах, шукаючы спакою,
і, не знаходзячы, кажа:
вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў;
25
і, прыйшоўшы, застае яго падмеценым і прыбраным;
26
тады ідзе і бярэ сем іншых духаў, люцейшых за сябе,
і, увайшоўшы, жывуць там;
і бывае апошняе для чалавека таго горшым за першае.
27
І сталася: калі Ён гаварыў гэта,
адна жанчына з натоўпу, узвысіўшы голас, сказала Яму:
блажэннае ўлонне, якое насіла Цябе,
і грудзі, якія Ты ссаў.
28
А Ён сказаў: тым больш блажэнныя тыя,
што слухаюць слова Божае і выконваюць яго.
29
Калі ж стала збірацца ўсё больш народу,
Ён пачаў гаварыць: род гэты ліхі,
ён шукае знамення, ды знаменне не будзе дадзена яму,
акрамя знамення Іоны прарока;
30
бо як Іона быў знаменнем для Ніневіцянаў,
так будзе і Сын Чалавечы для роду гэтага.
31
Царыца Поўдня ўстане на судзе з мужамі роду гэтага
і асудзіць іх,
бо яна прыходзіла з краю зямлі паслухаць мудрасці Саламонавай,
і вось, тут большае за Саламона.
32
Мужы Ніневійскія ўстануць на судзе з родам гэтым
і асудзяць яго,
бо яны пакаяліся ад пропаведзі Іонавай,
і вось, тут большае за Іону.
33
Ніхто, запаліўшы свечку,
не ставіць яе ў патаемным месцы, ні пад пасудзінай,
а на падсвечніку, каб тыя, што ўваходзяць, бачылі святло.
34
Свяцільня целу ёсць вока;
калі вока тваё чыстае, то і ўсё цела тваё светлае;
калі ж ліхое, то і цела тваё цёмнае;
35
дык глядзі, каб святло, якое ў табе, не было цемрай.
36
Калі ж усё цела тваё светлае,
і не мае ніводнай цёмнай часткі,
то будзе яно светлае ўсё так,
як бы свяцільнік ззяннем асвятляў цябе.
37
Калі Ён сказаў гэта,
прасіў Яго адзін фарысей, каб Ён паабедаў у яго;
і Ён, увайшоўшы, узлёг.
38
Фарысей жа,
убачыўшы, здзівіўся, што Ён перш за ўсё не ўмыўся перад абедам.
39
А Гасподзь сказаў яму:
цяпер вы, фарысеі, звонку чашу і блюда ачышчаеце,
а нутро ваша поўнае драпежнасці і злобы.
40
Неразумныя!
ці ж не Той, Хто стварыў вонкавае, стварыў і ўнутранае?
41
Аднак падавайце міласціну з таго, што ўнутры;
тады ўсё для вас чыстае будзе.
42
Але гора вам, фарысеям,
што даяце дзесяціну з мяты і руты, і ўсялякай агародніны,
ды не дбаеце пра суд і любоў Божую;
гэта трэба было рабіць, і таго не пакідаць.
43
Гора вам, фарысеям,
што любіце наперадзе сядзець у сінагогах
і каб віталі вас на плошчах.
44
Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі,
што вы — як магілы непрыкметныя,
і людзі ходзяць зверху і не ведаюць.
45
У адказ нехта з законнікаў кажа Яму:
Настаўнік! гаворачы гэта, Ты і нас зневажаеш.
46
А Ён сказаў: і вам, законнікам, гора,
што абцяжарваеце людзей цяжарамі невыноснымі,
а самі ніводным пальцам сваім не дакранаецеся да цяжараў тых.
47
Гора вам, што будуеце грабніцы прарокам,
а бацькі вашы забілі іх;
48
значыць, вы сведчыце пра ўчынкі бацькоў вашых
і згаджаецеся з імі:
бо яны забілі іх, а вы будуеце ім грабніцы.
49
Таму і мудрасць Божая сказала:
пашлю да іх прарокаў і Апосталаў,
і некаторых з іх заб’юць, а некаторых будуць гнаць,
50
каб была спагнаная з роду гэтага кроў усіх прарокаў,
пралітая ад стварэння свету,
51
ад крыві Авеля да крыві Захарыі,
які загінуў паміж ахвярнікам і храмам.
Так, кажу вам: яна будзе спагнаная з роду гэтага.
52
Гора вам, законнікам,
што вы ўзялі ключ пазнання:
самі не ўвайшлі, і тым, хто ўваходзіў, перашкодзілі.
53
Калі ж Ён гаварыў ім гэта,
кніжнікі і фарысеі пачалі жорстка нападаць на Яго
і дапытвацца ў Яго пра многае,
54
падсцерагаючы Яго
і стараючыся падлавіць на нечым з вуснаў Яго,
каб абвінаваціць Яго.