1
Тым часам,
калі сабраліся многія тысячы людзей,
так што ціснулі адзін аднаго,
Ён пачаў гаварыць найперш вучням Сваім:
сцеражыцеся закваскі фарысейскай, гэта значыць крывадушнасці.
2
Няма нічога схаванага, што не адкрыецца,
і таемнага, што не стане вядомым;
3
таму ўсё, што казалі вы ў цемры, пры святле пачута будзе;
і што вы прамовілі на вуха ў пакоі, будзе абвешчана на дахах.
4
Кажу ж вам, сябрам Маім:
не бойцеся тых, што забіваюць цела
і пасля гэтага нічога больш не могуць зрабіць;
5
але ўкажу вам, каго баяцца:
бойцеся таго, хто, забіўшы, мае ўладу ўкінуць у геену;
так, кажу вам, яго бойцеся.
6
Ці не пяць вераб’ёў прадаюцца за два асарыі?
і ніводзін з іх не забыты перад Богам.
7
А ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны.
Таму не бойцеся: вы больш вартыя, чым мноства вераб’ёў.
8
Гавару ж вам:
кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі,
таго і Сын Чалавечы вызнае перад Ангеламі Божымі;
9
а хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі,
той адрынуты будзе перад Ангеламі Божымі.
10
І кожнаму,
хто скажа слова на Сына Чалавечага, даравана будзе;
а хто будзе зневажаць Духа Святога, таму не будзе даравана.
11
Калі ж прывядуць вас у сінагогі і да начальства і да ўлад,
не турбуйцеся, як ці што адказаць, альбо што гаварыць;
12
бо Святы Дух навучыць вас у тую гадзіну, што трэба казаць.
13
І сказаў Яму нехта з народу: Настаўнік!
скажы брату майму, каб ён раздзяліў са мною спадчыну.
14
Ён жа сказаў яму: чалавеча,
хто Мяне паставіў судзіць або дзяліць вас?
15
І сказаў ім:
глядзіце, захоўвайце сябе ад хцівасці,
бо нічыё жыццё не залежыць ад празмернай яго маёмасці.
16
І расказаў ім прытчу, гаворачы:
у аднаго багатага чалавека добра ўрадзіла зямля.
17
І ён разважаў, сам сабе кажучы: што мне рабіць?
не маю куды сабраць свой ураджай.
18
І сказаў: вось што зраблю:
разбяру свірны мае і большыя збудую,
і збяру туды ўсе плады свае і ўсё дабро сваё;
19
і скажу душы сваёй:
душа! маеш многа дабра, на многія гады складзенага —
адпачывай, еш, пі, весяліся.
20
А Бог сказаў яму: неразумны!
у гэтую ноч душу тваю забяруць ад цябе;
а тое, што ты назапасіў, каму дастанецца?
21
Так бывае з тым, хто збірае скарбы для сябе,
а не ў Бога багацее.
22
І сказаў вучням Сваім: дзеля таго кажу вам:
не турбуйцеся для душы вашай, што будзеце есці,
ні для цела, у што апранецеся;
23
душа больш значыць за ежу,
а цела за адзенне.
24
Паглядзіце на воранаў: яны не сеюць, не жнуць,
не маюць ні каморы, ні свірна,
і Бог корміць іх. Наколькі ж вы лепшыя за птушак!
25
І хто з вас, турбуючыся,
можа падоўжыць свой век хоць на адзін локаць?
26
Дык вось, калі і найменшага не можаце,
чаго пра іншае турбуецеся?
27
Паглядзіце на лілеі, як яны растуць:
не працуюць, не прадуць;
але кажу вам, што і Саламон ва ўсёй славе сваёй
так не апранаўся, як кожная з іх.
28
Калі ж траву,
якая сёння ў полі, а заўтра ў печ будзе ўкінутая,
Бог убірае так,
то тым болей вас, малаверы!
29
І вы не шукайце, што вам есці, ці што піць,
і не клапаціцеся,
30
бо ўсяго гэтага шукаюць народы свету;
Айцец жа ваш ведае, што вы маеце патрэбу ў гэтым;
31
шукайце толькі Царства Божага,
і гэта ўсё дадасца вам.
32
Не бойся, малое стада!
Бо Айцец ваш меў ласку даць вам Царства.
33
Прадайце маёмасць вашую і раздайце як міласціну.
Рыхтуйце сабе мяхі, якія не зношваюцца,
скарб невычэрпны на нябёсах,
куды злодзей не набліжаецца і дзе моль не знішчае;
34
бо дзе скарб ваш, там і сэрца ваша будзе.
35
Няхай будуць паясніцы вашыя падперазанымі і свяцільнікі запаленымі;
36
а вы — падобнымі да людзей,
што чакаюць гаспадара свайго, калі ён вернецца з вяселля,
каб, як прыйдзе і пастукае, адразу адчыніць яму.
37
Блажэнныя рабы тыя,
якіх, прыйшоўшы, гаспадар застане нядрэмнымі;
праўду кажу вам: падперажэцца ён і пасадзіць іх за стол,
і, падышоўшы, будзе прыслужваць ім.
38
І калі прыйдзе ў другую варту,
і калі ў трэцюю варту прыйдзе,
і застане іх такімі, то блажэнныя рабы тыя.
39
Вось што ведайце: калі б гаспадар дома ведаў,
у які час прыйдзе злодзей, то не спаў бы
і не дазволіў бы падкапаць дом свой.
40
Будзьце ж і вы гатовыя,
бо ў час, пра які не думаеце, Сын Чалавечы прыйдзе.
41
Тады сказаў Яму Пётр: Госпадзі!
нам прытчу гэтую гаворыш, ці ўсім?
42
А Гасподзь сказаў:
Хто ж ёсць верны домаўпраўнік і мудры,
якога паставіць гаспадар над чэляддзю сваёю,
каб даваў ім у свой час меру хлеба?
43
Блажэнны раб той,
якога гаспадар яго, прыйшоўшы, застане, што ён робіць так;
44
праўду кажу вам,
што над усёй маёмасцю сваёю паставіць яго.
45
Калі ж скажа раб той у сэрцы сваім:
"не хутка гаспадар мой прыйдзе",
і пачне біць слуг і служанак,
есці і піць, і напівацца, —
46
прыйдзе гаспадар раба таго
ў дзень, у які ён не чакае,
і ў гадзіну, якой ён не ведае,
і рассячэ яго напалам,
і вызначыць яму адзін лёс з нявернымі.
47
Той раб,
які ведаў волю гаспадара свайго
і не падрыхтаваўся
і не зрабіў па волі яго,
будзе біты многа;
48
а той,
які не ведаў,
але зрабіў нешта вартае пакарання,
будзе біты мала.
З кожнага, каму дадзена многа, многа будзе спагнана з яго,
і каму даручана многае, большага будуць патрабаваць ад яго.
49
Агонь прыйшоў Я звесці на зямлю,
і як хачу Я, каб ён ужо загарэўся!
50
Хрышчэннем маю Я быць ахрышчаны,
і як Я тамлюся, пакуль гэта не здзейсніцца!
51
Вы думаеце, што Я прыйшоў даць мір на зямлі?
не, кажу вам, а хутчэй раздзяленне;
52
бо ад гэтага часу пяцёра ў адным доме будуць раздзеленыя:
трое супраць двух і двое супраць трох;
53
раздзеляцца: бацька супраць сына, і сын супраць бацькі;
маці супраць дачкі, і дачка супраць маці;
свякроў супраць нявесткі сваёй,
і нявестка супраць свекрыві сваёй.
54
Гаварыў Ён і народу:
калі вы бачыце, што хмара падымаецца з захаду,
адразу кажаце: "будзе дождж",
і бывае так;
55
і калі дзьме паўднёвы вецер,
кажаце: "будзе спёка",
і бывае.
56
Крывадушнікі! аблічча зямлі і неба распазнаваць умееце,
як жа часу гэтага не распазнаяце?
57
Чаму ж вы і самі па сабе не судзіце, што правільнае?
58
Бо калі ты ідзеш з праціўнікам сваім да начальніка,
то па дарозе пастарайся пазбавіцца ад яго,
каб ён не пацягнуў цябе да суддзі,
а суддзя не аддаў цябе прыставу,
а прыстаў не кінуў цябе ў цямніцу;
59
кажу табе: не выйдзеш адтуль,
пакуль не аддасі і апошняга гроша.