1
І ў гэты самы час прыйшлі некаторыя
і паведамілі Яму пра Галілеян,
кроў якіх Пілат змяшаў з ахвярамі іх.
2
І ў адказ Іісус сказаў ім: вы думаеце,
што гэтыя Галілеяне былі грэшныя больш за ўсіх Галілеян,
калі яны так пацярпелі?
3
Не, кажу вам;
але калі не пакаецеся, усе гэтаксама загінеце.
4
Або тыя васемнаццаць,
на якіх упала вежа Сілаамская і пабіла іх,
думаеце, што яны былі вінаватыя больш за ўсіх людзей,
якія жывуць у Іерусаліме?
5
Не, кажу вам;
але калі не пакаецеся, усе гэтаксама загінеце.
6
І казаў такую прытчу:
нехта меў у вінаградніку сваім пасаджаную смакоўніцу;
і прыйшоў шукаць плоду на ёй,
і не знайшоў;
7
і сказаў вінаградару:
вось ужо трэці год я прыходжу шукаць плоду на гэтай смакоўніцы
і не знаходжу;
ссячы яе, нашто яна і зямлю марнуе?
8
Але той сказаў яму ў адказ:
гаспадар! пакінь яе і на гэты год,
пакуль я абкапаю яе і абкладу гноем,
9
і можа, яна дасць плод;
калі ж не, то налета ссячэш яе.
10
І вучыў Ён у адной з сінагог у суботу;
11
і вось, была там жанчына,
што васемнаццаць гадоў мела духа немачы;
і была яна скурчаная і не магла выпрастацца зусім.
12
Убачыўшы яе, Іісус падазваў і сказаў ёй:
жанчына! ты вызвалена ад немачы тваёй.
13
І ўсклаў на яе рукі;
і адразу яна выпрасталася, і славіла Бога.
14
А старэйшына сінагогі,
абурыўшыся, што Іісус ацаліў у суботу,
сказаў на гэта народу: ёсць шэсць дзён, у якія належыць працаваць;
у тыя і прыходзьце ацаляцца, а не ў дзень суботні.
15
Гасподзь жа сказаў яму ў адказ: крывадушнік!
ці ж не адвязвае кожны з вас
у суботу свайго вала або асла ад ясляў
і не вядзе паіць?
16
а гэтую дачку Аўраамаву,
якую вось ужо васемнаццаць гадоў як звязаў сатана,
ці не трэба было вызваліць ад путаў гэтых у дзень суботні?
17
І калі гаварыў Ён гэта, засаромеліся ўсе праціўнікі Яго,
і ўвесь народ радаваўся усім слаўным учынкам Яго.
18
Ён жа казаў: да чаго падобна Царства Божае,
і з чым параўнаю яго?
19
яно падобна да зярняці гарчычнага,
якое чалавек, узяўшы, пасадзіў у садзе сваім;
і яно вырасла, і стала вялікім дрэвам,
і птушкі нябесныя гняздзіліся ў голлі яго.
20
Яшчэ сказаў: з чым параўнаю Царства Божае?
21
яно падобна да закваскі,
якую жанчына, узяўшы, паклала ў тры меры мукі,
пакуль не ўкісла ўсё.
22
І праходзіў Ён па гарадах і вёсках,
навучаючы і трымаючы шлях у Іерусалім.
23
І сказаў Яму нехта:
Госпадзі, ці мала ёсць тых, якія збаўляюцца?
Ён жа сказаў ім:
24
намагайцеся ўвайсці праз вузкія вароты;
бо многія, кажу вам,
будуць імкнуцца ўвайсці, і не змогуць.
25
Калі ўстане гаспадар дома і зачыніць дзверы,
то вы, стоячы знадворку, пачнеце стукаць у дзверы
і казаць: Госпадзі! Госпадзі! адчыні нам!
І ў адказ Ён скажа вам: не ведаю вас, адкуль вы.
26
Тады пачнеце казаць:
мы елі перад Табою і пілі,
і на вуліцах нашых вучыў Ты.
27
А Ён скажа: кажу вам: не ведаю вас, адкуль вы;
адыдзіце ад Мяне ўсе, хто чыніць няпраўду.
28
Там будзе плач і скрыгат зубоў,
калі ўбачыце Аўраама і Ісаака, і Іакава,
і ўсіх прарокаў у Царстве Божым,
а сябе выгнанымі вон.
29
І прыйдуць з усходу і захаду
і з поўначы і поўдня,
і ўзлягуць у Царстве Божым.
30
І вось, ёсць апошнія, якія будуць першымі,
і ёсць першыя, якія будуць апошнімі.
31
У той дзень падышлі некаторыя з фарысеяў
і казалі Яму: выйдзі і ідзі адсюль,
бо Ірад хоча Цябе забіць.
32
І сказаў ім: ідзіце, скажыце гэтаму лісу:
вось, Я выганяю дэманаў і ацаленні твару сёння і заўтра,
а на трэці дзень скончу;
33
аднак
належыць Мне сёння і заўтра, і ў наступны дзень хадзіць,
бо не можа стацца, каб прарок загінуў па-за Іерусалімам.
34
Іерусаліме, Іерусаліме,
які забіваеш прарокаў і каменнем пабіваеш пасланых да цябе!
колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх,
як птушка птушанят сваіх пад крылы,
і вы не захацелі!
35
Вось, пакідаецца вам дом ваш пусты.
І кажу вам: не ўбачыце Мяне,
пакуль не прыйдзе час, калі скажаце:
"благаславёны, Хто прыходзіць у імя Гасподняе!"