1
І сталася: калі Ён у суботу
ўвайшоў у дом аднаго з начальнікаў фарысейскіх паесці хлеба,
і яны сачылі за Ім;
2
і вось, нейкі чалавек,
хворы на вадзянку, быў перад Ім.
3
І, азваўшыся, Іісус прамовіў да законнікаў і фарысеяў,
кажучы: ці дазваляецца ў суботу ацаляць?
4
Яны ж прамаўчалі.
І, дакрануўшыся, Ён ацаліў яго і адпусціў.
5
А звярнуўшыся да іх, сказаў:
калі ў каго з вас асёл або вол упадзе ў калодзеж,
ці не адразу той выцягне яго ў дзень суботні?
6
І яны не змаглі адказаць Яму на гэта.
7
Казаў жа запрошаным прытчу,
убачыўшы, як яны выбіраюць сабе першыя месцы, гаворачы да іх:
8
калі ты будзеш пакліканы кім-небудзь на вяселле,
не ўзлягай на першае месца,
каб не аказаўся хто пачэснейшы за цябе запрошаны ім,
9
і той, хто паклікаў цябе і яго,
каб не падышоў ды не сказаў табе: "дай яму месца",
і тады з сорамам пачнеш займаць апошняе месца.
10
Але калі будзеш пакліканы,
прыйшоўшы, узлягай на апошняе месца,
каб той, хто паклікаў цябе,
падышоўшы, сказаў табе: "дружа, перайдзі вышэй",
тады будзе табе гонар перад тымі, хто ўзляжыць з табою;
11
бо кожны, хто ўзвышае сябе, будзе прыніжаны,
а хто прыніжае сябе, будзе узвышаны.
12
Казаў жа і таму, хто Яго запрасіў:
калі ты будзеш даваць абед ці вячэру,
не кліч сяброў тваіх, ні братоў тваіх,
ні тваіх сваякоў, ні суседзяў багатых дзеля таго,
каб і яны цябе таксама паклікалі і была табе адплата.
13
Але калі робіш гасціну,
кліч убогіх, калек, кульгавых, сляпых,
14
і блажэнны будзеш, бо яны не маюць, чым адплаціць табе,
адплачана ж табе будзе пры ўваскрасенні праведных.
15
Пачуўшы гэта,
нехта з тых, што ўзляжалі з Ім, сказаў Яму:
блажэнны, хто будзе есці абед у Царстве Божым!
16
Ён жа сказаў яму:
адзін чалавек рабіў вялікую вячэру і паклікаў многіх;
17
і паслаў раба свайго ў час вячэры
сказаць пакліканым: прыходзьце,
бо ўжо гатова ўсё.
18
І пачалі ўсе, як адзін, прасіць прабачэння.
Першы сказаў яму: я купіў поле,
і мне трэба пайсці паглядзець яго;
прашу цябе, прабач мне.
19
І другі сказаў: я купіў пяць пар валоў,
і іду выпрабоўваць іх;
прашу цябе, прабач мне.
20
І іншы сказаў: я ажаніўся і таму не магу прыйсці.
21
І, прыйшоўшы, раб той паведаміў гаспадару свайму гэта.
Тады, разгневаўшыся, гаспадар дома сказаў рабу свайму:
выйдзі хутчэй на вуліцы і завулкі горада
і прывядзі сюды ўбогіх і калек, і сляпых, і кульгавых.
22
І сказаў раб: гаспадар! зроблена, як ты загадаў,
і яшчэ месца ёсць.
23
І сказаў гаспадар рабу: выйдзі да дарог і загарадзяў
і ўгавары прыйсці, каб напоўніўся дом мой.
24
Бо кажу вам,
што ніхто з тых людзей пакліканых не пакаштуе маёй вячэры,
бо многа пакліканых, але мала выбраных.
25
Ішло з Ім мноства людзей,
і Ён, абярнуўшыся, сказаў ім:
26
калі хто прыходзіць да Мяне,
і не зненавідзіць бацьку свайго і маці,
і жонку і дзяцей, і братоў і сясцёр,
а яшчэ і жыццё сваё,
той не можа быць Маім вучнем;
27
і хто не нясе крыжа свайго і ідзе за Мною,
не можа быць Маім вучнем.
28
Бо хто з вас, жадаючы пабудаваць вежу,
перш не сядзе і не палічыць выдаткі,
ці мае ён патрэбнае для завяршэння,
29
каб, калі пакладзе падмурак і не здолее дакончыць,
усе, хто пабачыць, не пачалі смяяцца з яго,
30
кажучы: гэты чалавек пачаў будаваць і не здолеў дакончыць?
31
Або які цар, ідучы, каб з другім царом уступіць у вайну,
не сядзе перш параіцца,
ці зможа ён з дзесяццю тысячамі
сустрэць таго, хто ідзе на яго з дваццаццю тысячамі?
32
Бо калі не, то пакуль той яшчэ далёка,
ён пашле пасольства да яго прасіць міру.
33
Гэтак і кожны з вас,
хто не адрачэцца ад усяго, што мае,
не можа быць Маім вучнем.
34
Добрая рэч — соль,
але калі соль страціць сілу, чым паправіць яе?
35
Ні ў зямлю, ні ў гной яна непрыдатная:
вон выкідаюць яе.
Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!