1
Набліжаліся да Яго ўсе мытнікі і грэшнікі,
каб слухаць Яго.
2
І наракалі фарысеі і кніжнікі,
кажучы: Ён прымае грэшнікаў і есць з імі.
3
А Ён сказаў ім такую прытчу, гаворачы:
4
хто з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну з іх,
не пакідае дзевяноста дзевяці ў пустыні
і не ідзе па тую, што згубілася, пакуль не знойдзе яе?
5
І, знайшоўшы, ускладае на плечы свае, радуючыся;
6
і, прыйшоўшы дадому, склікае сяброў і суседзяў,
кажучы ім: парадуйцеся са мною,
бо я знайшоў сваю згубленую авечку.
7
Кажу вам, што гэтак большая радасць будзе на небе
за аднаго грэшніка, які каецца,
чым за дзевяноста дзевяць праведнікаў,
якія не маюць патрэбы ў пакаянні.
8
Альбо якая жанчына, маючы дзесяць драхмаў,
калі згубіць адну драхму,
не запальвае свяцільнік і не мяце хату,
і не шукае старанна, пакуль не знойдзе?
9
І, знайшоўшы, склікае сябровак і суседак,
кажучы: парадуйцеся са мною,
бо я знайшла згубленую драхму.
10
Так, кажу вам,
бывае радасць у Ангелаў Божых і за аднаго грэшніка, які каецца.
11
І Ён сказаў: у аднаго чалавека было два сыны;
12
і сказаў малодшы з іх бацьку:
бацька, дай мне належную частку маёмасці.
І той падзяліў ім маёмасць.
13
І праз некалькі дзён,
сабраўшы ўсё, малодшы сын адышоў у далёкую краіну
і там растраціў маёмасць сваю, жывучы распусна.
14
Калі ж ён патраціў усё,
настаў голад вялікі ў той краіне,
і ён пачаў цярпець нястачу;
15
і, пайшоўшы, прыстаў да аднаго з жыхароў той краіны,
а той паслаў яго на свае палі пасвіць свіней;
16
і ён жадаў напоўніць жывот свой ражкамі,
якія елі свінні,
але ніхто не даваў яму.
17
І, прыйшоўшы да розуму, сказаў:
колькі наймітаў у бацькі майго маюць хлеба ўдосталь,
а я з голаду гіну;
18
устану, пайду да бацькі майго
і скажу яму: бацька, я саграшыў супраць неба і перад табою,
19
і ўжо не варты называцца сынам тваім;
прымі мяне як аднаго з наймітаў тваіх.
20
І, устаўшы, пайшоў да бацькі свайго.
І калі ён яшчэ быў далёка,
убачыў яго бацька ягоны і зжаліўся;
і, пабегшы, кінуўся на шыю яму і пацалаваў яго.
21
Сын жа сказаў яму:
бацька, я саграшыў супраць неба і перад табою
і ўжо не варты называцца сынам тваім.
22
А бацька сказаў рабам сваім:
прынясіце найлепшае адзенне і апраніце яго,
і дайце персцень на руку яго і абутак на ногі;
23
і прывядзіце ўкормленае цяля і зарэжце,
будзем есці і весяліцца,
24
бо сын мой гэты быў мёртвы і ажыў,
прападаў і знайшоўся.
І пачалі весяліцца.
25
А яго старэйшы сын быў на полі;
і калі, вяртаючыся, наблізіўся да дому,
пачуў музыку і танцы,
26
і, паклікаўшы аднаго са слуг,
пытаўся: што гэта такое?
27
Той жа сказаў яму: брат твой прыйшоў,
і твой бацька зарэзаў укормленае цяля,
бо здаровым яго спаткаў.
28
І ён разгневаўся і не хацеў увайсці.
Бацька ж яго выйшаў і прасіў яго.
29
А ён сказаў бацьку ў адказ: вось,
я столькі гадоў служу табе
і ніколі загаду твайго не пераступіў,
а ты мне ніколі не даў казляняці,
каб я з сябрамі сваімі павесяліўся;
30
а калі прыйшоў гэты сын твой,
што праеў тваю маёмасць з блудніцамі,
ты закалоў яму ўкормленае цяля.
31
Ён жа сказаў яму: дзіця,
ты заўсёды са мною, і ўсё маё — гэта тваё;
32
а ўзвесяліцца і ўзрадавацца трэба было,
што гэты брат твой мёртвы быў і ажыў,
прападаў і знайшоўся.