1
Казаў жа Ён і вучням Сваім:
адзін чалавек быў багаты і меў домаўпраўніка,
які быў абвінавачаны перад ім, што растрачвае маёмасць яго;
2
і, паклікаўшы яго, сказаў яму: што гэта я чую пра цябе?
дай адказ пра тваё ўпраўленне домам,
бо ты не можаш больш упраўляць.
3
Сказаў жа домаўпраўнік сам сабе: што мне рабіць,
бо гаспадар мой адбірае ў мяне ўпраўленне домам?
капаць не здужаю, жабраваць саромеюся;
4
ведаю, што зрабіць,
каб мяне, калі адстаўлены буду ад упраўлення,
прынялі ў свае дамы.
5
І, паклікаўшы асобна кожнага з даўжнікоў гаспадара свайго,
казаў першаму: колькі ты вінен гаспадару майму?
6
Той жа сказаў: сто мер алею.
І сказаў яму: вазьмі сваю распіску
і сядзь хутчэй напішы: пяцьдзесят.
7
Потым сказаў другому: а ты колькі вінен?
Той адказаў: сто мер пшаніцы.
І сказаў яму: вазьмі сваю распіску
і напішы: восемдзесят.
8
І пахваліў гаспадар няправеднага домаўпраўніка,
што ён разумна зрабіў;
бо сыны веку гэтага разумнейшыя за сыноў святла ў родзе сваім.
9
І Я вам кажу:
здабывайце сабе сяброў багаццем няправедным,
каб яны, калі збяднееце, прынялі вас у вечныя сялібы.
10
Верны ў найменшым і ў многім верны,
а няправедны ў найменшым і ў многім няправедны.
11
Таму калі ў няправедным багацці вы не былі верныя,
хто вам даверыць сапраўднае?
12
І калі ў чужым вы не былі верныя,
хто вам дасць ваша?
13
Ніякі раб не можа служыць двум гаспадарам,
бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць,
ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць.
Не можаце Богу служыць і мамоне.
14
Чулі ўсё гэта і фарысеі,
якія былі срэбралюбівымі,
і насміхаліся з Яго.
15
І Ён сказаў ім:
вы паказваеце сябе праведнымі перад людзьмі,
але Бог ведае сэрцы вашы;
бо што ў людзей высокае, тое мярзота перад Богам.
16
Закон і прарокі — да Іаана;
з таго часу Царства Божае дабравесціцца,
і кожны з намаганнямі ўваходзіць у яго.
17
Ды лягчэй небу і зямлі прайсці,
чым адной рысцы ў законе прапасці.
18
Кожны, хто разводзіцца з жонкаю сваёю і бярэ іншую,
той пралюбадзейнічае,
і хто бярэ разведзеную з мужам,
той пралюбадзейнічае.
19
Адзін чалавек быў багаты
і апранаўся ў парфіру і вісон,
і кожны дзень раскошна банкетаваў.
20
І быў адзін убогі, імем Лазар,
які ляжаў перад варотамі яго, пакрыты язвамі,
21
і хацеў насыціцца крошкамі, што падалі са стала багача;
а яшчэ і сабакі, прыходзячы, лізалі язвы яго.
22
І сталася, што памёр убогі
і аднесены быў ангеламі на лона Аўраамава;
памёр і багаты, і пахавалі яго;
23
і ў пекле, будучы ў муках, узняў вочы свае
і ўбачыў здалёк Аўраама і Лазара на лоне яго,
24
і, ўсклікнуўшы, сказаў: ойча Аўрааме,
змілуйся нада мною і пашлі Лазара,
каб ён абмакнуў канец пальца свайго ў ваду і астудзіў язык мой,
бо я пакутую ў полымі гэтым.
25
Аўраам жа сказаў: дзіця! успомні,
што ты атрымаў добрае сваё ў жыцці сваім,
а Лазар гэтак жа ліхое;
цяпер жа ён тут суцяшаецца, а ты пакутуеш;
26
і звыш усяго гэтага
паміж намі і вамі прорва вялікая ўстаноўлена,
каб тыя, што хочуць перайсці адсюль да вас, не маглі,
і каб адтуль да нас не пераходзілі.
27
Тады сказаў ён: прашу цябе, ойча,
пашлі яго ў дом бацькі майго,
28
бо ў мяне пяць братоў, няхай ён засведчыць ім,
каб і яны не прыйшлі ў гэтае месца мучэння.
29
Кажа яму Аўраам: яны маюць Маісея і прарокаў;
няхай слухаюць іх.
30
А той сказаў: не, ойча Аўрааме,
але калі хто з мёртвых прыйдзе да іх, пакаюцца.
31
Ён жа сказаў яму: калі Маісея і прарокаў не слухаюць,
то, калі б хто і з мёртвых уваскрэс, не павераць.