1
Сказаў жа Ён вучням Сваім:
немагчыма, каб не прыйшлі спакусы,
але гора таму, праз каго яны прыходзяць;
2
лепш было б яму,
калі б жарон млыновы павесілі на шыю яму ды ўкінулі ў мора,
чым каб ён спакусіў аднаго з малых гэтых.
3
Будзьце ўважлівымі да сябе.
Калі саграшыць супраць цябе брат твой, выгавары яму,
і калі пакаецца, даруй яму;
4
і калі сем разоў на дзень саграшыць супраць цябе,
і сем разоў на дзень звернецца,
кажучы: каюся, —
даруй яму.
5
І сказалі Апосталы Госпаду: прымнож нам веру.
6
Гасподзь жа сказаў:
калі б вы мелі веру з гарчычнае зерне
і сказалі шаўкоўніцы гэтай:
вырвіся з коранем і перасадзіся ў мора, —
і яна паслухалася б вас.
7
Хто з вас, маючы раба, які арэ ці пасе,
пасля вяртання яго з поля,
скажа яму: адразу ж ідзі за стол?
8
А хіба не скажа яму: прыгатуй мне павячэраць
і, падперазаўшыся, служы мне,
пакуль буду есці і піць,
а потым еж і пі сам?
9
Ці падзякуе ён рабу гэтаму,
што зрабіў загаданае? Не думаю.
10
Так і вы, калі зробіце ўсё загаданае вам,
кажыце: мы нічога не вартыя рабы,
бо зрабілі тое, што павінны зрабіць.
11
І сталася: ідучы ў Іерусалім,
Ён праходзіў паміж Самарыяй і Галілеяй.
12
І калі ўваходзіў Ён у нейкае паселішча,
сустрэлі Яго дзесяць чалавек пракажоных,
якія спыніліся воддаль;
13
і яны голасна казалі:
Іісусе Настаўнік, памілуй нас.
14
І, убачыўшы, Ён сказаў ім:
ідзіце, пакажыцеся святарам.
І сталася: калі яны ішлі — ачысціліся.
15
Адзін жа з іх,
убачыўшы, што ацаліўся, вярнуўся,
голасна славячы Бога,
16
і ўпаў ніц да ног Яго, дзякуючы Яму,
і гэта быў Самаранін.
17
І ў адказ Іісус сказаў:
ці не дзесяць ачысціліся?
а дзе ж дзевяць?
18
хіба не знайшлося з іх нікога,
хто б вярнуўся аддаць хвалу Богу,
акрамя гэтага іншародца?
19
І сказаў яму: устань і ідзі,
вера твая ўратавала цябе.
20
А як спыталіся фарысеі, калі прыйдзе Царства Божае,
Ён, адказваючы ім, сказаў: не прыйдзе Царства Божае прыкметна,
21
і не скажуць: вось, яно тут, ці: вось, там.
Бо вось, Царства Божае ўнутры вас.
22
Сказаў жа вучням Сваім: прыйдуць дні,
калі пажадаеце ўбачыць хоць бы адзін з дзён Сына Чалавечага,
і не ўбачыце;
23
і скажуць вам: вось, тут, ці: вось, там, —
не выходзьце і не ганяйцеся;
24
бо як маланка, бліскаючы,
ад аднаго краю нябёс да другога свеціць,
так будзе Сын Чалавечы ў дзень Свой.
25
Але перш належыць Яму многа адпакутаваць
і быць адрынутым родам гэтым.
26
І як было ў дні Ноя,
так будзе і ў дні Сына Чалавечага:
27
елі, пілі, жаніліся, выходзілі замуж
да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг;
і прыйшоў патоп і вынішчыў усіх.
28
Таксама, як было і ў дні Лота:
елі, пілі, куплялі, прадавалі, садзілі, будавалі;
29
а ў той дзень, калі выйшаў Лот з Садома,
праліліся дажджом з неба агонь і сера і вынішчылі ўсіх;
30
так будзе і ў той дзень, калі Сын Чалавечы явіцца.
31
У той дзень хто будзе на даху, а рэчы яго ў доме,
няхай не сыходзіць узяць іх;
і хто будзе на полі, таксама няхай не вяртаецца назад.
32
Памятайце пра жонку Лотаву.
33
Хто будзе старацца ўратаваць душу сваю, той загубіць яе,
а хто загубіць яе, той ажывіць яе.
34
Кажу вам: у тую ноч будуць двое на адной пасцелі:
адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты;
35
будуць дзве разам малоць:
адна будзе ўзята, а другая пакінута;
36
двое будуць на полі:
адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты.
37
І ў адказ сказалі Яму: дзе, Госпадзі?
Ён жа сказаў ім: дзе цела, там збяруцца і арлы.