1
Сказаў жа Ён ім і прытчу
пра тое, што трэба заўсёды маліцца і не падаць духам,
2
кажучы: у адным горадзе быў нейкі суддзя,
які Бога не баяўся і людзей не саромеўся.
3
І была ў тым горадзе адна ўдава;
і яна прыходзіла да яго
і казала: абарані мяне ад праціўніка майго.
4
А ён доўга не хацеў.
Потым жа сказаў сам сабе:
хоць я і Бога не баюся, і людзей не саромеюся,
5
але паколькі робіць мне клопат гэтая ўдава, абараню яе,
каб яна не прыходзіла бясконца і не дакучала мне.
6
І сказаў Гасподзь: чуеце, што гаворыць суддзя няправедны?
7
А хіба Бог не стане на абарону выбраных Сваіх,
якія клічуць Яго дзень і ноч,
і будзе марудзіць у дачыненні да іх?
8
Кажу вам, што Ён хутка стане на абарону іх.
Аднак, Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?
9
Сказаў жа і да некаторых,
што былі ўпэўнены ў сабе, быццам яны праведнікі,
а іншых прыніжалі,
такую прытчу:
10
Два чалавекі ўвайшлі ў храм памаліцца:
адзін фарысей, а другі мытнік.
11
Фарысей, стаўшы, маліўся сам у сабе так:
Божа! дзякую Табе,
што я не такі, як іншыя людзі —
рабаўнікі, няправедныя, распуснікі,
або як гэты мытнік:
12
пашчу два разы на тыдзень,
даю дзесяціну з усяго, што набываю.
13
Мытнік жа, стоячы воддаль,
не смеў і вачэй узняць да неба,
а біў сябе ў грудзі, кажучы:
Божа! будзь міласцівы да мяне, грэшнага.
14
Кажу вам,
што гэты пайшоў у дом свой больш апраўданы, чым той:
бо кожны, хто ўзвышае сябе, будзе прыніжаны,
а хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны.
15
Прыносілі да Яго і малых дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх;
убачыўшы гэта, вучні забаранялі ім.
16
Іісус жа, паклікаўшы іх, сказаў:
пусціце дзяцей прыходзіць да Мяне і не перашкаджайце ім,
бо такіх ёсць Царства Божае;
17
праўду кажу вам:
хто не прыме Царства Божага, як дзіця,
той не ўвойдзе ў яго.
18
І спытаўся ў Яго нейкі начальнік, кажучы: Настаўнік добры!
што мне рабіць, каб унаследаваць жыццё вечнае?
19
Сказаў жа яму Іісус: што называеш Мяне добрым?
Ніхто не добры, толькі адзін Бог;
20
ведаеш запаведзі:
"не пралюбадзейнічай,
не забівай,
не крадзі,
не сведчы лжыва,
шануй бацьку твайго і маці тваю".
21
Ён жа сказаў: усё гэта захаваў я з юнацтва майго.
22
Пачуўшы гэта,
Іісус сказаў яму: яшчэ аднаго табе не хапае:
усё, што маеш, прадай і раздай убогім,
і мець будзеш скарб на небе,
і прыходзь, і ідзі за Мною.
23
Ён жа, пачуўшы гэта, моцна засмуціўся,
таму што быў вельмі багаты.
24
Убачыўшы, што той моцна засмуціўся, Іісус сказаў:
як цяжка тым, хто мае багацце, увайсці ў Царства Божае!
25
Бо лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка,
чым багатаму ўвайсці ў Царства Божае.
26
І сказалі тыя, што чулі: хто ж тады можа быць збаўлены?
27
Ён жа сказаў: немагчымае людзям магчыма Богу.
28
І сказаў Пётр: вось, мы ўсё пакінулі і пайшлі ўслед за Табою.
29
Ён жа сказаў ім: праўду кажу вам:
няма нікога, хто пакінуў дом, ці бацькоў,
ці братоў, ці сясцёр, ці жонку, ці дзяцей
дзеля Царства Божага,
30
і не атрымае ў шмат разоў больш у час гэты,
а ў веку будучым жыцця вечнага.
31
І, узяўшы дванаццаць вучняў,
сказаў ім: вось, мы ўзыходзім у Іерусалім,
і збудзецца ўсё напісанае прарокамі пра Сына Чалавечага:
32
бо Ён выдадзены будзе язычнікам і абсмяяны,
і зняважаны, і апляваны,
33
і пасля бічавання заб’юць Яго;
і на трэці дзень уваскрэсне.
34
Але яны нічога з гэтага не зразумелі;
і было слова гэтае скрыта ад іх,
і яны не ўсведамлялі сказанага.
35
І сталася: калі Ён набліжаўся да Іерыхона,
нейкі сляпы сядзеў пры дарозе, жабруючы;
36
і пачуўшы, што міма праходзіць натоўп,
пытаўся: што гэта такое?
37
Паведамілі яму, што Іісус Назаранін праходзіць.
38
І закрычаў ён, кажучы: Іісусе, Сыне Давідаў, памілуй мяне!
39
І тыя, што ішлі спераду, патрабавалі ад яго, каб замоўк,
але ён яшчэ мацней крычаў: Сыне Давідаў, памілуй мяне!
40
Спыніўшыся, Іісус загадаў прывесці яго да Сябе.
Калі ж той наблізіўся да Яго, спытаў яго,
41
кажучы: што хочаш, каб Я зрабіў табе?
Ён жа сказаў: Госпадзі! каб я стаў бачыць.
42
Іісус сказаў яму: стань відушчым!
вера твая ўратавала цябе.
43
І ён адразу стаў бачыць і пайшоў услед за Ім, славячы Бога.
І ўсе людзі, пабачыўшы гэта, узнеслі хвалу Богу.