1
І ўвайшоўшы, Ён праходзіў праз Іерыхон.
2
І вось чалавек, званы імем Закхей,
які быў начальнік мытнікаў і быў багаты,
3
імкнуўся ўбачыць Іісуса, хто Ён,
але не мог з-за натоўпу,
таму што быў малы ростам;
4
і, забегшы наперад, узлез на смакоўніцу,
каб убачыць Яго,
бо Ён павінен быў там праходзіць.
5
І калі прыйшоў Іісус на гэтае месца,
то, паглядзеўшы, убачыў яго
і сказаў яму: Закхей! хутчэй злазь,
бо сёння ў доме тваім належыць Мне быць.
6
І той паспешна злез і прыняў Яго з радасцю.
7
І ўсе, убачыўшы гэта, наракалі,
кажучы: да грэшнага чалавека зайшоў Ён.
8
Закхей жа, устаўшы, сказаў Госпаду:
вось, палову маёмасці маёй, Госпадзі, я дам убогім,
і калі каго ў чым ашукаў, аддам у чатыры разы больш.
9
Сказаў яму Іісус:
сёння настала збаўленне дому гэтаму,
таму што і ён — сын Аўраамаў.
10
Бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і збавіць тое, што загінула.
11
Калі ж яны слухалі гэта, Ён дадаў яшчэ прытчу,
таму што быў блізка ад Іерусаліма,
і яны думалі, што зараз жа Царства Божае мае явіцца.
12
Дык сказаў Ён:
Нейкі чалавек знатнага роду пайшоў у далёкую краіну,
каб атрымаць сабе царства і вярнуцца;
13
і, паклікаўшы дзесяць рабоў сваіх, ён даў ім дзесяць мін
і сказаў ім: укладзіце ў справу, пакуль я вярнуся.
14
Але яго грамадзяне ненавідзелі яго
і паслалі ўслед за ім пасольства,
кажучы: не хочам, каб ён царстваваў над намі.
15
І сталася: калі ён вярнуўся, атрымаўшы царства,
то сказаў паклікаць тых рабоў, якім даў срэбра,
каб даведацца, хто што набыў.
16
І прыйшоў першы, кажучы:
гаспадар, міна твая прынесла дзесяць мін.
17
І ён сказаў яму: добра, раб добры;
за тое, што ў найменшым ты быў верны,
будзь уладаром над дзесяццю гарадамі.
18
І прыйшоў другі, кажучы:
гаспадар, міна твая прынесла пяць мін.
19
Сказаў і гэтаму: і ты будзь над пяццю гарадамі.
20
І яшчэ адзін прыйшоў, кажучы:
гаспадар, вось міна твая,
якую я трымаў схаваную ў хустцы,
21
таму што я баяўся цябе, бо ты чалавек жорсткі:
бярэш, чаго не клаў, і жнеш, чаго не сеяў.
22
А той кажа яму:
вуснамі тваімі буду судзіць цябе, ліхі раб:
ты ведаў, што я чалавек жорсткі,
які бярэ, чаго не клаў, і жне, чаго не сеяў;
23
чаму ж ты не аддаў маё срэбра ў абарот,
каб я, прыйшоўшы, атрымаў яго з прыбыткам?
24
І сказаў прысутным: вазьміце ў яго міну
і аддайце таму, хто мае дзесяць мін.
25
І сказалі яму: гаспадар, ён жа мае дзесяць мін.
26
Кажу вам, што кожнаму, хто мае, будзе дадзена,
а ў таго, хто не мае, адымецца і тое, што мае ён;
27
а тых ворагаў жа маіх,
якія не хацелі, каб я стаў царом над імі,
прывядзіце сюды і пазабівайце перада мною.
28
І, сказаўшы гэта, Ён пайшоў далей, узыходзячы ў Іерусалім.
29
І сталася: калі Ён наблізіўся да Віфагіі і Віфаніі,
да гары, што завецца Елеонскай,
паслаў двух вучняў Сваіх,
30
сказаўшы: ідзіце ў селішча, што насупраць;
увайшоўшы ў яго, знойдзеце прывязанае асляня,
на якое ніколі ніхто з людзей не сядаў;
адвяжыце яго і прывядзіце;
31
і калі хто спытае ў вас: "навошта адвязваеце?",
скажыце яму так: "яно патрэбна Госпаду".
32
Пасланыя пайшлі і знайшлі, як Ён сказаў ім.
33
Калі ж яны адвязвалі асляня,
гаспадары яго сказалі ім: нашто вы адвязваеце асляня?
34
Яны сказалі: яно патрэбна Госпаду.
35
І прывялі яго да Іісуса,
і, накінуўшы вопратку сваю на асляня,
пасадзілі на яго Іісуса.
36
І калі Ён ехаў, людзі пасцілалі вопратку сваю на дарогу.
37
А калі Ён набліжаўся ўжо да спуску з гары Елеонскай,
усё мноства вучняў, радуючыся, пачало моцным голасам хваліць Бога
за ўсе цуды, якія бачылі яны,
38
кажучы: благаславёны Цар, Які прыходзіць у імя Гасподняе!
мір на нябёсах і слава ў вышніх!
39
І некаторыя фарысеі з натоўпу
сказалі Яму: Настаўнік! забарані вучням Сваім.
40
А Ён прамовіў ім у адказ: кажу вам,
што калі яны змоўкнуць, то камяні закрычаць.
41
І, калі Ён наблізіўся,
то, убачыўшы горад, заплакаў па ім,
42
кажучы:
калі б і ты хоць у гэты дзень твой зразумеў,
што трэба для міру твайго!
але цяпер гэта скрыта ад вачэй тваіх;
43
бо прыйдуць на цябе дні,
і ўзвядуць ворагі твае вакол цябе вал,
і акружаць цябе,
і сціснуць цябе адусюль,
44
і знішчаць цябе
і дзяцей тваіх у табе,
і не пакінуць каменя на камені ў табе
за тое, што не разумеў ты часу наведання цябе.
45
І, увайшоўшы ў храм,
Ён пачаў выганяць тых, што прадавалі ў ім і куплялі,
46
кажучы ім: напісана: "дом Мой — гэта дом малітвы",
а вы зрабілі з яго логава разбойнікаў.
47
І Ён кожны дзень вучыў у храме.
А першасвятары і кніжнікі шукалі, як загубіць Яго,
таксама і першыя людзі ў народзе,
48
і не знаходзілі, што зрабіць з Ім,
бо ўвесь народ, слухаючы, абступаў Яго.