1
І сталася ў тыя дні:
выйшаў указ ад кесара Аўгуста
зрабіць перапіс па ўсёй зямлі.
2
Гэта быў першы перапіс, калі Сірыяй правіў Квірыній.
3
І ўсе ішлі запісвацца, кожны ў свой горад.
4
Пайшоў таксама і Іосіф з Галілеі,
з горада Назарэта, у Іудзею,
у горад Давідаў, які называецца Віфлеем,
бо ён быў з дому і роду Давідавага,
5
запісацца з Марыяй, заручонай з ім Жонкай,
Якая была цяжарная.
6
І сталася: калі яны былі там,
споўніліся дні, каб радзіць Ёй;
7
і нарадзіла Сына Свайго Першынца,
і спавіла Яго,
і паклала Яго ў яслях,
бо не было ім месца ў гасцініцы.
8
У той краіне былі пастухі,
што пільнавалі і неслі начную варту каля статку свайго.
9
І вось Ангел Гасподні стаў перад імі,
і слава Гасподня азарыла іх;
і напоўніліся страхам вялікім.
10
І сказаў ім Ангел: не бойцеся,
бо вось абвяшчаю вам радасць вялікую,
якая будзе ўсяму народу:
11
нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давідавым Збавіцель,
Які ёсць Хрыстос Гасподзь;
12
і вось вам знак:
вы знойдзеце Дзіцятка спавітае, што ляжыць у яслях.
13
І раптам з‘явілася з Ангелам шматлікае воінства нябеснае,
усхваляючы Госпада і прамаўляючы:
14
слава ў вышніх Богу і на зямлі мір,
у людзях добрая воля.
15
І сталася: калі адышлі ад іх Ангелы на неба,
людзі-пастухі казалі адзін аднаму:
пойдзем у Віфлеем і паглядзім тое,
што адбылося, пра што Гасподзь абвясціў нам.
16
І, спяшаючыся, прыйшлі,
і знайшлі Марыю і Іосіфа,
і Дзіцятка, што ляжала ў яслях.
17
Убачыўшы ж, абвясцілі тое,
што было сказана ім пра гэтае Дзіця.
18
І ўсе, хто чуў, здзіўляліся таму, што казалі ім пастухі.
19
А Марыя захоўвала ўсе словы гэтыя,
складаючы ў сэрцы Сваім.
20
І вярнуліся пастухі, славячы і хвалячы Бога
за ўсё, што пачулі і ўбачылі,
як было сказана ім.
21
І калі споўнілася восем дзён,
каб абрэзаць Дзіця,
далі імя Яму Іісус,
названае Ангелам перш, чым Ён зачаты быў ва ўлонні.
22
І калі споўніліся дні ачышчэння іх паводле закону Маісеевага,
прынеслі Яго ў Іерусалім, каб прадставіць Яго Госпаду, —
23
як напісана ў законе Гасподнім:
каб кожнае дзіця мужчынскага полу, што раскрывае ўлонне,
было пасвячона Госпаду, —
24
і каб прынесці ахвяру паводле
сказанага ў законе Гасподнім:
пару горліц або дваіх птушанят галубіных.
25
І вось, быў у Іерусаліме чалавек, імя якому Сімяон.
І чалавек гэты, праведны і богабаязны,
чакаў суцяшэння Ізраіля,
і Дух Святы быў на ім.
26
І было яму прадвешчана Духам Святым,
што ён не ўбачыць смерці,
пакуль не ўбачыць Хрыста Гасподняга.
27
І прыйшоў ён у Духу ў храм.
І калі бацькі прынеслі Дзіця Іісуса,
каб выканаць над Ім устаноўленае па закону,
28
ён узяў Яго на рукі,
благаславіў Бога і сказаў:
29
цяпер адпускаеш раба Твайго, Уладыка,
паводле слова Твайго, з мірам;
30
бо бачылі вочы мае збаўленне Тваё,
31
якое Ты ўгатаваў перад абліччам усіх народаў,
32
святло для асветы язычнікаў і славу народа Твайго Ізраіля.
33
Іосіф жа і Маці Яго здзіўляліся сказанаму пра Яго.
34
І благаславіў іх Сімяон
і сказаў Марыі, Маці Яго:
вось, Ён ляжыць для падзення і паўстання многіх у Ізраілі
і на знаменне супярэчання, —
35
і Табе Самой душу пратне меч, —
каб адкрыліся многіх сэрцаў помыслы.
36
І была Анна прарочыца,
дачка Фануілава, з калена Асіравага,
якая дасягнула глыбокай старасці,
пражыўшы з мужам сем год ад дзявоцтва свайго,
37
удава гадоў васьмідзесяці чатырох,
якая не адыходзіла ад храма,
пастамі і малітвамі служачы Богу дзень і ноч.
38
І яна ў той самы час падышоўшы, славіла Госпада
і гаварыла пра Яго ўсім, хто чакаў збаўлення ў Іерусаліме.
39
І калі выканалі яны ўсё паводле Закону Гасподняга,
вярнуліся ў Галілею, у горад свой Назарэт.
40
Дзіця ж расло
і ўмацоўвалася духам, напаўняючыся мудрасцю,
і благадаць Божая была на Ім.
41
І хадзілі бацькі Яго штогод у Іерусалім на свята Пасхі.
42
І калі Яму было дванаццаць гадоў,
узышлі яны ў Іерусалім, паводле звычаю свята,
43
і правялі тыя дні;
і калі вярталіся яны, застаўся Хлопчык Іісус у Іерусаліме;
і не ведалі Іосіф і Маці Яго;
44
думаючы, што Ён разам са спадарожнымі,
прайшлі яны дзённы шлях;
і сталі шукаць Яго сярод сваякоў і знаёмых;
45
і не знайшоўшы Яго,
вярнуліся ў Іерусалім, шукаючы Яго.
46
І сталася: праз тры дні знайшлі Яго ў храме,
калі сядзеў Ён сярод настаўнікаў,
слухаў іх і пытаўся ў іх;
47
і дзівіліся ўсе, хто слухаў Яго, розуму і адказам Яго.
48
І ўбачыўшы Яго, яны вельмі здзівіліся,
і Маці Яго сказала Яму: Дзіця! чаму Ты зрабіў нам так?
Вось, бацька Твой і Я, пакутуючы, шукалі Цябе.
49
І сказаў Ён ім: чаго ж вы шукалі Мяне?
хіба вы не ведалі,
што Я павінен быць у тым, што належыць Айцу Майму?
50
Але яны не зразумелі слова, якое Ён казаў ім.
51
І Ён пайшоў з імі, і прыйшоў у Назарэт;
і быў паслухмяны ім.
І Маці Яго захоўвала ўсе словы гэтыя ў сэрцы Сваім.
52
А Іісус узрастаў у мудрасці і гадах,
і ў любві ў Бога і ў людзей.