1
І сталася ў адзін з тых дзён:
калі Ён вучыў народ у храме і дабравесціў,
прыйшлі першасвятары і кніжнікі са старэйшынамі
2
і сказалі Яму, гаворачы:
скажы нам, якою ўладаю Ты гэта робіш
альбо хто даў Табе ўладу гэтую?
3
І, адказваючы, Ён сказаў ім: спытаю ў вас і Я адну рэч,
і скажыце Мне:
4
хрышчэнне Іаанава з неба было ці ад людзей?
5
Яны ж разважалі паміж сабою,
гаворачы: калі скажам: "з неба",
то скажа: "чаму ж вы не паверылі яму?"
6
а калі ж скажам: "ад людзей",
то ўвесь народ каменнем паб’е нас,
бо ён перакананы, што Іаан — гэта прарок.
7
І адказалі, што не ведаюць, адкуль.
8
Іісус жа сказаў ім:
і Я не скажу вам, якою ўладаю гэта раблю.
9
І пачаў Ён казаць народу прытчу гэтую:
адзін чалавек пасадзіў вінаград
і аддаў яго вінаградарам,
і адлучыўся на доўгі час;
10
і ў пэўную пару паслаў да вінаградараў раба,
каб далі яму пладоў з вінаградніка;
але вінаградары, набіўшы яго, адаслалі ні з чым.
11
І паслаў яшчэ другога раба;
але яны і таго, набіўшы і зняважыўшы, адаслалі ні з чым.
12
І паслаў яшчэ трэцяга,
але яны і таго, параніўшы, прагналі.
13
Тады сказаў гаспадар вінаградніка: што мне рабіць?
пашлю сына майго ўзлюбленага,
можа, яго ўбачыўшы, яны пасаромеюцца.
14
Але, убачыўшы яго, вінаградары разважалі між сабою,
кажучы: гэта спадкаемец;
хадзем, заб’ем яго, і спадчына будзе наша.
15
І, вывеўшы яго вон з вінаградніка, забілі.
Што ж зробіць з імі гаспадар вінаградніка?
16
Прыйдзе і знішчыць вінаградараў гэтых,
і аддасць вінаграднік іншым.
Тыя, што слухалі, сказалі: няхай не будзе так!
17
Ён жа, паглядзеўшы на іх,
сказаў: што значыць гэтае напісанае:
"камень, які адкінулі будаўнікі,
той самы стаў галавою вугла"?
18
Усякі, хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца,
а на каго ён упадзе, таго раздушыць.
19
І намерыліся першасвятары і кніжнікі
накласці на Яго рукі ў тую ж гадзіну, але пабаяліся народа,
бо зразумелі, што пра іх сказаў Ён гэтую прытчу.
20
І, пасачыўшы за Ім, падаслалі выведнікаў,
якія, прыняўшы выгляд праведных,
злавілі б Яго на слове,
каб выдаць Яго начальству і ўладзе намесніка.
21
І яны спыталі ў Яго, кажучы: Настаўнік!
мы ведаем, што Ты правільна гаворыш і вучыш,
і не глядзіш на абліччы, але па праўдзе шляху Божаму вучыш;
22
ці дазволена нам даваць падатак кесару, ці не?
23
Ён жа, зразумеўшы хітрасць іх,
сказаў ім: што вы Мяне спакушаеце?
24
пакажыце Мне дынарый:
чыю выяву і надпіс ён мае?
Яны сказалі ў адказ: кесара.
25
Ён сказаў ім:
вось і аддавайце кесарава кесару, а Божае Богу.
26
І не змаглі яны злавіць Яго на слове перад народам,
і, здзівіўшыся адказу Яго, замоўклі.
27
Тады падышлі да Яго некаторыя з садукеяў,
якія кажуць, што няма ўваскрасення,
і спыталі Яго,
28
кажучы: Настаўнік! Маісей напісаў нам:
"калі ў каго памрэ брат, што меў жонку, і памрэ бяздзетным,
то няхай брат яго возьме жонку і адродзіць семя брату свайму";
29
было сем братоў;
і першы, узяўшы жонку, памёр бяздзетны;
30
і ўзяў другі тую жонку,
і ён памёр бяздзетны;
31
і трэці ўзяў яе,
і так усе сямёра;
і не пакінулі дзяцей, і памерлі,
32
пасля ж усіх памерла і жонка;
33
дык вось, пры ўваскрасенні катораму з іх будзе яна жонкаю?
бо сямёра мелі яе жонкаю.
34
І сказаў ім Іісус у адказ:
сыны веку гэтага жэняцца і выходзяць замуж,
35
а спадобленыя дасягнуць таго веку і ўваскрасення з мёртвых
не жэняцца і замуж не выходзяць;
36
і памерці ўжо не могуць,
бо яны роўныя Ангелам і сыны Божыя яны,
будучы сынамі ўваскрасення.
37
А што мёртвыя ўваскрэснуць,
і Маісей паказаў у аповедзе пра купіну,
называючы Госпада Богам Аўраама і Богам Ісаака, і Богам Іакава.
38
Ён жа Бог не мёртвых, а жывых,
бо ў Яго ўсе жывыя.
39
У адказ некаторыя з кніжнікаў сказалі:
Настаўнік! Ты добра сказаў.
40
І ўжо больш не асмельваліся пытацца ў Яго ні пра што.
Ён жа сказаў ім:
41
як гэта гавораць, што Хрыстос — сын Давідаў?
42
А сам Давід гаворыць у кнізе псалмоў:
"сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі праваруч Мяне,
43
пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх".
44
Дык вось, Давід Госпадам Яго называе,
і як жа Ён сын яму?
45
І калі слухаў увесь народ, Ён сказаў вучням Сваім:
46
сцеражыцеся кніжнікаў, якім падабаецца хадзіць у доўгіх уборах
і якія любяць вітанні на плошчах і наперадзе сядзець у сінагогах,
і ўзляжаць наперадзе на гасцінах,
47
і якія праядаюць дамы ўдоў і напаказ доўга моляцца;
яны прымуць большае асуджэнне.