1
Глянуўшы, Ён убачыў багатых,
што клалі дары свае ў скарбніцу;
2
убачыў таксама і адну бедную ўдаву,
якая паклала туды дзве лепты,
3
і сказаў: праўду кажу вам,
што ўдава гэтая бедная больш за ўсіх паклала;
4
бо ўсе гэтыя ад дастатку свайго паклалі ў дар Богу,
а яна з нястачы сваёй
увесь пражытак, які мела, паклала.
5
І калі некаторыя гаварылі пра храм,
што ён каштоўнымі камянямі і дарункамі ўпрыгожаны,
Ён сказаў:
6
прыйдуць дні, калі з таго, што вы тут бачыце,
не застанецца каменя на камені,
які не будзе зруйнаваны.
7
І спыталіся ў Яго, кажучы: Настаўнік! калі ж гэта будзе?
і якое знаменне, калі павінна гэта збыцца?
8
Ён жа сказаў: сцеражыцеся, каб не ўвялі вас у зман;
бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы, што гэта Я.
І гэты час наблізіўся;
не ідзіце за імі.
9
Калі ж пачуеце пра войны і смуты, не жахайцеся,
бо гэта павінна быць спачатку;
але не адразу канец.
10
Тады сказаў ім:
паўстане народ на народ і царства на царства,
11
і будуць вялікія землятрусы месцамі,
і голад,
і мор,
будуць і жахі,
і знаменні вялікія з неба.
12
Але перад гэтым усім пакладуць на вас рукі свае і будуць гнаць,
аддаючы ў сінагогі і ў цямніцы,
і павядуць да цароў і да правіцеляў за імя Маё;
13
будзе ж гэта вам дзеля сведчання.
14
Так што пакладзіце ў сэрцах сваіх
не абдумваць загадзя, што адказваць,
15
бо Я дам вам вусны і мудрасць,
якой не змогуць супрацьстаяць або пярэчыць
усе праціўнікі вашы.
16
Выдадзены ж будзеце і бацькамі,
і братамі, і сваякамі, і сябрамі;
і заб’юць некаторых з вас;
17
і будзеце зненавіджаныя ўсімі за імя Маё;
18
але і волас з галавы вашай не прападзе;
19
цярпеннем вашым здабудзьце душы вашы.
20
Калі ж убачыце акружаны войскам Іерусалім,
тады ведайце, што наблізілася спусташэнне яго;
21
тады тыя, хто ёсць у Іудзеі, няхай бягуць у горы,
а хто ў горадзе, няхай выходзяць,
а хто ў ваколіцах, няхай не ўваходзяць у яго,
22
таму што гэта дні пакарання,
каб споўнілася ўсё напісанае.
23
Гора ж цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі, у тыя дні,
бо вялікае бедства будзе на зямлі
і гнеў на народ гэты;
24
і ўпадуць ад вастрыя мяча,
і будуць адведзены ў палон ва ўсе народы,
і Іерусалім будзе патаптаны язычнікамі,
пакуль не скончацца часы язычнікаў.
25
І будуць знаменні на сонцы і месяцы, і зорках,
а на зямлі туга народаў у роспачы
ад шуму марскога і хвалявання;
26
і людзі будуць мярцвець ад страху
і чакання таго, што надыходзіць на сусвет,
бо сілы нябесныя зрушацца,
27
і тады ўбачаць Сына Чалавечага,
Які прыйдзе на воблаку з сілаю і славаю вялікаю.
28
Калі ж пачне гэта збывацца,
то выпрастайцеся і ўзніміце галовы вашы,
таму што набліжаецца адкупленне ваша.
29
І сказаў ім прытчу:
паглядзіце на смакоўніцу і на ўсе дрэвы:
30
калі яны ўжо распускаюцца,
вы, бачачы гэта, самі ведаеце, што блізка лета.
31
Так і вы, калі ўбачыце, што гэта збываецца,
ведайце, што блізка Царства Божае.
32
Праўду кажу вам:
не міне род гэты, як усё гэта будзе;
33
неба і зямля мінуць, а словы Мае не мінуць.
34
Сцеражыцеся, каб сэрцы вашы
не абцяжарваліся абжорствам і п’янствам, і клопатамі жыццёвымі,
і каб не прыйшоў да вас неспадзявана дзень той;
35
бо ён, як пастка,
прыйдзе на ўсіх, што жывуць на абліччы ўсёй зямлі;
36
дык будзьце пільныя і ўвесь час маліцеся,
каб спадобіліся вы пазбегнуць усяго гэтага, што мае адбыцца,
і стаць перад Сынам Чалавечым.
37
Удзень Ён вучыў у храме,
а ночы, выходзячы, праводзіў на гары,
называнай Елеонскаю.
38
І ўвесь народ з раніцы прыходзіў да Яго ў храм слухаць Яго.