1
Набліжалася свята праснакоў,
што называецца Пасхаю;
2
і шукалі першасвятары і кніжнікі,
як забіць Яго, бо яны баяліся народу.
3
Увайшоў жа сатана ў Іуду, званага Іскарыётам,
аднаго з ліку дванаццаці,
4
і ён, пайшоўшы,
дамовіўся з першасвятарамі і начальнікамі,
як ён ім выдасць Яго.
5
І яны ўзрадаваліся і пагадзіліся даць яму срэбранікаў;
6
і ён абяцаў
і шукаў нагоды выдаць Яго ім не пры народзе.
7
Надышоў жа дзень праснакоў,
у які належала прыносіць пасхальную ахвяру;
8
і паслаў Ён Пятра і Іаана,
сказаўшы: пайдзіце, прыгатуйце нам есці пасху.
9
Яны ж сказалі Яму: дзе хочаш, каб мы прыгатавалі?
10
Ён сказаў ім: вось, калі вы будзеце ўваходзіць у горад,
то сустрэнецца вам чалавек, які будзе несці збан вады;
ідзіце ўслед за ім у дом, у які ён увойдзе,
11
і скажыце гаспадару дома:
"Настаўнік кажа табе: дзе пакой,
у якім Мне есці пасху з вучнямі Маімі?"
12
І ён вам пакажа верхні пакой вялікі, усланы;
там прыгатуйце.
13
Яны пайшлі
і знайшлі, як Ён сказаў ім;
і прыгатавалі пасху.
14
І, калі надышоў час, Ён узлёг,
і дванаццаць апосталаў з Ім,
15
і сказаў ім:
вельмі жадаў Я гэтую пасху есці з вамі,
перш чым мукі прыму,
16
бо кажу вам,
што ўжо не буду есці яе,
пакуль не здзейсніцца яна ў Царстве Божым.
17
І, узяўшы чашу, узнёс падзяку
і сказаў: прыміце яе і падзяліце між сабою,
18
бо кажу вам,
што не буду піць ад плоду вінаграднага,
пакуль не прыйдзе Царства Божае.
19
І, узяўшы хлеб, узнёс падзяку, пераламіў і даў ім,
кажучы: гэта цела Маё, якое за вас аддаецца;
рабіце гэта на ўспамін пра Мяне.
20
Таксама і чашу пасля вячэры,
кажучы: гэтая чаша — Новы Запавет у Маёй крыві,
якая за вас праліваецца.
21
Але вось рука таго, хто выдае Мяне, са Мною за сталом;
22
і ўсё ж Сын Чалавечы ідзе, як вызначана,
але гора таму чалавеку, які Яго выдае.
23
І яны пачалі пытацца адзін у аднаго,
хто б гэта з іх быў, што зробіць такое?
24
Была ж і спрэчка паміж імі,
хто з іх павінен лічыцца большым.
25
А Ён сказаў ім: цары народаў пануюць над імі,
і ўладары іх дабрадзеямі называюцца;
26
вы ж не так:
але большы сярод вас, няхай будзе як меншы,
а начальнік — як слуга.
27
Бо хто большы:
той, хто ўзляжыць, ці той, хто прыслужвае?
Хіба не той, хто ўзляжыць?
А Я пасярод вас як той, хто прыслужвае.
28
Вы ж ператрывалі са Мною ў выпрабаваннях Маіх,
29
і Я завяшчаю вам, як завяшчаў Мне Айцец Мой, Царства,
30
каб вы елі і пілі за трапезаю Маёю ў Царстве Маім,
і будзеце сядзець на прастолах
і судзіць дванаццаць кален Ізраілевых.
31
І сказаў Гасподзь: Сімане! Сімане!
вось, сатана прасіў, каб прасеяць вас, як пшаніцу;
32
але Я маліўся за цябе, каб не знікла вера твая;
і ты некалі, вярнуўшыся, умацуй братоў тваіх.
33
Ён жа сказаў Яму: Госпадзі!
з Табою я гатовы і ў цямніцу, і на смерць ісці.
34
А Ён сказаў: кажу табе, Пётр,
не прапяе сёння певень,
як ты тройчы адрачэшся, сказаўшы, што не ведаеш Мяне.
35
І сказаў ім:
калі Я пасылаў вас без мяшка і без торбы, і без абутку,
ці мелі вы ў чым нястачу?
Яны ж адказалі: ні ў чым.
36
Сказаў жа ім:
але цяпер хто мае мяшок, няхай возьме яго, гэтаксама і торбу;
а хто не мае, няхай прадасць вопратку сваю і купіць меч;
37
бо кажу вам,
што павінна яшчэ споўніцца на Мне гэта напісанае:
"і да злачынцаў залічаны".
Бо тое, што пра Мяне, набліжаецца да канца.
38
Яны ж сказалі: Госпадзі! вось тут два мячы.
Ён сказаў ім: даволі.
39
І, выйшаўшы, пайшоў, як звычайна, на гару Елеонскую;
і следам за Ім пайшлі вучні Яго.
40
Прыйшоўшы на месца, Ён сказаў ім:
маліцеся, каб не ўпасці вам у спакусу.
41
І Сам адступіў ад іх на адлегласць кінутага каменя,
і, стаўшы на калені, маліўся,
42
кажучы: Ойча!
калі хочаш, пранясі чашу гэтую міма Мяне!
аднак не Мая воля, а Твая няхай будзе.
43
Явіўся ж Яму Ангел з неба і ўмацоўваў Яго.
44
І Ён, перажываючы ўнутраную барацьбу, старанней маліўся;
і зрабіўся пот Яго, як кроплі крыві, што падалі на зямлю.
45
І, устаўшы з малітвы і прыйшоўшы да вучняў,
Ён знайшоў, што яны спяць ад смутку,
46
і сказаў ім: што спіце?
устаньце і маліцеся, каб не ўпасці вам у спакусу.
47
Яшчэ калі Ён гаварыў гэта, тады з’явіўся натоўп,
і той, каго звалі Іуда, адзін з дванаццаці, ішоў паперадзе,
і ён наблізіўся да Іісуса, каб пацалаваць Яго.
Бо ён даў ім такі знак: Каго я пацалую, Той і ёсць.
48
Іісус жа сказаў яму: Іуда!
пацалункам Сына Чалавечага выдаеш?
49
Тыя, што былі з Ім, бачачы, да чаго ідзе,
сказалі: Госпадзі! ці не ўдарыць нам мячом?
50
І адзін з іх ударыў першасвятаровага раба
і адсек яму правае вуха.
51
На гэта Іісус сказаў: пакіньце, хопіць.
І, дакрануўшыся да вуха яго, ацаліў яго.
52
Сказаў жа Іісус
першасвятарам, і начальнікам аховы храма, і старэйшынам,
якія сабраліся супраць Яго: быццам на разбойніка
выйшлі вы з мячамі і каламі, каб узяць Мяне?
53
штодня бываў Я з вамі ў храме,
і вы не паднялі рук на Мяне;
але гэта — ваша гадзіна і ўлада цемры.
54
І, узяўшы Яго, павялі і прывялі ў дом першасвятара.
Пётр жа ішоў следам здалёку.
55
Калі ж яны расклалі агонь пасярод двара і селі разам,
сядзеў і Пётр паміж імі.
56
І адна служанка, убачыўшы яго, што сядзеў пры агні,
і прыгледзеўшыся да яго, сказала: і гэты з Ім быў.
57
Але ён адрокся ад Яго,
кажучы: жанчына, я не ведаю Яго.
58
І неўзабаве другі, убачыўшы яго,
сказаў: і ты з іх.
Але Пётр сказаў: чалавеча, не.
59
І, як прайшло каля адной гадзіны,
нехта іншы настойваў, кажучы:
сапраўды і гэты з Ім быў, бо ён Галілеянін.
60
Але Пётр сказаў: чалавеча, я не ведаю, што ты гаворыш.
І адразу, калі ён яшчэ гаварыў, заспяваў певень.
61
І, абярнуўшыся, Гасподзь паглядзеў на Пятра;
і ўспомніў Пётр слова Гасподняе, як Ён сказаў яму:
перш чым заспявае певень, адрачэшся ад Мяне тройчы.
62
І, выйшаўшы вон, горка заплакаў.
63
А людзі, якія трымалі Іісуса,
насміхаліся з Яго і білі;
64
і, накрыўшы Яго, білі Яго па твары
і пыталіся ў Яго, кажучы: прароч, хто ўдарыў Цябе?
65
І многа іншых хуленняў гаварылі супраць Яго.
66
І калі настаў дзень,
сабраліся старэйшыны народа і першасвятары, і кніжнікі,
і прывялі Яго ў сінедрыён свой
67
і сказалі: ці Ты Хрыстос? скажы нам.
Ён жа сказаў ім: калі Я скажу вам, вы не паверыце;
68
а калі і спытаюся ў вас, не адкажаце Мне
і не адпусціце;
69
адгэтуль Сын Чалавечы будзе сядзець праваруч сілы Божай.
70
І сказалі ўсе: дык Ты — Сын Божы?
Ён жа сказаў ім: вы кажаце, што Я.
71
Яны ж сказалі: якое нам яшчэ трэба сведчанне?
мы ж самі чулі з вуснаў Яго!