1
І ўстала ўсё мноства іх,
і павялі Яго да Пілата,
2
І пачалі абвінавачваць Яго,
гаворачы: мы выявілі, што Ён падбухторвае народ наш
і забараняе даваць падатак кесару,
называючы Сябе Хрыстом Царом.
3
Пілат запытаў Яго, кажучы: Ты Цар Іудзейскі?
Ён жа сказаў Яму ў адказ: ты кажаш.
4
І Пілат сказаў першасвятарам і народу:
я не знаходжу ніякай віны ў Гэтым Чалавеку.
5
Але яны настойвалі,
кажучы, што Ён бунтуе народ, навучаючы па ўсёй Іудзеі,
пачаўшы з Галілеі аж дасюль.
6
Пілат жа, пачуўшы пра Галілею,
спытаўся: хіба Гэты Чалавек Галілеянін?
7
І, даведаўшыся, што Ён з уладанняў Ірадавых,
паслаў Яго да Ірада, які таксама быў у Іерусаліме ў тыя дні.
8
Ірад жа, убачыўшы Іісуса, вельмі ўзрадаваўся,
бо ён даўно ўжо хацеў бачыць Яго, паколькі чуў пра Яго многа
і спадзяваўся ўбачыць нейкае знаменне, Ім здзейсненае;
9
і задаваў Яму шмат пытанняў,
але Ён нічога не адказваў яму.
10
І стаялі першасвятары і кніжнікі, і зацята абвінавачвалі Яго.
11
А Ірад са сваімі воінамі,
зняважыўшы Яго і наглуміўшыся,
апрануў Яго ў светлую адзежу
і адаслаў Яго да Пілата.
12
І зрабіліся прыяцелямі між сабою Пілат і Ірад у той дзень;
раней жа мелі варожасць адзін да аднаго.
13
Пілат жа, склікаўшы першасвятароў і начальнікаў, і народ,
14
сказаў ім:
вы прывялі да мяне Гэтага Чалавека, Які нібыта бухторыць народ;
і вось я перад вамі расследаваў
і не знайшоў у Чалавеку Гэтым ніякай віны
з таго, у чым вы Яго абвінавачваеце;
15
і Ірад таксама, бо я пасылаў да яго,
і вось нічога вартага смерці не зроблена Ім;
16
таму, пакараўшы Яго, адпушчу.
17
А яму трэба было дзеля свята адпусціць ім аднаго вязня.
18
Але яны закрычалі ўсе разам,
кажучы: смерць Яму! адпусці ж нам Вараву.
19
А той быў за нейкі бунт, учынены ў горадзе,
і забойства пасаджаны ў цямніцу.
20
І зноў Пілат узвысіў голас,
хочучы адпусціць Іісуса.
21
Але яны крычалі, кажучы: распні, распні Яго!
22
І трэці раз сказаў ім: якое ж зло ўчыніў Ён?
нічога вартага смерці я не знайшоў у Ім;
таму, пакараўшы Яго, адпушчу.
23
Яны ж настойвалі з моцнымі крыкамі, патрабуючы,
каб Ён быў распяты;
і перамаглі крыкі іх і першасвятароў.
24
І Пілат вырашыў, каб было паводле патрабавання іх,
25
і адпусціў пасаджанага за бунт і забойства ў цямніцу,
якога яны прасілі,
а Іісуса аддаў на іх волю.
26
І калі павялі Яго,
то, забраўшы нейкага Сімана Кірынеяніна, які ішоў з поля,
усклалі на яго крыж, каб нёс за Іісусам.
27
І ўслед за Ім ішло вялікае мноства народу і жанчын,
якія рыдалі і галасілі па Ім.
28
Абярнуўшыся да іх,
Іісус сказаў: дочкі Іерусалімскія! не плачце па Мне,
а плачце па сабе і дзецях вашых;
29
бо вось надыходзяць дні,
у якія скажуць: "блажэнныя няплодныя,
і ўлонні, якія не раджалі,
і грудзі, якія не кармілі";
30
тады пачнуць гаварыць гарам: "упадзіце на нас",
і ўзгоркам: "пакрыйце нас";
31
бо калі з зялёным дрэвам гэта робяць,
то з сухім што будзе?
32
Вялі ж з Ім яшчэ і двух злачынцаў, каб пакараць смерцю.
33
І калі прыйшлі на месца, званае Лобным,
там распялі Яго і злачынцаў,
аднаго справа, а другога злева.
34
Іісус жа казаў: Ойча! даруй ім,
бо яны не ведаюць, што робяць.
І, дзелячы адзежу Яго, кідалі жэрабя.
35
І стаялі людзі і глядзелі.
Насміхаліся з імі разам і начальнікі,
кажучы: іншых збаўляў,
няхай збавіць Самога Сябе, калі Ён Хрыстос, Божы абраннік.
36
Глуміліся з Яго і воіны,
падыходзячы і падносячы Яму воцат,
37
і кажучы: калі Ты Цар Іудзейскі, збаў Самога Сябе.
38
Быў жа і надпіс
напісаны над Ім літарамі грэчаскімі і рымскімі і яўрэйскімі:
Гэта Цар Іудзейскі.
39
І адзін з павешаных злачынцаў зневажаў Яго,
кажучы: калі Ты Хрыстос, збаў Сябе і нас.
40
Другі ж у адказ, сунімаючы яго,
казаў: хіба ты не баішся Бога, бо сам на тое ж асуджаны?
41
але мы — справядліва,
бо належнае за ўчынкі нашы атрымліваем,
а Ён нічога дрэннага не зрабіў.
42
І сказаў Іісусу: памяні мяне, Госпадзі,
калі прыйдзеш у Царства Тваё.
43
І сказаў яму Іісус: праўду кажу табе,
сёння са Мною будзеш у раі.
44
Было ж каля шостай гадзіны,
і цемра была па ўсёй зямлі да гадзіны дзевятай;
45
і памеркла сонца,
і завеса ў храме разадралася напалам.
46
І, ускрыкнуўшы моцным голасам,
Іісус сказаў: Ойча! у рукі Твае аддаю дух Мой!
І, сказаўшы гэта, спусціў дух.
47
Сотнік жа, убачыўшы, што адбылося, праславіў Бога,
кажучы: сапраўды, Чалавек Гэты быў праведны.
48
І ўсе людзі, якія сабраліся на гэтае відовішча,
убачыўшы, што адбылося, вярталіся, б’ючы сябе ў грудзі.
49
Усе ж знаёмыя Яго
і жанчыны, якія прыйшлі следам за Ім з Галілеі,
стаялі воддаль і глядзелі на гэта.
50
І вось муж па імені Іосіф, саветнік,
чалавек добры і праведны,
51
які не далучыўся да рашэння і справы іх,
з Арымафеі, горада Іудзейскага,
і ён таксама чакаў Царства Божага;
52
прыйшоўшы да Пілата, ён прасіў цела Іісусава;
53
і, зняўшы Яго, абвіў плашчаніцаю
і паклаў Яго ў магілу, высечаную у скале,
дзе яшчэ ніхто не ляжаў.
54
А дзень той быў пятніца,
і наставала субота.
55
І, пайшоўшы ўслед, жанчыны, што прыйшлі з Ім з Галілеі,
бачылі магілу
і як было пакладзена цела Яго;
56
вярнуўшыся, яны падрыхтавалі духмянасці і міра;
у суботу ж адпачывалі, паводле запаведзі.