1
А ў першы дзень тыдня, вельмі рана,
несучы падрыхтаваныя духмянасці, яны прыйшлі да магілы,
і іншыя з імі;
2
але знайшлі, што камень адвалены ад магілы,
3
і, увайшоўшы, не знайшлі цела Госпада Іісуса.
4
І сталася: калі яны былі ў недаўменні ад гэтага,
вось з’явіліся перад імі два мужы ў бліскучым адзенні.
5
Калі ж яны спалохаліся і схілілі твары да зямлі,
тыя сказалі ім: што вы шукаеце жывога сярод мёртвых?
6
Яго няма тут, Ён уваскрэс;
успомніце, як Ён гаварыў вам, калі быў яшчэ ў Галілеі,
7
кажучы, што Сын Чалавечы
мае быць аддадзены ў рукі людзей грэшных,
і быць распяты,
і на трэці дзень ўваскрэснуць.
8
І ўспомнілі яны словы Яго,
9
і, вярнуўшыся ад магілы,
паведамілі ўсё гэта адзінаццаці і ўсім іншым.
10
Былі ж гэта Магдаліна Марыя,
і Іаанна, і Марыя, маці Іакава,
і іншыя з імі, якія сказалі пра гэта Апосталам.
11
І здаліся ім пустымі словы гэтыя,
і не паверылі ім.
12
Але Петр, устаўшы, пабег да магілы
і, нахіліўшыся, убачыў, што толькі палотны ляжаць;
і пайшоў назад, здзіўляючыся ў сабе таму, што адбылося.
13
І вось двое з іх у той жа дзень ішлі ў паселішча,
якое знаходзілася стадыях у шасцідзесяці ад Іерусаліма
і называлася Эмаус;
14
і яны размаўлялі між сабою пра ўсё тое, што адбылося.
15
І сталася: калі яны размаўлялі і разважалі,
Сам Іісус, наблізіўшыся, пайшоў з імі,
16
але вочы іх былі стрыманы, так што яны не пазналі Яго.
17
Ён жа сказаў ім:
пра што гэта вы, ідучы, разважаеце між сабою
і чаму такія засмучаныя?
18
У адказ адзін, імя якога Клеопа, сказаў Яму:
Ты адзіны з падарожных у Іерусаліме не ведаеш пра тое,
што адбылося ў ім у гэтыя дні?
19
І сказаў ім: пра што?
Яны ж сказалі Яму: пра тое, што адбылося з Іісусам Назаранінам,
Які быў прарок, моцны ў справе і слове
перад Богам і ўсім народам,
20
і як выдалі Яго першасвятары і начальнікі нашы
для асуджэння на смерць і распялі Яго;
21
а мы спадзяваліся, што Ён Той,
Хто павінен выбавіць Ізраіля,
але пры ўсім гэтым, сёння трэці дзень, як гэта сталася;
22
але і некаторыя жанчыны з нашых уразілі нас:
пабываўшы рана каля магілы
23
і не знайшоўшы цела Яго,
яны прыйшлі і казалі, што бачылі і яўленне Ангелаў,
якія кажуць, што Ён жывы;
24
і пайшлі некаторыя з нашых да магілы
і знайшлі ўсё так, як і жанчыны сказалі,
але Яго не бачылі.
25
І Ён сказаў ім:
о неразважлівыя і марудлівыя сэрцам,
каб верыць усяму, што гаварылі прарокі!
26
ці не так належала адпакутаваць Хрысту і ўвайсці ў славу Сваю?
27
І, пачаўшы ад Маісея і ад прарокаў,
тлумачыў ім ва ўсім Пісанні тое, што сказана пра Яго.
28
І наблізіліся яны да паселішча, у якое ішлі;
і Ён рабіў выгляд, што пойдзе далей;
29
а яны затрымлівалі Яго,
кажучы: застанься з намі,
бо вечарэе і дзень на зыходзе.
І Ён увайшоў, каб застацца з імі.
30
І сталася: калі Ён узляжаў з імі,
то, узяўшы хлеб, благаславіў
і, пераламіўшы, даваў ім.
31
І адкрыліся ў іх вочы,
і яны пазналі Яго,
ды Ён стаў нябачны для іх.
32
І сказалі яны адзін аднаму: хіба не гарэла наша сэрца ў нас,
калі гаварыў Ён з намі па дарозе
і калі тлумачыў нам Пісанне?
33
І, устаўшы ў той жа час, яны вярнуліся ў Іерусалім
і знайшлі сабраных разам адзінаццаць і тых, што былі з імі,
34
якія гаварылі,
што Гасподзь сапраўды ўваскрэс і явіўся Сіману.
35
А яны расказвалі, што было ў дарозе
і як яны пазналі Яго пры пераламленні хлеба.
36
Калі ж яны гаварылі пра гэта,
Сам Іісус стаў пасярод іх
і сказаў: мір вам.
37
Яны ж, сумеўшыся і спалохаўшыся,
думалі, што бачаць духа;
38
а Ён сказаў ім: чаго вы збянтэжаныя
і чаму сумненні ўваходзяць у сэрцы вашы?
39
паглядзіце на рукі Мае і на ногі Мае:
гэта Я Сам;
дакраніцеся да Мяне і паглядзіце:
дух не мае плоці і касцей, што, як бачыце, Я маю.
40
І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і ногі.
41
Калі ж яны яшчэ не верылі ад радасці і здзіўляліся,
Ён сказаў ім: ці ёсць у вас тут якая ежа?
42
Яны ж падалі Яму кавалак печанай рыбы і мёду ў сотах.
43
І, узяўшы, Ён перад імі з’еў
44
і сказаў ім: вось словы, якія Я гаварыў вам, калі яшчэ быў з вамі,
што павінна здзейсніцца ўсё,
напісанае ў законе Маісеевым і ў прарокаў, і ў псалмах пра Мяне.
45
Тады Ён адкрыў ім розум для разумення Пісанняў
46
і сказаў ім: так напісана
і так належала адпакутаваць Хрысту
і ўваскрэснуць з мёртвых на трэці дзень,
47
і каб было прапаведана ў імя Яго пакаянне
і адпушчэнне грахоў ва ўсіх народах, пачынаючы з Іерусаліма;
48
вы ж сведкі гэтага;
49
і вось Я пашлю абяцанае Айцом Маім на вас;
а вы заставайцеся ў горадзе Іерусаліме,
пакуль не апранецеся сілаю з вышыні.
50
І Ён вывеў іх да Віфаніі
і, узняўшы рукі Свае, благаславіў іх.
51
І сталася: калі Ён благаслаўляў іх,
то пачаў аддаляцца ад іх і ўзносіцца на неба.
52
І яны пакланіліся Яму
і вярнуліся ў Іерусалім з радасцю вялікаю,
53
і былі заўсёды ў храме,
хвалячы і благаслаўляючы Бога.
Амінь.