1
У пятнаццаты ж год праўлення кесара Тыверыя,
калі Понцій Пілат быў намеснікам у Іудзеі,
Ірад быў тэтрархам у Галілеі,
а Філіп, брат яго
тэтрархам у Ітурэі і Траханіцкай зямлі,
а Лісаній тэтрархам у Авілінеі,
2
пры першасвятарах Анне і Каіафе,
было слова Божае да Іаана, сына Захарыі,
у пустыні.
3
І прайшоў ён усё наваколле Іарданскае,
прапаведуючы хрышчэнне пакаяння дзеля адпушчэння грахоў,
4
як напісана ў кнізе слоў Ісаіі прарока:
"голас таго, хто кліча ў пустыні:
падрыхтуйце шлях Госпаду,
простымі зрабіце сцежкі Яму;
5
кожны дол няхай напоўніцца,
і кожная гара і ўзгорак няхай панізяцца,
і крывое няхай выпрастаецца,
і няроўныя дарогі стануць гладкімі,
6
і ўбачыць кожная плоць збаўленне Божае".
7
І вось сказаў народу, які прыходзіў хрысціцца ад яго:
адроддзе яхідніна!
хто намовіў вас уцякаць ад будучага гневу?
8
Прынясіце ж годныя плады пакаяння і не думайце гаварыць самі сабе: "бацька ў нас Аўраам";
бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых узвесці дзяцей Аўрааму.
9
Ужо і сякера пры корані дрэў ляжыць:
бо ўсякае дрэва, якое не родзіць добрага плоду,
ссякаюць і кідаюць у агонь.
10
І пытаўся ў яго народ, кажучы: што ж рабіць нам?
11
Ён жа гаворыць ім у адказ:
хто мае дзве кашулі, няхай дасць таму, хто не мае,
і хто мае ежу, няхай зробіць гэтаксама.
12
Прыйшлі і мытнікі хрысціцца ад яго
і сказалі яму: настаўнік! што нам рабіць?
13
А ён сказаў ім: нічога больш за вызначанае вам не спаганяйце.
14
Пыталіся ў яго таксама і воіны, гаворачы: а нам што рабіць?
І сказаў ім: не чыніце крыўды нікому, не даносьце
і задавальняйцеся платай сваёй.
15
Калі ж народ быў у чаканні
і ўсе разважалі ў сэрцах сваіх пра Іаана,
ці не Хрыстос ён, —
16
адказаў Іаан усім, гаворачы: я вадою хрышчу вас,
але ідзе Мацнейшы за мяне,
у Якога я няварты развязаць рамень абутку Яго;
Ён будзе хрысціць вас Духам Святым і агнём.
17
Лапата Яго ў руцэ Яго,
і Ён ачысціць гумно Сваё,
і збярэ пшаніцу ў жытніцу сваю,
а мякіну спаліць агнём непагасным.
18
І многа ў чым іншым настаўляючы, дабравесціў ён народу.
19
А Ірад тэтрарх,
выкрываны ім за Ірадыяду, жонку Філіпа, брата свайго,
і за ўсё ліхое, што зрабіў Ірад,
20
дадаў да ўсяго яшчэ і тое,
што зачыніў Іаана ў цямніцы.
21
І сталася: калі хрысціўся ўвесь народ,
і Іісус, ахрысціўшыся, маліўся,
раскрылася неба,
22
і сышоў на Яго Дух Святы ў цялесным выглядзе, як голуб,
і голас быў з неба, які прамовіў: Ты Сын Мой Узлюблены,
Цябе Я ўпадабаў.
23
А Сам Іісус меў гадоў трыццаць,
калі распачынаў, і быў, як думалі, Сын Іосіфаў, Іліеў,
24
Матфатаў, Левіеў, Мелхіеў, Іанаеў, Іосіфаў,
25
Матафіеў, Амосаў, Наумаў, Еслімаў, Наггееў,
26
Маафаў, Матафіеў, Семеіеў, Іосіфаў, Іудаў,
27
Іаананаў, Рысаеў, Зарававелеў, Салафіілеў, Нірыеў,
28
Мелхіеў, Аддзіеў, Касамаў, Елмадамаў, Іраў,
29
Іасіеў, Еліезераў, Іарымаў, Матфатаў, Левіеў,
30
Сімяонаў, Іудаў, Іосіфаў, Іананаў, Еліакімаў,
31
Мелеаеў, Маінанаў, Маттафаеў, Нафанаў, Давідаў,
32
Іесееў, Авідаў, Ваозаў, Салмонаў, Наасонаў,
33
Амінадаваў, Арамаў, Есромаў, Фарэсаў, Іудаў,
34
Іакаваў, Ісаакаў, Аўраамаў, Фараў, Нахораў,
35
Серухаў, Рагаваў, Фалекаў, Евераў, Салаў,
36
Каінанаў, Арфаксадаў, Сімаў, Ноеў, Ламехаў,
37
Мафусалаў, Енохаў, Іарэдаў, Малелеілаў, Каінанаў,
38
Еносаў, Сіфаў, Адамаў, Божы.