1
Іісус жа, поўны Духа Святога,
вярнуўся ад Іардана;
і паведзены быў Духам у пустыню,
2
дзе сорак дзён спакушаў Яго дыявал;
і не еў нічога ў тыя дні;
а як скончыліся яны, урэшце адчуў голад.
3
І сказаў Яму дыявал: калі Ты Сын Божы,
скажы каменю гэтаму, каб стаў хлебам.
4
І сказаў Іісус яму ў адказ: напісана,
што "не хлебам адным будзе жыць чалавек,
а ўсякім словам Божым".
5
І, узвёўшы Яго на высокую гару,
паказаў Яму дыявал усе царствы свету
ў імгненне часу,
6
і сказаў Яму дыявал: Табе дам усю ўладу гэтую і славу іх,
бо мне яна перададзена,
і я, каму хачу, даю яе;
7
і вось, калі Ты паклонішся перада мною, будзе ўсё Тваё.
8
І ў адказ Іісус сказаў яму: адыдзі ад Мяне, сатана;
бо напісана: "Госпаду Богу твайму пакланяйся
і Яму аднаму служы".
9
І павёў Яго ў Іерусалім,
і паставіў Яго на крыле храма,
і сказаў Яму: калі Ты Сын Божы,
кінься адсюль уніз;
10
бо напісана: "Ангелам Сваім Ён накажа пра Цябе ахаваць Цябе;
11
і на руках панясуць Цябе,
каб не спатыкнуўся Ты аб камень нагою Тваёю".
12
І ў адказ Іісус сказаў яму:
сказана: "не спакушай Госпада Бога твайго".
13
І, скончыўшы ўсё спакушэнне,
дыявал адышоў ад Яго да пэўнага часу.
14
І вярнуўся Іісус у сіле Духа ў Галілею;
і вестка пра Яго разышлася па ўсім наваколлі.
15
І Ён вучыў у іх сінагогах,
і ўсімі быў слаўлены.
16
І прыйшоў у Назарэт, дзе быў узгадаваны,
і ўвайшоў, па звычаю Свайму, у дзень суботні ў сінагогу,
і ўстаў, каб чытаць.
17
І падалі Яму кнігу Ісаіі прарока;
і, разгарнуўшы кнігу,
Ён знайшоў месца, дзе было напісана:
18
"Дух Гасподні на Мне,
бо Ён памазаў Мяне дабравесціць убогім,
паслаў Мяне ацаліць скрушаных у сэрцы,
абвясціць палонным вызваленне
і сляпым відушчасць,
адпусціць прыгнечаных на волю,
19
абвясціць год Гасподні спрыяльны.
20
І, згарнуўшы кнігу, аддаў служыцелю і сеў;
і вочы ўсіх у сінагозе былі звернуты да Яго.
21
І Ён пачаў гаварыць ім:
сёння споўнілася пісанне гэтае, пачутае вамі.
22
І ўсе засведчылі Яму гэта,
І дзівіліся словам благадаці, якія выходзілі з вуснаў Яго,
і гаварылі: ці не Іосіфаў гэта Сын?
23
Ён жа сказаў ім: вы, пэўна, скажаце Мне гэтае выслоўе:
"лекару! ацалі самога сябе";
тое, што, як мы чулі, адбылося ў Капернауме,
зрабі і тут, на бацькаўшчыне Тваёй.
24
І сказаў: праўду кажу вам,
што ніякага прарока не прымаюць на бацькаўшчыне яго.
25
Па праўдзе кажу вам: многа было ўдоў у Ізраілі ў дні Іліі,
калі зачынена было неба на тры гады і шэсць месяцаў,
так што настаў голад вялікі па ўсёй зямлі;
26
і ні адной з іх не быў пасланы Ілія,
толькі ў Сарэпту Сідонскую, да жанчыны-ўдавы;
27
і шмат было пракажоных у Ізраілі пры Елісеі прароку,
і ніводзін з іх не быў ачышчаны, акрамя Неемана Сірыяніна.
28
І напоўніліся ярасцю ўсе ў сінагозе, пачуўшы гэта;
29
і, падняўшыся, выгналі Яго прэч з горада,
і павялі Яго на верх гары, на якой горад іх быў пабудаваны,
каб скінуць Яго;
30
Ён жа, прайшоўшы паміж імі, адышоў.
31
І спусціўся ў Капернаум, горад Галілейскі;
і вучыў іх па суботах.
32
І здзіўляліся вельмі вучэнню Яго,
бо з уладаю было слова Яго.
33
І быў у сінагозе чалавек,
які меў духа дэмана нячыстага,
і закрычаў моцным голасам,
34
кажучы: пакінь;
што Табе да нас, Іісусе Назараніне?
Ты прыйшоў загубіць нас;
ведаю Цябе, хто Ты, Святы Божы.
35
Але Іісус забараніў яму,
кажучы: змоўкні і выйдзі з яго.
І дэман, кінуўшы яго на сярэдзіну,
выйшаў з яго, зусім не пашкодзіўшы яму.
36
І жах ахапіў усіх,
і размаўлялі паміж сабою, гаворачы: што гэта за слова,
што Ён з уладаю і сілаю загадвае духам нячыстым,
і яны выходзяць?
37
І разнеслася погаласка пра Яго па ўсіх навакольных мясцінах.
38
[Выйшаўшы з сінагогі, Ён увайшоў у дом Сімана;]
а цешча Сіманава была ахоплена моцнай гарачкай;
і прасілі Яго за яе.
39
І, стаўшы над ёю, Ён забараніў гарачцы;
і пакінула яе;
і адразу ўстаўшы, яна прыслужвала ім.
40
А як заходзіла сонца,
усе, хто меў хворых на розныя хваробы,
прыводзілі іх да Яго;
Ён жа, ускладаючы рукі на кожнага з іх, ацаляў іх.
41
Выходзілі таксама з многіх і дэманы, якія крычалі
і казалі: Ты Хрыстос, Сын Божы.
І, забараняючы, не дазваляў ім гаварыць,
бо яны ведалі, што Ён Хрыстос.
42
А як настаў дзень,
Ён, выйшаўшы, адправіўся ў пустэльнае месца;
і людзі шукалі Яго,
і прыйшлі да Яго,
і затрымлівалі Яго, каб не адыходзіў ад іх.
43
Але Ён сказаў ім:
і іншым гарадам павінен дабравесціць Я Царства Божае,
бо на тое Я пасланы.
44
І прапаведаваў у сінагогах Галілейскіх.