1
І сталася:
калі народ ціснуўся да Яго, каб пачуць слова Божае,
а Ён стаяў каля возера Генісарэцкага;
2
убачыў Ён дзве лодкі, што стаялі пры возеры;
а рыбакі, выйшаўшы з іх, прамывалі мярэжы.
3
Увайшоўшы ў адну з лодак, якая належала Сіману,
Ён прасіў яго адплыць крыху ад берага;
і, сеўшы, з лодкі вучыў народ.
4
А калі скончыў гаварыць, сказаў Сіману:
адплыві на глыбіню, і закіньце мярэжы вашы для лову.
5
І сказаў Сіман у адказ Яму:
Настаўнік! мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі,
але па слову Твайму закіну мярэжу.
6
І зрабіўшы гэта, яны злавілі вялікае мноства рыбы,
нават мярэжа іх прарывалася.
7
І далі знак супольнікам, якія былі ў другой лодцы,
каб прыйшлі памагчы ім;
і тыя прыйшлі,
і напоўнілі абедзве лодкі, так што яны пачыналі тануць.
8
Убачыўшы ж гэта, Сіман Пётр прыпаў да каленяў Іісусавых
і сказаў: выйдзі ад мяне, бо я чалавек грэшны, Госпадзі.
9
Таму што жах ахапіў яго і ўсіх, хто быў з ім,
ад такога ўлову рыбы, выцягнутай імі;
10
а таксама Іакава і Іаана, сыноў Зевядзеевых,
што былі таварышамі Сімана.
І сказаў Сіману Іісус: не бойся,
з гэтага часу будзеш лавіць людзей.
11
І, выцягнуўшы лодкі на бераг,
яны пакінулі ўсё і пайшлі ўслед за Ім.
12
І сталася: калі быў Іісус у адным з гарадоў,
вось чалавек, увесь у праказе,
убачыўшы Іісуса, упаў ніц, молячы Яго
і кажучы: Госпадзі! калі хочаш, можаш мяне ачысціць.
13
І, працягнуўшы руку, Іісус дакрануўся да яго
і сказаў: хачу, ачысціся.
І адразу праказа сышла з яго.
14
І Ён загадаў яму нікому не расказваць:
але ідзі, пакажыся святару
і прынясі ахвяру за ачышчэнне тваё,
як загадаў Маісей, дзеля сведчання ім.
15
Але ўсё болей разыходзіліся чуткі пра Яго;
і збіралася мноства народу
слухаць і ацаляцца ў Яго ад немачаў сваіх.
16
Ён жа адыходзіў у пустэльныя месцы і маліўся.
17
І сталася аднаго дня: Ён вучыў;
і сядзелі фарысеі і законавучыцелі,
якія прыйшлі з усіх вёсак Галілейскіх і Іудзейскіх і з Іерусаліма;
і сіла Гасподня была, каб ацаляць іх;
18
вось людзі прынеслі на пасцелі чалавека,
які быў паралізаваны,
і спрабавалі ўнесці яго і пакласці перад Іісусам;
19
і, не знайшоўшы як пранесці яго з-за натоўпу,
яны, падняўшыся на дах,
праз чарапіцу апусцілі яго з пасцеллю
на сярэдзіну перад Іісусам.
20
І Ён, убачыўшы веру іх,
сказаў яму: чалавеча, адпускаюцца табе грахі твае.
21
І пачалі разважаць кніжнікі і фарысеі,
гаворачы: хто гэта такі, што Бога зневажае?
хто можа адпускаць грахі акрамя аднаго Бога?
22
Іісус жа, зразумеўшы помыслы іх,
сказаў ім у адказ: што разважаеце ў сэрцах вашых?
23
што лягчэй — сказаць: "адпускаюцца табе грахі твае"
ці сказаць: "устань і хадзі"?
24
Але каб вы ведалі,
што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі, —
Ён сказаў паралізаванаму: табе кажу:
устань, вазьмі пасцель тваю і ідзі ў дом твой.
25
І адразу ўстаўшы перад імі
і ўзяўшы тое, на чым ляжаў,
ён пайшоў у дом свой, славячы Бога.
26
І жах ахапіў усіх,
і славілі Бога,
і, перапоўненыя страхам,
гаварылі: дзіўнае бачылі мы сёння.
27
І пасля гэтага Іісус выйшаў
і ўбачыў мытніка імем Левій,
які сядзеў на мытні,
і сказаў яму: ідзі ўслед за Мною.
28
І, пакінуўшы ўсё,
той устаў і пайшоў услед за Ім.
29
І зрабіў Левій для Яго вялікі пачастунак у доме сваім,
і было там мноства мытнікаў
і іншых, якія з імі ўзляжалі.
30
І наракалі кніжнікі іхнія і фарысеі на вучняў Яго,
кажучы: навошта вы з мытнікамі і грэшнікамі ясце і п‘яце?
31
І ў адказ Іісус сказаў ім:
не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, а хворыя;
32
Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў,
а грэшнікаў да пакаяння.
33
Яны ж сказалі Яму: чаму вучні Іаанавы
посцяцца часта і малітвы дзеюць,
гэтаксама і фарысейскія,
а Твае ядуць і п‘юць?
34
Ён жа сказаў ім:
хіба можаце вы прымусіць пасціць сыноў харомаў вясельных,
калі з імі жаніх?
35
Але прыйдуць дні, калі будзе ўзяты ад іх жаніх,
тады будуць пасціць у тыя дні.
36
Сказаў жа і прытчу ім:
ніхто латкі з адзежыны новай не прыстаўляе да адзежыны старой;
інакш і новую разарве, і да старой не падыдзе латка ад новай.
37
І ніхто не ўлівае віно маладое ў мяхі старыя;
інакш прарве маладое віно мяхі,
і само выцеча,
і мяхі прападуць;
38
а віно маладое ў мяхі новыя ўліваць трэба:
і зберагаецца тое і другое.
39
І ніхто, піўшы старое, не захоча адразу маладога,
бо кажа: старое лепшае.