1
І сталася пасля гэтага: Ён праходзіў па гарадах і вёсках,
прапаведуючы і дабравесцячы Царства Божае,
і дванаццаць з Ім,
2
і некаторыя жанчыны,
што былі ацалёныя ад духаў злых і немачаў:
Марыя, званая Магдалінаю,
з якой выйшла сем дэманаў,
3
Іаанна, жонка Хузы, домаўпраўніка Ірадавага,
і Сусанна,
і многія іншыя, што служылі Яму маёмасцю сваёй.
4
Калі ж сабралася мноства народу
і з усіх гарадоў папрыходзілі да Яго,
Ён сказаў прытчай:
5
Выйшаў сейбіт сеяць насенне сваё;
і калі сеяў,
адно ўпала пры дарозе і было патаптана,
і птушкі нябесныя падзяўблі яго;
6
а іншае ўпала на камень
і, узышоўшы, засохла, бо не мела вільгаці;
7
а іншае ўпала ў церні,
і выраслі церні і заглушылі яго;
8
а іншае ўпала на добрую зямлю
і, узышоўшы, урадзіла плод у сто крат.
Сказаўшы гэта, Іісус заклікаў:
хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
9
Вучні ж Яго пыталіся ў Яго, кажучы: што б значыла прытча гэта?
10
Ён жа сказаў:
вам дадзена ведаць тайны Царства Божага,
а астатнім — у прытчах,
каб яны бачачы не бачылі і чуючы не разумелі.
11
Вось што значыць прытча гэтая: насенне ёсць слова Божае;
12
і якое пры дарозе — гэта тыя,
што слухаюць, але потым прыходзіць дыявал
і забірае слова з сэрцаў іх,
каб не ўверавалі яны і не былі збаўленыя;
13
а якое на камені ўпала — гэта тыя,
што, пачуўшы, з радасцю прымаюць слова,
але яны не маюць кораня і да часу веруюць,
а ў час выпрабавання адпадаюць;
14
а што ўпала ў церні — гэта тыя,
што пачулі, але турботамі,
багаццем і ўцехамі жыццёвымі на шляху сваім заглушаюцца
і не даюць плёну;
15
а што на добрай зямлі — гэта тыя,
што, пачуўшы слова, захоўваюць яго ў шчырым і добрым сэрцы
і даюць плод у цярплівасці.
Сказаўшы гэта, Іісус заклікаў:
хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
16
Ніхто, запаліўшы свечку,
не пакрывае яе пасудзінай або не ставіць пад ложак,
а ставіць яе на падсвечнік,
каб тыя, што ўваходзяць, бачылі святло.
17
Бо няма нічога таемнага, што б не стала яўным,
ні схаванага, што б не стала вядомым і не выявілася.
18
Так што сачыце, як вы слухаеце;
бо хто мае, таму дадзена будзе,
а хто не мае, адымецца ў таго і тое, што ён думае, нібы мае.
19
І прыйшлі да Яго Маці і браты Яго,
і не маглі даступіцца да Яго з-за натоўпу.
20
І паведамілі Яму, кажучы:
Маці Твая і браты Твае стаяць на дварэ
і хочуць Цябе ўбачыць.
21
Ён жа сказаў ім у адказ: Маці Мая і браты Мае — гэта тыя,
што слухаюць слова Божае і выконваюць яго.
22
І сталася ў адзін з тых дзён:
увайшоў Ён у лодку з вучнямі Сваімі
і сказаў ім: пераправімся на той бок возера.
І яны адплылі.
23
Калі ж плылі, Ён заснуў.
І наляцеў бурны вецер на возера,
і пачало заліваць іх,
і былі яны ў небяспецы.
24
І, падышоўшы, разбудзілі Яго
і сказалі: Настаўнік! Настаўнік! мы гінем!
Ён жа, устаўшы, забараніў ветру і хвалям вады,
і яны супакоіліся і настала ціша.
25
Тады Ён сказаў ім: дзе вера ваша?
Яны ж, спалоханыя, дзівіліся і казалі адзін аднаму:
хто ж гэта Ён, што і вятрам загадвае і вадзе,
і слухаюцца Яго?
26
І прыплылі ў зямлю Гадарынскую,
што насупраць Галілеі.
27
Калі ж Ён выйшаў на зямлю,
сустрэў Яго нейкі чалавек з горада,
апантаны дэманамі з даўняга часу,
і адзення не насіў ён,
і ў доме не жыў, а ў магільных пячорах.
28
Убачыўшы Іісуса і закрычаўшы,
ён упаў перад Ім і моцным голасам сказаў:
што Табе да мяне, Іісусе, Сыне Бога Ўсявышняга?
малю Цябе, не муч мяне.
29
Таму што загадаў Іісус духу нячыстаму выйсці з чалавека;
бо доўгі час той хапаў яго,
і звязвалі яго ланцугамі і аковамі, і сцераглі;
але ён разрываў путы, і дэман гнаў яго ў пустыні.
30
І спытаўся ў яго Іісус, кажучы: як імя тваё?
Той адказаў: легіён;
бо многа дэманаў увайшло ў яго.
31
І яны прасілі Іісуса,
каб не загадаў ім ісці ў бездань.
32
Пасвіўся ж там вялікі статак свіней на гары;
і папрасілі Яго дэманы, каб дазволіў ім увайсці ў іх.
І дазволіў ім.
33
І дэманы, выйшаўшы з чалавека, увайшлі ў свіней;
і рынуўся статак з кручы ў возера і патануў.
34
Пастухі ж, убачыўшы, што здарылася,
пабеглі ды абвясцілі ў горадзе і ў вёсках.
35
І людзі выйшлі пабачыць, што здарылася;
і прыйшлі да Іісуса
і знайшлі, што чалавек, з якога выйшлі дэманы,
сядзіць каля ног Іісуса
адзеты і пры розуме;
і спалохаліся.
36
А тыя, хто бачыў, расказалі ім, як быў выратаваны апантаны.
37
І прасіў Яго ўвесь люд краю Гадарынскага
адысці ад іх,
бо страхам вялікім былі яны ахоплены.
І Ён, увайшоўшы ў лодку, вярнуўся.
38
А чалавек, з якога выйшлі дэманы,
прасіў Яго, каб быць з Ім.
Але Іісус адпусціў яго, кажучы:
39
вяртайся ў дом твой
і расказвай, што зрабіў табе Бог.
І ён пайшоў, абвяшчаючы па ўсім горадзе,
што зрабіў яму Іісус.
40
І сталася: калі вярнуўся Іісус,
народ прыняў Яго, бо ўсе чакалі Яго.
41
І вось прыйшоў чалавек, імем Іаір,
які быў старэйшынам сінагогі;
і, упаўшы да ног Іісуса, ён прасіў Яго ўвайсці ў дом яго,
42
бо ў яго была адзіная дачка, гадоў дванаццаці,
і яна памірала.
Калі ж Ён ішоў, народ напіраў на Яго.
43
І жанчына,
якая мела кровацячэнне ўжо дванаццаць гадоў,
і патраціла на лекараў усю маёмасць
ды ні ў аднаго не магла вылечыцца,
44
падышоўшы ззаду, дакранулася да краю вопраткі Яго;
і адразу спынілася кровацячэнне ў яе.
45
І сказаў Іісус: хто дакрануўся да Мяне?
Калі ж адмаўляліся ўсе,
казаў Пётр і тыя, што з ім:
Настаўнік! народ абступіў Цябе і напірае,
а Ты гаворыш: хто дакрануўся да Мяне?
46
Але Іісус сказаў: дакрануўся нехта да Мяне,
бо Я адчуў сілу, што выйшла з Мяне.
47
Жанчына, убачыўшы, што не ўтаілася,
дрыжучы, падышла
і, упаўшы перад Ім,
паведаміла Яму перад усім народам,
з якой прычыны дакранулася да Яго
і як ацалілася адразу.
48
Ён жа сказаў ёй: мацуйся, дачка!
вера твая ўратавала цябе;
ідзі з мірам.
49
Яшчэ калі Ён гаварыў,
прыходзіць нехта з дому старэйшыны сінагогі
і кажа яму: памерла дачка твая,
не турбуй ужо Настаўніка.
50
Іісус жа, пачуўшы гэта,
сказаў, звяртаючыся да яго: не бойся, толькі веруй,
і яна будзе ўратаваная.
51
І, прыйшоўшы ў дом,
Ён не дазволіў увайсці нікому, апрача Пятра, Іаана і Іакава,
і бацькі дзяўчынкі і маці.
52
Усе плакалі і рыдалі па ёй.
Ён жа сказаў: не плачце,
яна не памерла, а спіць.
53
І насміхаліся з Яго,
ведаючы, што яна памерла.
54
Ён жа, выправадзіўшы ўсіх прэч
і ўзяўшы яе за руку, усклікнуў, кажучы: дзяўчынка! устань.
55
І вярнуўся дух яе і паднялася адразу;
і Ён загадаў даць ёй есці.
56
І моцна ўразіліся бацькі яе.
Ён жа загадаў ім не расказваць нікому пра тое, што адбылося.