1
Склікаўшы ж дванаццаць,
Ён даў ім сілу і ўладу над усімі дэманамі,
і ацаляць ад хвароб;
2
і паслаў іх прапаведаваць Царства Божае
і ацаляць хворых.
3
І сказаў ім: нічога не бярыце ў дарогу:
ні посаха, ні торбы,
ні хлеба, ні срэбра,
і не майце па дзве вопраткі;
4
і ў які дом увойдзеце, там заставайцеся
і адтуль выпраўляйцеся далей;
5
а калі хто не прыме вас,
то, выходзячы з горада таго,
абтрасіце пыл з ног вашых
у сведчанне на іх.
6
І, пайшоўшы, яны праходзілі па селішчах,
дабравесцячы і ацаляючы ўсюды.
7
І пачуў Ірад тэтрарх пра ўсё, што рабіў Іісус,
і недаўмяваў, бо некаторыя казалі,
што Іаан паўстаў з мёртвых,
8
а некаторыя, што Ісаія явіўся,
а іншыя, што адзін са старажытных прарокаў уваскрэс.
9
І сказаў Ірад: Іаану я адсек галаву;
хто ж Гэты, пра Каго я чую такое?
І імкнуўся ўбачыць Яго.
10
І, вярнуўшыся,
апосталы расказалі Яму, што зрабілі;
і ўзяўшы іх, пайшоў асобна ў пустэльнае месца
каля горада, які называўся Віфсаіда.
11
Але людзі, даведаўшыся, пайшлі за Ім;
і Ён, прыняўшы іх, гаварыў ім пра Царства Божае,
і тых, хто меў патрэбу ў ацаленні, ацаляў.
12
Дзень жа пачаў хіліцца да вечара.
І, падышоўшы, дванаццаць сказалі Яму:
адпусці людзей,
каб пайшлі ў навакольныя селішчы і вёскі
і знайшлі прытулак і ежу,
бо мы тут у пустэльным месцы.
13
Але Ён сказаў ім: вы ім дайце есці.
Яны ж сказалі: няма ў нас больш нічога,
акрамя пяці хлябоў і дзвюх рыбін,
хіба што пайсці нам купіць ежы для ўсіх гэтых людзей.
14
Бо іх было каля пяці тысяч мужчын.
Але Ён сказаў вучням Сваім:
рассадзіце іх групамі па пяцьдзесят.
15
І зрабілі так, і рассадзілі ўсіх.
16
Ён жа, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбіны,
і ўзвёўшы вочы на неба, благаславіў іх
і пераламіў, і даваў вучням, каб разнеслі народу.
17
І елі,
і насыціліся ўсе;
і сабрана было ў іх рэшты кавалкаў дванаццаць кашоў.
18
І сталася: калі Ён маліўся ў адзіноце,
з Ім былі вучні,
і Ён спытаўся ў іх: за каго Мяне прымае народ?
19
Яны ж сказалі ў адказ: за Іаана Хрысціцеля,
іншыя ж за Ілію,
а іншыя кажуць, што нехта са старажытных прарокаў уваскрэс.
20
Ён жа сказаў ім: а вы за каго прымаеце Мяне?
І ў адказ Пётр сказаў: за Хрыста Божага.
21
Але Ён, забараняючы ім, загадаў нікому не казаць пра гэта,
22
сказаўшы, што Сыну Чалавечаму належыць многа адпакутаваць,
і быць адрынутым старэйшынамі і першасвятарамі, і кніжнікамі,
і быць забітым,
і на трэці дзень уваскрэснуць.
23
А да ўсіх казаў:
хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе
і возьме крыж свой штодня
і ідзе ўслед за Мною.
24
Бо хто хоча душу сваю ўратаваць, той загубіць яе;
а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне, той уратуе яе.
25
Бо якую карысць мае чалавек, здабыўшы ўвесь свет,
а сябе загубіўшы ці сабе пашкодзіўшы?
26
Бо хто пасаромеецца Мяне і Маіх слоў,
таго Сын Чалавечы пасаромеецца,
калі прыйдзе ў славе Сваёй і Айца, і святых Ангелаў.
27
Кажу вам па праўдзе: ёсць сярод тых, што стаяць тут, некаторыя,
якія не зазнаюць смерці, пакуль не ўбачаць Царства Божага.
28
І сталася пасля гэтых слоў дзён праз восем:
узяўшы Пятра, Іаана і Іакава, узышоў Ён на гару памаліцца.
29
І калі маліўся, выгляд твару Яго стаў іншым,
і ўбранне Яго стала белым і зіхатлівым.
30
І вось, два мужы размаўлялі з Ім,
гэта былі Маісей і Ілія;
31
явіўшыся ў славе, яны гаварылі пра адыход Яго,
які Ён меў здзейсніць у Іерусаліме.
32
А Пятра і тых, што былі з ім, змарыў сон;
прабудзіўшыся ж, яны ўбачылі славу Яго,
і двух мужоў, што стаялі з Ім.
33
І сталася:
калі яны адыходзілі ад Яго, сказаў Пётр да Іісуса:
Настаўнік! добра нам тут быць;
і зробім тры шатры:
адзін Табе і адзін Маісею, і адзін Іліі, —
не ведаючы, што кажа.
34
Калі ж ён гаварыў гэта,
узнікла воблака і ахінула іх;
і яны спалохаліся, калі ўвайшлі ў воблака.
35
І быў з воблака голас,
які гаварыў: гэта Сын Мой Узлюблены;
Яго слухайце.
36
І калі быў голас гэты, апынуўся Іісус адзін.
І яны маўчалі,
і нікому не расказалі ў тыя дні нічога з таго, што бачылі.
37
І сталася на другі дзень: калі яны сышлі з гары,
сустрэла Яго мноства народу.
38
І вось, нейкі чалавек з натоўпу ўскрыкнуў, гаворачы: Настаўнік!
малю Цябе, узглянь на сына майго;
бо ён адзіны ў мяне;
39
і вось, дух хапае яго,
і ён раптам ускрыквае,
і курчыць яго, так што ён пену пускае;
і ледзь адступае ад яго, змучыўшы яго;
40
я прасіў вучняў Тваіх, каб выгналі яго,
і яны не змаглі.
41
Іісус жа сказаў у адказ:
о, родзе бязверны і разбэшчаны!
дакуль буду з вамі і буду цярпець вас?
прывядзі сюды сына свайго.
42
І калі той яшчэ падыходзіў,
кінуў яго дэман і скурчыў.
Але Іісус забараніў духу нячыстаму,
і ацаліў хлопца,
і аддаў яго бацьку яго.
43
І ўсе дзівіліся велічы Божай.
Калі ўсе здзіўляліся ўсяму, што рабіў Іісус,
Ён сказаў вучням Сваім:
44
укладзіце вы ў вушы свае словы гэтыя:
Сын Чалавечы аддадзены будзе ў рукі чалавечыя.
45
Яны ж не разумелі слова гэтага,
і было яно скрыта ад іх, так што яны не спасціглі яго;
і баяліся яны спытацца ў Яго пра слова гэтае.
46
І прыйшло ім на думку: хто быў бы з іх большы?
47
Іісус жа, бачачы помысел сэрца іх,
узяў дзіця, паставіў яго каля Сябе
48
і сказаў ім:
хто прыме гэтае дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае;
а хто прыме Мяне, прымае Таго, Хто паслаў Мяне;
бо хто меншы між усіх вас, той вялікі.
49
Іаан жа сказаў у адказ: Настаўнік!
мы бачылі некага, хто імем Тваім выганяў дэманаў,
і забаранілі яму, бо ён не следуе за Табою з намі.
50
І сказаў яму Іісус: не забараняйце;
бо хто не супраць вас, той за вас.
51
І сталася: калі набліжаліся дні ўзяцця Яго ў неба,
Ён цвёрда вырашыў ісці ў Іерусалім.
52
І паслаў вестуноў перад абліччам Сваім;
і яны пайшлі і ўвайшлі ў паселішча Самаранскае, каб падрыхтаваць для Яго;
53
але там не прынялі Яго,
таму што Ён ішоў у Іерусалім.
54
Убачыўшы гэта, вучні Яго Іакаў і Іаан
сказалі: Госпадзі!
хочаш, мы скажам, каб агонь сышоў з неба
і знішчыў іх, як і Ілія зрабіў?
55
Але Ён, абярнуўшыся, забараніў ім,
кажучы: не ведаеце, якога вы духа;
56
бо Сын Чалавечы прыйшоў
не загубіць душы чалавечыя, але ўратаваць.
І пайшлі ў другое паселішча.
57
І сталася: калі яны былі ў дарозе,
сказаў нехта Яму: я пайду за Табою,
куды б Ты не ішоў, Госпадзі!
58
І сказаў яму Іісус: лісы маюць норы,
і птушкі нябесныя — гнёзды,
а Сын Чалавечы не мае дзе галаву прыхіліць.
59
Другому ж сказаў: ідзі ўслед за Мною.
А той сказаў: Госпадзі!
дазволь мне пайсці і перш пахаваць бацьку майго.
60
Але Іісус сказаў яму:
пакінь мёртвым хаваць сваіх памерлых;
а ты ідзі абвяшчай Царства Божае.
61
І сказаў яшчэ адзін: я пайду за Табою, Госпадзі,
але перш дазволь мне развітацца з тымі, хто ў доме маім.
62
Іісус жа яму сказаў:
ніхто з тых, хто кладзе руку сваю на плуг і азіраецца назад,
не прыдатны для Царства Божага.