- 1
- Пачатак Евангелля Іісуса Хрыста, Сына Божага,
- 2
- як напісана ў прарокаў:
"вось, Я пасылаю Ангела Майго перад абліччам Тваім, які падрыхтуе шлях Твой перад Табою".
- 3
- "Голас таго, хто кліча ў пустыні:
падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабіце сцежкі Яму".
- 4
- З’явіўся Іаан, хрысцячы ў пустыні
і прапаведуючы хрышчэнне пакаяння дзеля адпушчэння грахоў.
- 5
- І выходзілі да яго ўся краіна Іудзейская ды Іерусалімляне,
і хрысціліся ад яго ўсе ў рацэ Іардане, спавядаючыся ў грахах сваіх.
- 6
- Іаан жа насіў вопратку з вярблюджага воласу
і скураны пояс на паясніцы сваёй і еў акрыды і дзікі мёд.
- 7
- І прапаведаваў, кажучы: ідзе за мною Мацнейшы за мяне,
у Якога я няварты, нахіліўшыся, развязаць рамень абутку Яго.
- 8
- Я хрысціў вас вадою,
а Ён будзе хрысціць вас Духам Святым.
- 9
- І было ў тыя дні,
прыйшоў Іісус з Назарэта Галілейскага і хрысціўся ад Іаана ў Іардане.
- 10
- І калі выходзіў з вады,
убачыў адразу Іаан, што раскрываюцца нябёсы і Дух як голуб сыходзіць на Яго.
- 11
- І голас быў з нябёсаў:
Ты Сын Мой узлюблены, Якога Я ўпадабаў.
- 12
- І адразу Дух вядзе Яго ў пустыню.
- 13
- І быў Ён там у пустыні сорак дзён, спакушаны сатаною,
і быў са звярамі. І Ангелы служылі Яму.
- 14
- Пасля ж таго, як узяты быў Іаан,
прыйшоў Іісус у Галілею, прапаведуючы Евангелле Царства Божага.
- 15
- і кажучы, што споўніўся час
і наблізілася Царства Божае; пакайцеся і веруйце ў Евангелле.
- 16
- А ідучы каля мора Галілейскага,
убачыў Сімана і Андрэя, брата Сіманавага, якія закідвалі мярэжы ў мора, бо яны былі рыбаловы.
- 17
- І сказаў ім Іісус: ідзіце за Мною,
і Я зраблю, што вы будзеце лаўцамі людзей.
- 18
- І яны адразу, пакінуўшы мярэжы свае, пайшлі ўслед за Ім.
- 19
- І, прайшоўшы крыху адтуль,
Ён убачыў Іакава Зевядзеевага і Іаана, брата яго, як яны, таксама ў лодцы, ладзілі мярэжы;
- 20
- і адразу паклікаў іх.
І яны, пакінуўшы бацьку свайго Зевядзея ў лодцы з работнікамі, пайшлі за Ім.
- 21
- І прыходзяць у Капернаум;
і неўзабаве ў суботу ўвайшоў Ён у сінагогу і вучыў.
- 22
- І здзіўляліся вучэнню Яго;
бо Ён вучыў іх, як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі.
- 23
- І быў у сінагозе іхняй чалавек у духу нячыстым,
і закрычаў ён,
- 24
- кажучы: пакінь,
што табе да нас, Іісусе Назараніне? Ты прыйшоў загубіць нас. Ведаю Цябе, хто Ты, Святы Божы.
- 25
- Але Іісус забараніў яму,
кажучы: змоўкні і выйдзі з яго.
- 26
- І дух нячысты,
скалануўшы яго і ўскрыкнуўшы моцным голасам, выйшаў з яго.
- 27
- І жахнуліся ўсе,
так што пыталіся адзін у аднаго, гаворачы: што гэта? што гэта за новае вучэнне, што Ён з уладаю і духам нячыстым загадвае, і яны слухаюцца Яго?
- 28
- І разнеслася чутка пра Яго адразу па ўсіх ваколіцах Галілеі.
- 29
- І адразу, выйшаўшы з сінагогі,
яны прыйшлі ў дом Сімана і Андрэя з Іакавам і Іаанам.
- 30
- А цешча Сіманава ляжала ў гарачцы,
і адразу кажуць Яму пра яе.
- 31
- І, падыйшоўшы, Ён падняў яе, узяўшы за руку;
і гарачка адразу пакінула яе, і яна прыслужвала ім.
- 32
- А як вечарэла і сонца зайшло,
прыносілі да Яго ўсіх хворых і апанаваных дэманамі.
- 33
- І ўвесь горад сабраўся да дзвярэй.
- 34
- І Ён ацаліў многіх, якія пакутавалі ад розных хваробаў,
і дэманаў многіх выгнаў, і не дазваляў дэманам гаварыць, бо яны ведалі, што Ён Хрыстос.
- 35
- А раніцай, калі было яшчэ вельмі цёмна, Ён, устаўшы, выйшаў;
і пайшоў у пустэльнае месца, і там маліўся.
- 36
- І паспяшаліся ўслед Яму Сіман і тыя, што былі з ім.
- 37
- І, знайшоўшы Яго, кажуць Яму: усе шукаюць Цябе.
- 38
- І кажа Ён ім:
хадзем у бліжэйшыя вёскі і гарады, каб Мне і там прапаведаваць; бо на тое Я і выйшаў.
- 39
- І Ён прапаведаваў у сінагогах іхніх па ўсёй Галілеі
і дэманаў выганяў.
- 40
- І прыходзіць да Яго пракажоны,
просячы Яго і на калені падаючы перад Ім, кажа Яму: калі Ты хочаш, можаш ачысціць мяне.
- 41
- Іісус жа, змілаваўшыся над ім, працягнуў руку,
дакрануўся да яго і кажа яму: хачу, ачысціся.
- 42
- І калі сказаў Ён, адразу сышла з яго праказа,
і ён стаў чысты.
- 43
- І, звярнуўшыся да яго сурова, Ён адразу адаслаў яго,
- 44
- і кажа яму: глядзі,
нікому нічога не гавары; а ідзі, пакажыся святару і прынясі за ачышчэнне тваё, што загадаў Маісей, дзеля сведчання ім.
- 45
- А ён, выйшаўшы, пачаў шмат абвяшчаць і распавядаць,
так што Іісус ужо не мог адкрыта ўвайсці ў горад, а быў звонку, у пустэльных мясцінах. І прыходзілі да Яго адусюль.
|