1
І, выйшаўшы адтуль,
прыходзіць у межы Іудзеі стараной заіарданскай.
І збіраюцца зноў да Яго натоўпы,
і, як звычайна, зноў вучыў іх.
2
І, падышоўшы, фарысеі
спыталіся ў Яго, спакушаючы Яго:
ці дазволена мужу разводзіцца з жонкай?
3
Ён жа сказаў ім у адказ: што запаведаў вам Маісей?
4
Яны сказалі:
Маісей дазволіў напісаць разводны ліст і разводзіцца.
5
І, адказваючы, Іісус сказаў ім:
з-за жорсткасці сэрца вашага ён напісаў вам гэтую запаведзь;
6
але ад пачатку стварэння
мужчынам і жанчынай стварыў іх Бог.
7
Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці
8
і прылепіцца да жонкі сваёй,
і будуць двое плоццю адною,
так што яны ўжо не двое, але адна плоць.
9
Дык вось, што Бог злучыў, таго чалавек хай не разлучае.
10
І ў доме вучні Яго зноў пра гэта спыталіся ў Яго.
11
І сказаў ім:
Хто развядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з іншаю,
той пралюбадзейнічае супраць яе;
12
і калі жонка развядзецца з мужам сваім
і выйдзе замуж за іншага,
пралюбадзейнічае.
13
І прыносілі да Яго дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх,
а вучні забаранялі тым, што прыносілі.
14
Убачыўшы, Іісус разгневаўся і сказаў ім:
пусціце дзяцей прыходзіць да Мяне
і не перашкаджайце ім;
бо такіх ёсць Царства Божае.
15
Праўду кажу вам:
хто не прыме Царства Божага, як дзіця,
той не ўвойдзе ў яго.
16
І, абняўшы іх, усклаў рукі на іх і благаславіў іх.
17
І калі выходзіў Ён у дарогу, падбег нехта
і, упаўшы на калені перад Ім,
спытаўся ў Яго: Настаўнік добры!
Што мне рабіць, каб унаследаваць жыццё вечнае?
18
Іісус жа сказаў яму: што называеш Мяне добрым?
Ніхто не добры, толькі адзін Бог.
19
Ведаеш запаведзі: "не пралюбадзейнічай;
не забівай;
не крадзі;
не сведчы лжыва;
не крыўдзі;
шануй бацьку твайго і маці".
20
Ён жа сказаў Яму ў адказ: Настаўнік!
усё гэта захаваў я з юнацтва майго.
21
Іісус жа, глянуўшы на яго, палюбіў яго
і сказаў яму: аднаго табе не хапае:
ідзі, усё, што маеш, прадай і раздай убогім;
і мець будзеш скарб на небе;
і прыходзь, і ідзі за Мной, узяўшы крыж.
22
А той, азмрочаны гэтым словам, адышоў у смутку,
бо меў вялікую маёмасць.
23
І, паглядзеўшы навокал, кажа Іісус вучням Сваім:
як цяжка будзе тым, хто мае багацце, увайсці ў Царства Божае.
24
Вучні жахаліся ад словаў Яго.
А Іісус зноў у адказ кажа ім: дзеці!
як цяжка тым, хто спадзяецца на багацце, увайсці ў Царства Божае.
25
Лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка,
чым багатаму ўвайсці ў Царства Божае.
26
Яны ж надзвычай здзіўляліся,
гаворачы між сабою: хто ж тады можа быць збаўлены?
27
Паглядзеўшы на іх, Іісус сказаў:
людзям гэта немагчыма, але не Богу,
бо ўсё магчыма Богу.
28
Пачаў Пётр гаварыць Яму:
вось мы пакінулі ўсё і пайшлі ўслед за Табою.
29
Іісус сказаў у адказ: праўду кажу вам:
няма нікога, хто пакінуў дом,
ці братоў, ці сясцёр,
ці бацьку, ці маці,
ці жонку, ці дзяцей,
ці палі, дзеля Мяне і дзеля Евангелля,
30
і не атрымае цяпер, у час гэты, пры ганеннях,
у сто разоў больш дамоў і братоў, і сясцёр,
і бацькоў, і маці, і дзяцей, і палёў,
а ў веку наступным жыцця вечнага;
31
многія ж першыя будуць апошнімі
і апошнія першымі.
32
Былі ж яны ў дарозе, узыходзячы ў Іерусалім,
і паперадзе іх ішоў Іісус, а яны жахаліся
і, услед ідучы, былі ў страху.
І узяўшы зноў дванаццаць,
пачаў ім гаварыць, што з Ім мае адбыцца:
33
вось мы ўзыходзім у Іерусалім
і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам,
і асудзяць Яго на смерць,
і выдадуць Яго язычнікам;
34
і наглумяцца над Ім,
і будуць бічаваць Яго
і пляваць на Яго,
і заб’юць Яго;
і на трэці дзень уваскрэсне.
35
І падышлі да Яго Іакаў і Іаан, сыны Зевядзеевы,
кажучы: Настаўнік!
хочам, каб Ты зрабіў нам тое, што папросім.
36
А Ён сказаў ім: што хочаце, каб Я зрабіў вам?
37
Яны ж сказалі Яму: дай нам сесці
аднаму справа ад Цябе,
а другому злева ад Цябе,
у славе Тваёй.
38
Іісус жа сказаў ім: не ведаеце, чаго просіце;
ці можаце піць чашу, якую Я п’ю
і хрышчэннем, якім Я хрышчуся, хрысціцца?
39
Яны ж сказалі Яму: можам.
А Іісус сказаў ім: чашу, якую Я п’ю, будзеце піць
і хрышчэннем, якім Я хрышчуся, будзеце хрысціцца;
40
а сесці справа ад Мяне ці злева — не Я даю,
але гэта для тых, каму ўгатавана.
41
І, пачуўшы, дзесяцера пачалі гневацца на Іакава і Іаана.
42
А Іісус, паклікаўшы іх, кажа ім: вы ведаеце,
што тыя, хто лічыцца на чале народаў, пануюць над імі,
і вяльможы іх уладараць імі.
43
Але не так няхай будзе сярод вас:
а хто хоча сярод вас большым быць, няхай будзе вам слугою;
44
і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе ўсім рабом.
45
Бо і Сын Чалавечы не дзеля таго прыйшоў, каб Яму служылі,
але каб паслужыць
і аддаць душу Сваю ў выкуп за многіх.
46
І прыходзяць у Іерыхон.
І калі выходзіў Ён з Іерыхона з вучнямі Сваімі і мноствам народу,
сын Цімееў, Варцімей сляпы,
сядзеў пры дарозе, жабруючы.
47
І, пачуўшы, што гэта Іісус Назарэй, пачаў крычаць
і казаць: Сыне Давідаў, Іісусе, памілуй мяне!
48
І многія патрабавалі ад яго, каб замаўчаў,
але ён яшчэ мацней крычаў: Сыне Давідаў, памілуй мяне!
49
І, спыніўшыся, Іісус сказаў паклікаць яго.
І паклікалі сляпога,
кажучы яму: мацуйся, устань, кліча цябе.
50
Ён жа, скінуўшы вопратку сваю,
устаў і прыйшоў да Іісуса.
51
І ў адказ гаворыць яму Іісус: што хочаш, каб Я зрабіў табе?
Сляпы сказаў Яму: Раввуні! каб мне бачыць.
52
Іісус жа сказаў яму: ідзі, вера твая ўратавала цябе.
І адразу стаў бачыць
і пайшоў услед за Іісусам па дарозе.