1
I калі наблiзiлiся да Iерусалiма,
да Вiфагii i Вiфанii, да гары Елеонскай,
Iiсус пасылае двух з вучняў Сваiх
2
i кажа iм: iдзiце ў селiшча, што перад вамi,
i, уваходзячы ў яго, адразу знойдзеце прывязанае асляня,
на якое нiхто з людзей не сядаў;
адвязаўшы яго, прывядзiце.
3
I калi хто скажа вам: "што вы гэта робiце?",
скажыце, што яно патрэбна Госпаду,
i адразу пашле яго сюды.
4
Яны пайшлi
i знайшлi асляня, прывязанае каля варот на вулiцы,
i адвязалi яго.
5
I некаторыя з тых, што стаялi там, гаварылi:
што вы робiце? навошта адвязваеце асляня?
6
Яны ж адказвалi iм, як загадаў Iiсус,
i тыя адпусцiлi iх.
7
I прывялi асляня да Iiсуса,
i паклалi на яго вопратку сваю;
і сеў Iiсус на яго.
8
Многiя ж вопратку сваю пасцiлалi на дарогу,
а iншыя зразалi галiны з дрэў i пасцiлалi на дарогу.
9
I тыя, што iшлi паперадзе і следам, усклiкалi: Асанна!
Благаславёны Той, Хто прыходзіць у iмя Гасподняе!
10
Благаславёна царства айца нашага Давiда,
якое надыходзіць у iмя Гасподняе!
Асанна ў вышніх!
11
I ўвайшоў Iiсус у Iерусалiм i ў храм;
i, агледзеўшы ўсё,
паколькi час быў ужо познi,
пайшоў у Вiфанiю з дванаццаццю.
12
I на другi дзень, калi яны выйшлi з Вiфанii,
Ён захацеў есцi;
13
і, убычыўшы здалёк смакоўнiцу, пакрытую лiсцем,
падышоў, цi не знойдзе чаго на ёй;
і, прыйшоўшы да яе, нiчога не знайшоў, акрамя лiсця,
бо не пара была на смоквы.
14
I, прамовіўшы, Iiсус сказаў ёй:
няхай больш нiхто не есць ад цябе плоду давеку!
I чулi гэта вучнi Яго.
15
І прыходзяць у Iерусалiм.
І, увайшоўшы ў храм,
Iiсус пачаў выганяць тых, якія прадавалi i куплялi ў храме,
i перакулiў сталы мянялаў i ўслоны тых, што прадавалі галубоў;
16
і не дазваляў, каб хто пранёс якую-небудзь рэч праз храм.
17
I вучыў iх, кажучы: цi не напiсана:
"дом Мой домам малiтвы назавецца для ўсiх народаў"?
А вы зрабiлi з яго логава разбойнiкаў.
18
I пачулi гэта кнiжнiкi i першасвятары,
i шукалi, як бы Яго загубiць, бо баялiся Яго,
таму што ўвесь народ здзіўляўся вучэнню Яго.
19
I калi звечарэла,
Ён выйшаў за горад.
20
I ранiцаю, праходзячы мiма,
убачылi, што смакоўнiца засохла да кораня.
21
I, успомнiўшы, Пётр кажа Яму: Раввi! паглядзi,
смакоўнiца, якую Ты пракляў, усохла.
22
І, адказваючы, Iiсус кажа iм:
23
Майце веру Божую.
Бо праўду кажу вам:
калi хто скажа гары гэтай: "падымiся i ўвергнiся ў мора",
і не засумняваецца ў сэрцы сваiм,
а верыць будзе, што збудзецца па словах яго, —
будзе яму, што б нi сказаў.
24
Таму кажу вам:
усё, чаго ў малiтве нi папросiце,
верце, што атрымаеце,
i будзе вам.
25
І калi стаiце на малiтве,
даруйце, як што маеце супраць каго,
каб і Айцец ваш, Якi ў нябёсах, дараваў вам правiны вашы.
26
Калi ж вы не даруеце,
то i Айцец ваш, Якi ў нябёсах, не даруе вам правiнаў вашых.
27
I прыходзяць зноў у Iерусалiм.
І калi Ён хадзіў у храме,
падыходзяць да Яго першасвятары i кнiжнiкi, i старэйшыны
28
і кажуць Яму: якою ўладаю Ты гэта робiш?
i хто Табе ўладу гэтую даў, каб Ты рабiў гэта?
29
Iiсус жа ў адказ сказаў iм:
спытаю ў вас i Я адну рэч, i адкажыце Мне;
i Я скажу вам, якою ўладаю гэта раблю.
30
Хрышчэнне Iаанава з неба было цi ад людзей?
адкажыце Мне.
31
I разважалi яны мiж сабою,
гаворачы: калi скажам: "з неба", —
Ён скажа: "чаму ж вы не паверылi яму?"
32
А сказаць: "ад людзей" — баялiся народа,
бо ўсе лічылi, што Iаан сапраўды быў прарок.
33
I кажуць у адказ Iiсусу: не ведаем.
Тады Iiсус, адказваючы, гаворыць iм:
i Я не скажу вам, якою ўладаю гэта раблю.