1
І калі мінула субота,
Марыя Магдаліна і Марыя Іакавава, і Саламія
купілі духмянасцяў, каб, прыйшоўшы, памазаць Яго.
2
І вельмі рана ў першы дзень тыдня
прыходзяць да магілы, калі ўзышло сонца,
3
і гаварылі між сабою:
хто адваліць нам камень ад увахода ў магілу?
4
І, паглядзеўшы, бачаць, што камень адвалены;
а быў ён надта вялікі.
5
І, увайшоўшы ў магілу,
яны ўбачылі юнака, што сядзеў справа,
апрануты ў белы ўбор;
і жахнуліся.
6
А ён кажа ім: не жахайцеся.
Іісуса шукаеце Назараніна, распятага;
Ён уваскрэс, Яго няма тут.
Вось месца, дзе паклалі Яго.
7
Але ідзіце, скажыце вучням Яго і Пятру,
што Ён ідзе перад вамі ў Галілею;
там Яго ўбачыце, як Ён казаў вам.
8
І, выйшаўшы, пабеглі яны ад магілы;
іх ахапіла трымценне і жах,
і нікому нічога не сказалі, бо баяліся.
9
А Іісус, уваскрэсшы ў першы дзень тыдня,
явіўся перш Марыі Магдаліне,
з якой выгнаў быў сем дэманаў.
10
Яна, пайшоўшы, абвясціла тым, што былі з Ім,
якія смуткавалі і плакалі;
11
і тыя, пачуўшы, што Ён жывы і што яна бачыла Яго,
не паверылі.
12
Пасля ж гэтага
явіўся Ён у іншым вобразе двум з іх дарогаю,
калі яны ішлі ў сяло.
13
І тыя, пайшоўшы, абвясцілі астатнім;
але і ім не паверылі.
14
Нарэшце, явіўся Ён і самім адзінаццаці,
калі яны ўзляжалі на вячэры,
і дакараў іх за нявер’е і жорсткасць сэрца,
што яны тым, хто бачыў Яго Уваскрэслага, не паверылі.
15
І сказаў ім: ідучы па ўсім свеце,
прапаведуйце Евангелле ўсяму стварэнню.
16
Хто будзе мець веру і хрысціцца, той збаўлены будзе;
а хто не будзе мець веры, асуджаны будзе.
17
А тых, хто ўверуе, будуць суправаджаць знаменні такія:
імем Маім будуць яны выганяць дэманаў;
будуць гаварыць новымі мовамі;
18
будуць браць змей;
а калі што смяротнае вып’юць, не пашкодзіць ім;
на хворых ускладуць рукі, і тыя будуць здаровыя.
19
І вось, Гасподзь пасля таго, як гаварыў да іх,
узнёсся на неба і сеў праваруч Бога.
20
А яны, выйшаўшы,
прапаведавалі ўсюды, і Гасподзь садзейнічаў ім
і пацвярджаў слова знаменнямі ўслед.
Амінь.