1
І прыйшоў зноў у сінагогу.
І быў там чалавек, які меў усохлую руку.
2
І сачылі за Ім,
ці не ацаліць яго ў суботу,
каб звінаваціць Яго.
3
І кажа Ён чалавеку, што меў усохлую руку:
стань пасярэдзіне.
4
А ім кажа:
ці дазволена ў суботу дабро рабіць, альбо зло рабіць?
душу ўратаваць альбо загубіць?
Яны ж маўчалі.
5
І, паглядзеўшы на іх з гневам, засмучаны жорсткасцю сэрцаў іх,
кажа чалавеку: працягні руку тваю.
І працягнуў ён,
і стала рука яго здаровай, як другая.
6
І, выйшаўшы, фарысеі
адразу ўчынілі з ірадыянамі змову супраць Яго,
як Яго загубіць.
7
Іісус жа з вучнямі Сваімі адышоў да мора,
і мноства народу з Галілеі пайшло за Ім, і з Іудзеі,
8
і з Іерусаліма, і з Ідумеі, і з-за Іардана.
І з наваколляў Тыра і Сідона мноства вялікае,
пачуўшы, што Ён рабіў, прыйшло да Яго.
9
І сказаў вучням Сваім,
каб лодка была для Яго напагатове,
каб натоўп не цясніў Яго.
10
Бо многіх Ён ацаліў,
так што нядужныя кідаліся да Яго,
каб да Яго дакрануцца.
11
І духі нячыстыя, калі бачылі Яго,
падалі перад Ім і крычалі, кажучы: Ты — Сын Божы.
12
І Ён строга забараняў ім,
каб не выяўлялі Яго.
13
І ўзышоў на гару,
і паклікаў, каго Сам хацеў;
і прыйшлі да Яго.
14
І паставіў дванаццаць,
каб былі з Ім і каб пасылаць іх прапаведаваць,
15
і каб яны мелі ўладу ацаляць немачы і выганяць дэманаў.
16
Паставіў Сімана, даўшы яму імя Пётр,
17
і Іакава Зевядзеевага і Іаана, брата Іакава,
даўшы ім імёны Ваанергес, што азначае "сыны громавы";
18
і Андрэя, і Філіпа, і Варфаламея, і Матфея, і Фаму,
і Іакава Алфеевага, і Фадзея, і Сімана Кананіта,
19
і Іуду Іскарыёта, які і выдаў Яго.
20
І прыйшлі ў дом,
і сабраўся зноў народ,
так што яны не маглі нават хлеба паесці.
21
І дачуўшыся, блізкія Яго выйшлі забраць Яго;
бо казалі, што Ён не ў Сабе.
22
А кніжнікі, якія прыйшлі з Іерусаліма,
казалі, што Ён мае ў Сабе вельзевула
і што сілай князя дэманскага выганяе дэманаў.
23
І, паклікаўшы іх, прытчамі казаў ім:
як можа сатана сатану выганяць?
24
І калі царства раздзеліцца самое ў сабе,
не можа ўстаяць царства тое.
25
І калі дом раздзеліцца сам у сабе,
не можа ўстаяць дом той.
26
І калі сатана паўстаў сам на сябе і раздзяліўся,
не можа ўстаяць, але прыйшоў канец яму.
27
Ніхто не можа, увайшоўшы ў дом дужага,
нарабаваць дабра яго,
калі перш не звяжа дужага,
і тады абрабуе дом яго.
28
Праўду кажу вам:
адпушчаны будуць сынам чалавечым
усе грахі і хуленні, якімі б ні хулілі,
29
але хто будзе хуліць Духа Святога,
не будзе мець адпушчэння давеку,
а падлягае вечнаму асуджэнню.
30
Так казаў Ён,
бо гаварылі: Ён духа нячыстага мае ў Сабе.
31
І прыйшлі Маці Яго і браты Яго
і, стоячы на дварэ, паслалі да Яго паклікаць Яго.
32
І сядзеў народ вакол Яго.
І сказалі Яму: вось Маці Твая, і браты Твае, і сёстры Твае
на дварэ, шукаюць Цябе.
33
І адказаў ім, гаворачы: хто Маці Мая і браты Мае?
34
І агледзеўшы тых, што сядзелі вакол Яго,
кажа: вось маці Мая і браты Мае;
35
бо хто будзе выконваць волю Божую,
той Мне брат, і сястра, і маці.