1
І зноў пачаў вучыць каля мора,
і сабралася да Яго народу мноства,
так што Ён увайшоў у лодку на моры і сядзеў,
а ўвесь народ быў на зямлі пры моры.
2
І навучаў іх многа прытчамі,
і гаварыў ім у павучэнні Сваім:
3
слухайце: вось, выйшаў сейбіт сеяць;
4
і сталася, калі сеяў,
адно ўпала пры дарозе,
і наляцелі птушкі ды падзяўблі тое;
5
іншае ўпала сярод камення, дзе няшмат было зямлі,
і неўзабаве ўзышло, бо зямля была неглыбокая;
6
калі ж сонца паднялося — завяла
і, не маючы кораня, засохла;
7
іншае ўпала ў церні,
і выраслі церні
і заглушылі яго,
і яно не дало плоду;
8
а іншае ўпала на добрую зямлю
і дало плод, што падымаўся і ўзрастаў,
і ўрадзіла па трыццаць,
і па шэсцьдзесят,
і па сто.
9
І казаў: хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
10
Калі ж Ён застаўся адзін,
тыя, што былі пры Ім, разам з дванаццаццю
спыталі Яго аб прытчы.
11
І сказаў ім: вам дадзена ведаць тайны Царства Божага,
а тым, хто звонку, у прытчах усё даецца;
12
каб яны, гледзячы, бачылі і не ўспрымалі,
і, слухаючы, чулі і не разумелі,
каб не звярнуліся і не былі ім адпушчаныя грахі.
13
І кажа ім: не разумееце прытчы гэтай?
Як жа ўсе прытчы зразумееце?
14
Сейбіт слова сее.
15
І вось тыя, што пры дарозе,
дзе сеецца слова:
калі пачуюць, адразу прыходзіць сатана
і забірае пасеянае ў сэрцах іх.
16
Таксама і пасеянае сярод камення — гэта тыя,
якія, пачуўшы слова, адразу прымаюць яго з радасцю,
17
але не маюць кораня ў сабе і нетрывалыя;
калі настане ўціск або ганенне з-за слова,
адразу спакушаюцца.
18
А ў цернях пасеянае — гэта тыя, што чуюць слова,
19
але турботы гэтага веку
і спакуса багацця ды іншыя захапленні,
уваходзячы ў іх, заглушаюць слова,
і яно застаецца бясплодным.
20
А пасеянае на добрай зямлі — гэта тыя,
якія слухаюць слова і прымаюць,
і даюць плод па трыццаць,
і па шэсцьдзесят,
і па сто.
21
І сказаў ім: хіба свечка прыносіцца,
каб паставіць яе пад пасудзіну ці пад ложак?
хіба не дзеля таго, каб паставіць яе на падсвечнік?
22
Бо няма нічога таемнага, каб не стала яўным,
і нішто не бывае схавана, каб не адкрылася.
23
Калі хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
24
І казаў ім: заўважайце, што чуеце.
Якою мераю мераеце, такою і вам адмераецца,
і дададзена будзе вам, хто слухае.
25
Бо хто мае, таму дадзена будзе,
а хто не мае, адымецца ў яго і тое, што мае.
26
І казаў: так і Царства Божае,
як чалавек, калі кіне зерне ў зямлю;
27
і спіць, і ўстае ўночы і ўдзень,
а як насенне ўзыходзіць і расце, не ведае ён.
28
Бо зямля сама па сабе родзіць напачатку зелень,
потым колас,
тады напаўняе зерне ў коласе.
29
Калі ж выспее плод,
адразу пасылае серп,
бо надышло жніво.
30
І казаў: з чым параўнаем Царства Божае?
Ці якой прытчаю выявім яго?
31
Яно як зерне гарчычнае,
што, калі сеецца ў зямлю,
то меншае за ўсё насенне на зямлі,
32
а калі пасеяна,
вырастае і робіцца большым за ўсю зеляніну
і пускае вялікае галлё,
так што ў засені яго могуць знайсці прытулак птушкі нябесныя.
33
І многімі такімі прытчамі абвяшчаў ім слова,
наколькі маглі яны слухаць.
34
Без прытчы не прамаўляў да іх,
а вучням Сваім асобна тлумачыў усё.
35
І кажа ім у той дзень з надыходам вечара: пераправімся на той бок.
36
І яны, адпусціўшы людзей,
бяруць Яго з сабою, як Ён быў у лодцы;
і яшчэ лодкі былі з Ім.
37
І ўзнялася ад ветру вялікая бура;
хвалі захлёствалі лодку,
так што яна ўжо напаўнялася.
38
А Ён на карме спаў на ўзгалоўі.
І будзяць Яго, і кажуць Яму: Настаўнік!
хіба не хвалюе Цябе, што мы гінем?
39
І, устаўшы, Ён забараніў ветру
і кажа мору: сціхні, перастань.
І суняўся вецер і настала ціша вялікая.
40
І кажа ім: чаго вы такія палахлівыя?
як гэта не маеце веры?
41
І напоўніліся страхам вялікім,
і гаварылі між сабою: хто ж гэта Ён,
калі і вецер, і мора слухаюцца Яго?