1
І прыплылі на другі бераг мора ў краіну Гадарынскую.
2
І калі выйшаў Ён з лодкі,
адразу ж сустрэў Яго чалавек з магільных пячораў у духу нячыстым,
3
які меў жытло ў магілах,
і нават ланцугом ніхто не мог звязаць яго;
4
бо шмат разоў яго звязвалі аковамі і ланцугамі,
але ён разрываў ланцугі і разбіваў аковы,
і ніхто не мог яго ўтаймаваць;
5
і заўсёды, ноччу і днём, у магільных пячорах і ў гарах
крычаў ён і біўся аб каменне.
6
А ўбачыўшы здалёк Іісуса,
прыбег і пакланіўся Яму.
7
І, закрычаўшы моцным голасам, сказаў:
што Табе да мяне, Іісусе, Сыне Бога Ўсявышняга?
заклінаю Цябе Богам, не муч мяне!
8
Бо Іісус сказаў яму:
выйдзі, дух нячысты, з чалавека.
9
І пытаўся ў яго: як імя тваё?
І той адказаў: легіён маё імя, бо многа нас.
10
І вельмі прасілі Яго,
каб не адсылаў іх прэч з краіны той.
11
А там пры гары пасвіўся вялікі статак свіней.
12
І прасілі Яго ўсе дэманы, кажучы:
пашлі нас у свіней, каб нам увайсці ў іх.
13
І адразу дазволіў ім Іісус.
І, выйшаўшы, нячыстыя духі ўвайшлі ў свіней;
і рынуўся статак з кручы ў мора,
а іх было каля дзвюх тысяч;
і патанулі ў моры.
14
А іх пастухі
пабеглі ды абвясцілі ў горадзе і ў вёсках.
І людзі выйшлі пабачыць, што здарылася.
15
Прыходзяць да Іісуса і бачаць,
што апантаны, у якім быў легіён,
сядзіць адзеты і пры розуме;
і спалохаліся.
16
Тыя, хто бачыў, расказалі ім:
як гэта адбылося з апантаным,
і пра свіней.
17
І пачалі прасіць Яго адыйсці з межаў іх.
18
І калі Ён увайшоў у лодку,
той, што быў апантаны, прасіў Яго, каб быць з Ім.
19
А Іісус не дазволіў яму і кажа да яго:
ідзі ў дом твой да сваіх
і раскажы ім, што зрабіў табе Гасподзь
і як памілаваў цябе.
20
І пайшоў,
і пачаў абвяшчаць у Дзесяцігароддзі, што зрабіў яму Іісус.
І ўсе здзіўляліся.
21
І калі пераправіўся Іісус у лодцы зноў на другі бераг,
сабралася народу мноства да Яго.
І быў Ён каля мора.
22
І вось прыходзіць адзін са старэйшын сінагогі,
імем Іаір,
і, ўбачыўшы Яго, падае ў ногі Яму
23
і вельмі просіць Яго,
кажучы: дачушка мая пры смерці,
прыйдзі і ўскладзі на яе рукі,
каб яна ўратавалася і жыла.
24
І пайшоў за ім Іісус.
І ўслед Яму ішоў вялікі натоўп,
і напіралі на Яго.
25
І жанчына нейкая,
што мела кровацячэнне дванаццаць гадоў,
26
і шмат нацярпелася ад многіх лекараў,
і патраціла ўсё, што мела і ніякай палёгкі не атрымала,
а стала ёй яшчэ горш;
27
пачуўшы пра Іісуса, прыйшла ў натоўпе ззаду
і дакранулася да вопраткі Яго;
28
бо казала: калі дакрануся хоць да вопраткі Яго, уратаваная буду.
29
І адразу спынілася кровацячэнне ў яе,
і адчула яна целам, што вызвалілася ад хваробы.
30
І адразу Іісус,
адчуў у Сабе, што сіла выйшла з Яго,
павярнуўся ў натоўпе і сказаў: хто дакрануўся да вопраткі Маёй?
31
І казалі Яму вучні Яго: Ты бачыш, натоўп напірае на Цябе,
а кажаш: хто дакрануўся да Мяне?
32
І аглядаўся Ён,
каб бачыць тую, што зрабіла гэта.
33
А жанчына спалохалася і дрыжала, ведаючы, што з ёю адбылося,
падыйшла, упала перад Ім і сказала Яму ўсю праўду.
34
Ён жа сказаў ёй: дачка! вера твая ўратавала цябе;
ідзі з мірам і здароваю будзь ад хваробы тваёй.
35
Яшчэ калі Ён гаварыў,
прыходзяць з дому старэйшыны сінагогі
і кажуць: дачка твая памерла,
навошта яшчэ турбуеш Настаўніка?
36
Але Іісус, адразу пачуўшы гэтыя словы,
кажа старэйшыне сінагогі:
не бойся, толькі веруй.
37
І не дазволіў нікому ісці за Сабою,
акрамя Пятра, Іакава і Іаана, брата Іакавага.
38
Прыходзяць у дом старэйшыны сінагогі,
і бачыць Ён сумятню і тых, што плачуць і галосяць моцна.
39
І, увайшоўшы, кажа ім: чаго вы хвалюецеся і плачаце.
Дзяўчынка не памерла, а спіць.
40
І насміхаліся з Яго.
Але Ён, выправадзіўшы ўсіх,
бярэ з Сабою бацьку дзяўчынкі і маці, і тых, што былі з Ім,
і ўваходзіць туды, дзе ляжала дзяўчынка.
41
І, узяўшы дзяўчынку за руку, кажа ёй: таліфа кумі,
што значыць: дзяўчына, табе кажу, устань.
42
І адразу паднялася дзяўчына і пачала хадзіць,
а было ёй гадоў дванаццаць.
І ўразіліся ўражаннем вялікім.
43
І загадаў ім строга, каб ніхто не даведаўся пра гэта,
і сказаў даць ёй есці.