1
І выйшаў Ён адтуль і прыйшоў бацькаўшчыну Сваю,
і за Ім ішлі вучні Яго.
2
І калі настала субота, пачаў Ён вучыць у сінагозе,
і многія слухачы дзівіліся, кажучы: адкуль у Яго гэта?
і што за мудрасць дадзена Яму,
і як такія цуды творацца рукамі Яго?
3
Ці не цясляр гэта, сын Марыі
і брат Іакава, Іасіі, Іуды і Сімана?
І ці не сёстры Яго тут сярод нас?
І спакушаліся аб Ім.
4
Іісус жа казаў ім: не бывае прарок без пашаны,
хіба толькі на бацькаўшчыне сваёй,
і ў родных сваіх, і ў доме сваім.
5
І не мог там ніякага цуду стварыць,
толькі нямногіх хворых, усклаўшы на іх рукі, ацаліў.
6
І дзівіўся нявер’ю іх.
І хадзіў па навакольных селішчах, навучаючы.
7
І паклікаўшы дванаццаць, пачаў іх пасылаць па двое
і даў ім уладу над нячыстымі духамі.
8
І наказаў ім нічога не браць у дарогу,
акрамя аднаго посаха:
ні торбы, ні хлеба, ні медзі ў поясе;
9
але абувацца ў сандалі і не насіць дзвюх вопратак.
10
І казаў ім: калі дзе ўвойдзеце ў дом,
заставайцеся ў ім, пакуль не пойдзеце адтуль;
11
і калі хто не прыме вас і не паслухаецца вас,
то выходзячы адтуль, абтрасіце пыл з ног вашых
у сведчанне ім.
Праўду кажу вам:
лягчэй будзе Садому і Гаморы ў дзень судны,
чым гораду таму.
12
І, пайшоўшы, яны прапаведавалі пакаянне,
13
і дэманаў многіх выганялі,
і памазвалі алеем многіх хворых, і ацалялі.
14
І дачуўся пра Іісуса цар Ірад,
бо вядомым стала імя Яго,
і казаў: гэта Іаан Хрысціцель з мёртвых паўстаў,
і таму цуды дзеюцца ім.
15
Іншыя казалі: гэта Ілія,
а іншыя казалі: гэта прарок ці як адзін з прарокаў.
16
А Ірад, пачуўшы,
сказаў: гэта Іаан, якому я адсек галаву,
ён паўстаў з мёртвых.
17
Бо сам Ірад паслаў
схапіць Іаана і звязаў яго ў цямніцы
з-за Ірадыяды, жонкі Філіпа, брата свайго,
таму што ажаніўся з ёю.
18
Бо Іаан казаў Іраду:
не належыць табе мець жонку брата твайго.
19
А Ірадыяда, гневаючыся на яго,
жадала яго забіць,
ды не магла.
20
Бо Ірад баяўся Іаана,
ведаючы яго як чалавека праведнага і святога,
і аберагаў яго,
і шмат рабіў, слухаючыся яго,
і з ахвотаю яго слухаў.
21
І настаў зручны дзень,
калі Ірад у гадавіну свайго нараджэння
ладзіў пір вяльможам сваім,
тысячаначальнікам і старэйшынам Галілейскім,
22
і ўвайшла дачка Ірадыяды,
і танцавала, і дагадзіла Іраду і тым, што ўзляжалі з ім.
Сказаў цар дзяўчыне: прасі ў мяне чаго хочаш,
і дам табе.
23
І пакляўся ёй: чаго ні папросіш у мяне, дам табе,
хоць і паўцарства майго.
24
Яна ж выйшла і спытала ў маці сваёй: чаго прасіць?
Тая адказала: галаву Іаана Хрысціцеля.
25
І яна адразу, паспешліва ўвайшоўшы да цара,
прасіла, кажучы: хачу каб ты цяпер жа даў мне
на блюдзе галаву Іаана Хрысціцеля.
26
І засмуціўся цар,
але дзеля клятвы і тых, што ўзляжалі з ім,
не захацеў адмовіць ёй.
27
І адразу, паслаўшы целаахоўніка,
цар загадаў прынесці галаву яго.
28
Той, пайшоўшы, адсек яму галаву ў цямніцы
і прынёс на блюдзе
і аддаў яе дзяўчыне,
а дзяўчына аддала яе маці сваёй.
29
І, дачуўшыся, вучні яго
прыйшлі і ўзялі цела яго,
і паклалі яго ў магілу.
30
І сабраліся апосталы да Іісуса
і расказалі Яму ўсё:
і што зрабілі, і чаму навучылі.
31
І сказаў ім:
пайдзіце вы самі, асобна, у пустэльнае месца і адпачніце крыху.
Бо многія прыходзілі і адыходзілі,
так што і паесці ім не было калі.
32
І адправіліся яны ў пустэльнае месца на лодцы асобна.
33
І ўбачыў народ, як яны адплывалі,
і пазналі іх многія,
і пехатою з усіх гарадоў спяшаліся туды,
і апярэдзілі іх,
і сышліся да Яго.
34
І, выйшаўшы, убачыў Іісус мноства людзей
і пашкадаваў іх,
бо яны былі як авечкі без пастыра;
і пачаў іх вучыць многа.
35
І калі быў ужо час позні,
вучні Яго, падышоўшы да Яго, казалі:
месца тут пустэльнае, і ўжо час позні,
36
адпусці іх, каб пайшлі ў навакольныя вёскі ды селішчы
і купілі сабе хлеба, бо не маюць чаго есці.
37
Ён жа ў адказ ім прамовіў: вы ім дайце есці.
І кажуць Яму: ці не пайсці нам купіць хлябоў дынарыяў на дзвесце
і даць ім есці?
38
Але Ён гаворыць ім: колькі хлябоў маеце?
Ідзіце і паглядзіце.
І даведаўшыся, яны кажуць: пяць хлябоў і дзве рыбіны.
39
І загадаў ім рассадзіць усіх групамі на зялёнай траве.
40
І ўзляглі ў рады па сто і па пяцьдзесят.
41
І, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбіны,
узвёўшы вочы на неба, благаславіў і пераламіў хлябы,
і даваў вучням Сваім, каб разносілі ім,
і дзве рыбіны падзяліў на ўсіх.
42
І елі ўсе і насыціліся.
43
І назбіралі кавалкаў хлеба дванаццаць поўных кашоў
і рэшты ад рыбы.
44
А было тых, што елі хлябы, каля пяці тысяч мужчын.
45
І адразу прымусіў вучняў Сваіх увайсці ў лодку
і адправіцца ўперад Яго на той бок да Віфсаіды,
пакуль Ён адпусціць людзей.
46
І, адпусціўшы іх, пайшоў на гару памаліцца.
47
І як настаў вечар, лодка была пасярод мора,
а Ён адзін на зямлі.
48
І ўбачыў іх, знясіленых веславаннем,
бо вецер дзьмуў насупраць ім;
і каля чацвёртай варты ночы
наблізіўся да іх, ідучы па моры,
і хацеў абмінуць іх.
49
Яны ж, убачыўшы, як Ён ідзе па моры,
падумалі, што гэта прывід, і закрычалі.
50
Бо ўсе Яго бачылі і перапалохаліся.
І адразу загаварыў з імі
і сказаў ім: мацуйцеся,
гэта Я, не бойцеся.
51
І ўвайшоў да іх у лодку;
і вецер суняўся.
І яны надзвычай былі ўзрушаныя ў сабе і здзіўляліся.
52
Бо не ўразумелі таго, што адбылося з хлябамі,
бо сэрца ў іх было скамянелае.
53
І, пераправіўшыся, прыбылі ў зямлю Генісарэцкую,
і прысталі да берага.
54
І калі выйшлі яны з лодкі,
адразу людзі пазналі Яго ,
55
і, аббегшы ўсё наваколле тое,
і пачалі на пасцелях прыносіць хворых
туды, дзе, па чутках, быў Ён.
56
І куды б ні прыходзіў Ён,
у паселішчы, ці ў гарады, ці ў вёскі,
на людных месцах клалі хворых
і прасілі Яго, каб хоць да краю адзення Яго дакрануцца;
і тыя, што дакраналіся да Яго, уратоўваліся.