1
І сабраліся да Яго фарысеі і некаторыя з кніжнікаў,
што прыйшлі з Іерусаліма;
2
і, убачыўшы некаторых з вучняў Яго,
як яны елі хлеб нячыстымі, гэта значыць непамытымі, рукамі,
дакаралі.
3
Бо фарысеі і ўсе іудзеі
не ядуць, пакуль не памыюць дбайна рук,
трымаючыся падання старцаў;
4
і пасля рынку, пакуль не амыюцца, не ядуць.
Ёсць і многае іншае, чаго яны прынялі трымацца:
абмывання чашаў, і кубкаў, і катлоў, і лаваў.
5
Потым пытаюцца ў Яго фарысеі і кніжнікі:
чаму вучні Твае не жывуць згодна з паданнем старцаў,
а непамытымі рукамі ядуць хлеб?
6
А Ён у адказ гаворыць ім:
добра прарочыў Ісаія пра вас, крывадушных,
як напісана: "людзі гэтыя вуснамі шануюць Мяне,
а сэрца іх далёка ад Мяне;
7
але марна ўшаноўваюць Мяне,
навучаючы вучэнням, устанаўленням чалавечым".
8
Бо, пакінуўшы запаведзь Божую,
трымаецеся вы падання чалавечага,
абмывання кубкаў і чашаў ды многае іншае,
падобнае да таго, робіце.
9
І казаў ім:
хораша вы абыходзіце запаведзь Божую,
каб сваё паданне захаваць!
10
Бо Маісей сказаў: "шануй бацьку твайго і маці тваю",
і хто зласловіць на бацьку альбо маці, няхай смерцю памрэ.
11
А вы гаворыце: калі скажа чалавек бацьку альбо маці:
"тое, чым бы ты ад мяне пакарыстаўся,
гэта карван (што значыць дар Богу)",
12
тады ўжо дазваляеце яму нічога не рабіць
для бацькі альбо для маці сваёй,
13
парушаючы слова Божае паданнем вашым,
якое вы перадаяце;
і многае падобнае да таго робіце.
14
І, паклікаўшы ўсіх людзей,
казаў ім: паслухайце Мяне ўсе і зразумейце.
15
Няма нічога, што, уваходзячы ў чалавека звонку,
магло б апаганіць яго;
але што выходзіць з яго,
тое апаганьвае чалавека.
16
Калі хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
17
І калі ад людзей Ён увайшоў у дом,
спыталіся ў Яго вучні Яго аб прытчы.
18
І сказаў ім: няўжо і вы такія неразумныя?
Няўжо не разумееце, што ўсё тое,
што звонку ўваходзіць у чалавека,
не можа апаганіць яго?
19
Бо не ў сэрца яго ўваходзіць, а ў чэрава,
і выходзіць прэч, таму ўсякая ежа чыстая.
20
І казаў: тое, што выходзіць з чалавека, апаганьвае чалавека;
21
Бо знутры, з сэрца чалавечага помыслы ліхія выходзяць,
пралюбадзействы, блуд, забойствы,
22
крадзяжы, ліхвярства, злоба, каварства, распуснасць,
вока зайздроснае, хуленне, ганарлівасць, шаленства;
23
усё гэтае зло знутры выходзіць і апаганьвае чалавека.
24
І, рушыўшы адтуль,
пайшоў у землі Тырскія і Сідонскія;
і, увайшоўшы ў дом, не хацеў, каб хто даведаўся;
але не змог утаіцца.
25
Бо пачула пра Яго жанчына,
дачка якой мела ў сабе нячыстага духа,
і, прыйшоўшы, упала да ног Яго;
26
а жанчына тая была язычніца, сірафінікіянка родам;
і прасіла Яго, каб выгнаў дэмана з яе дачкі.
27
Але Іісус сказаў ёй: дай перш насыціцца дзецям,
бо нядобра ўзяць хлеб ад дзяцей і кінуць сабачанятам.
28
Яна ж у адказ гаворыць Яму: так, Госпадзі!
але і сабачаняты пад сталом ядуць крошкі ў дзяцей.
29
І сказаў ёй: за гэтыя словы ідзі,
выйшаў дэман з дачкі тваёй.
30
І, прыйшоўшы ў дом свой, яна знайшла,
што дэман выйшаў і дачка ляжыць на пасцелі.
31
І зноў, выйшаўшы з межаў Тырскіх і Сідонскіх,
прыйшоў Іісус да мора Галілейскага ў землі Дзесяцігароддзя.
32
І прыводзяць да Яго глухога коснаязыкага
і просяць, каб Ён усклаў руку на яго.
33
І, адвёўшы яго ад народу ўбок,
улажыў пальцы Свае ў вушы яго
і, плюнуўшы, дакрануўся да языка яго;
34
і, узвёўшы вочы на неба,
уздыхнуў і сказаў яму: "эффафа",
што значыць "адкрыйся".
35
І адразу адкрыліся вушы яго
і развязаліся путы яго языка,
і пачаў гаварыць выразна.
36
І загадаў ім, каб не казалі нікому.
Але чым больш Ён загадваў ім, тым больш абвяшчалі.
37
І надзвычай здзіўляліся,
кажучы: добра ўсё зрабіў:
і глухім дае чуць,
і нямым гаварыць.