1
У тыя дні,
калі сабралася многа народу
і не мелі чаго есці,
Іісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, кажа ім:
2
шкада Мне людзей,
што ўжо тры дні застаюцца са Мною,
і не маюць чаго есці;
3
І калі адпушчу іх дадому галоднымі, аслабеюць у дарозе,
бо некаторыя з іх прыйшлі здалёку.
4
І адказалі Яму вучні Яго:
адкуль можа хто накарміць іх хлебам тут, у пустыні?
5
І спытаў у іх: колькі ў вас хлябоў?
Яны адказалі: сем.
6
Тады загадаў людзям узлегчы на зямлі;
і, ўзяўшы сем хлябоў, узнёсшы падзяку, пераламіў,
і даў вучням Сваім, каб раздавалі;
і яны раздалі людзям.
7
І мелі некалькі рыбінак:
і благаславіўшы, Ён загадаў і іх раздаць.
8
І елі, і насыціліся;
і назбіралі рэшты кавалкаў сем кашоў.
9
А было тых, што елі, каля чатырох тысяч.
І адпусціў іх.
10
І адразу ўвайшоў у лодку
і прыбыў з вучнямі Сваімі ў межы Далмануфскія.
11
І выйшлі фарысеі і пачалі спрачацца з Ім,
дамагаючыся ад Яго знамення з неба, спакушаючы Яго.
12
І Ён, уздыхнуўшы духам Сваім,
кажа: нашто род гэты знамення патрабуе?
Праўду кажу вам: не дасца роду гэтаму знаменне.
13
І, пакінуўшы іх, зноў увайшоў у лодку
і адправіўся на той бок.
14
І забыліся вучні Яго ўзяць хлябоў,
і акрамя аднаго хлеба не мелі з сабой у лодцы.
15
І Ён наказаў ім, гаворачы: глядзіце,
сцеражыцеся закваскі фарысейскай і закваскі Ірадавай.
16
І разважалі між сабой, кажучы:
гэта значыць, што хлябоў у нас няма.
17
І, ведаючы, Іісус кажа ім: чаму разважаеце,
што хлябоў няма ў вас?
Няўжо яшчэ не адчуваеце і не разумееце?
Няўжо дагэтуль скамянелае сэрца ваша?
18
Вочы маючы, не бачыце?
Вушы маючы, не чуеце?
І не памятаеце?
19
Калі пяць хлябоў пераламіў Я на пяць тысяч,
колькі поўных кашоў кавалкаў назбіралі вы?
Кажуць Яму: дванаццаць.
20
А калі сем хлябоў на чатыры тысячы,
колькі поўных кашоў кавалкаў вы набралі?
Яны ж адказалі: сем.
21
І сказаў ім: як жа не разумееце?
22
І прыходзіць у Віфсаіду.
І прыводзяць да Яго сляпога
і просяць, каб да яго дакрануўся.
23
І, узяўшы за руку сляпога, вывеў яго за паселішча
і, плюнуўшы на вочы яму, усклаўшы рукі на яго,
пытаўся ў яго, ці бачыць што.
24
Той, агледзеўшыся, сказаў:
бачу людзей, нібы дрэвы, што ходзяць.
25
Потым зноў усклаў рукі на вочы яго і зрабіў яго відушчым.
І ацаліўся, і стаў бачыць усё выразна.
26
І адаслаў яго ў дом,
кажучы: у паселішча не заходзь
і не расказвай нікому ў паселішчы.
27
І пайшоў Іісус з вучнямі Сваімі
ў паселішчы Кесарыі Філіпавай.
І дарогаю пытаўся ў вучняў Сваіх,
кажучы ім: за каго Мяне прымаюць людзі?
28
А яны адказалі: за Іаана Хрысціцеля,
іншыя — за Ілію,
а іншыя — за аднаго з прарокаў.
29
Ён сказаў ім: а вы за каго прымаеце Мяне?
І ў адказ Пётр сказаў Яму: Ты — Хрыстос.
30
І загадаў ім, каб нікому не гаварылі пра Яго.
31
І пачаў вучыць іх,
што Сыну Чалавечаму належыць многа адпакутаваць,
быць адрынутым старэйшынамі і першасвятарамі, і кніжнікамі,
і забітым быць,
і на трэці дзень уваскрэснуць.
32
І казаў пра гэта адкрыта.
І Пётр, адвёўшы Яго, пачаў адгаворваць Яго.
33
А Ён, абярнуўшыся і паглядзеўшы на вучняў Сваіх,
забараніў Пятру, кажучы: адыдзі ад Мяне, сатана,
бо думаеш не пра тое, што Божае, а пра тое, што чалавечае.
34
І, паклікаўшы людзей з вучнямі Сваімі,
сказаў ім: Хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе
і возьме крыж свой,
і ўслед за Мной ідзе.
35
Бо хто хоча душу сваю ўратаваць, той страціць яе;
а хто страціць душу сваю дзеля Мяне і Евангелля, той уратуе яе.
36
Бо якую карысць будзе мець чалавек,
калі ён здабудзе ўвесь свет, а пашкодзіць душы сваёй?
37
Альбо які выкуп дасць чалавек за душу сваю?
38
Бо хто пасаромеецца Мяне і словаў Маіх
перад родам гэтым пралюбадзейным і грэшным,
таго і Сын Чалавечы пасаромеецца,
калі прыйдзе ў славе Айца Свайго з ангеламі святымі.