1
І сказаў ім: праўду кажу вам,
ёсць сярод тых, што стаяць тут, некаторыя,
хто не зазнае смерці,
пакуль не ўбачыць Царства Божага, якое прыйдзе ў сіле.
2
І праз шэсць дзён
узяў Іісус Пятра, Іакава ды Іаана
і ўзвёў іх на гару высокую адных асобна,
і перамяніўся перад імі.
3
І ўбранне Яго стала бліскучым
і надзвычай белым, як снег,
такім, як бялільшчык на зямлі не можа выбеліць.
4
І явіўся ім Ілія з Маісеем;
і размаўлялі з Іісусам.
5
І, азваўшыся, Пётр сказаў Іісусу:
Равві! добра нам тут быць,
зробім тры шатры,
Табе адзін, Маісею адзін і адзін Іліі.
6
Бо не ведаў, што сказаць,
таму што яны былі перапалохаліся.
7
І ўзнікла воблака, ахінаючы іх,
і з воблака пачуўся голас:
гэта Сын Мой Узлюблены;
Яго слухайце.
8
І нечакана, агледзеўшыся навокал,
нікога больш не ўбачылі,
толькі Іісуса аднаго каля сябе.
9
І калі яны сыходзілі з гары,
загадаў ім нікому не казаць, што бачылі,
пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых.
10
І захавалі ў сабе гэтае слова,
разважаючы між сабой:
што значыць "уваскрэснуць" з мёртвых?
11
І пыталіся ў Яго,
кажучы: як гэта кніжнікі гавораць,
што Ілія павінен прыйсці раней?
12
А Ён сказаў ім у адказ:
Ілія сапраўды, прыйшоўшы раней, узновіць усё;
а як жа напісана пра Сына Чалавечага, —
што многа адпакутуе і зняважаны будзе?
13
Але кажу вам, што і Ілія прыйшоў,
і ўчынілі з ім, што хацелі,
як напісана пра яго.
14
І, прыйшоўшы да вучняў,
убачыў шмат народу вакол іх
і кніжнікаў, што спрачаліся з імі.
15
І адразу ўвесь народ, убачыўшы Яго, уразіўся
і, падбягаючы, віталі Яго.
16
І спытаўся Ён у кніжнікаў: пра што спрачаецеся з імі?
17
Адзін з натоўпу сказаў у адказ: Настаўнік!
Я прывёў да Цябе сына майго, які мае ў сабе духа нямога;
18
і дзе ні схопіць яго, кідае яго,
і ён пену пускае
і скрыгоча зубамі і дранцвее;
і прасіў я вучняў Тваіх, каб выгналі яго,
ды яны не змаглі.
19
Адказваючы яму, Іісус кажа:
о, родзе бязверны! дакуль буду з вамі?
дакуль буду цярпець вас?
прывядзіце яго да Мяне.
20
І прывялі таго да Яго.
І, убачыўшы Яго, дух адразу затрос таго,
і той, упаўшы на зямлю, качаўся, пускаючы пену.
21
І запытаўся Іісус у бацькі яго:
як даўно гэта здарылася з ім.
Той жа сказаў: з дзяцінства;
22
і часта дух і ў агонь кідаў яго, і ў ваду,
каб загубіць яго;
але, як што можаш, дапамажы нам, зжаліўшыся над намі.
23
А Іісус сказаў яму: калі можаш вераваць,
усё магчыма для таго, хто веруе.
24
І адразу, усклікнуўшы, хлопцаў бацька са слязьмі сказаў:
верую, Госпадзі! памажы майму нявер’ю!
25
Іісус, убачыўшы, што збягаецца народ,
забараніў духу нячыстаму,
кажучы яму: дух нямы і глухі,
Я загадваю табе,
выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго!
26
І, ускрыкнуўшы і моцна скалануўшы яго, той выйшаў;
а ён зрабіўся як мёртвы,
так што многія казалі: ён памёр.
27
Але Іісус, узяўшы яго за руку, падняў яго;
і ён устаў.
28
І калі ўвайшоў Іісус у дом,
вучні Яго пыталіся ў Яго асобна:
чаму мы не здолелі выгнаць яго?
29
І сказаў ім: гэты род ні ад чаго іншага не можа выйсці,
толькі ад малітвы і посту.
30
І, выйшаўшы адтуль, праходзілі праз Галілею,
і Ён не хацеў, каб хто даведаўся.
31
Бо навучаў вучняў Сваіх і гаварыў ім,
што Сын Чалавечы аддадзены будзе ў рукі чалавечыя
і заб’юць Яго,
і забіты, Ён на трэці дзень уваскрэсне.
32
Але яны не разумелі гэтага слова, і баяліся ў Яго спытацца.
33
І прыйшоў у Капернаум;
і калі ў доме быў, запытаўся ў іх:
пра што дарогай вы разважалі між сабою?
34
Яны ж маўчалі,
бо ў дарозе спрачаліся адзін з адным, хто большы.
35
І, сеўшы, паклікаў дванаццаць і сказаў ім:
калі хто хоча першым быць,
няхай будзе з усіх апошнім і ўсім слугою.
36
І, узяўшы дзіця, паставіў яго пасярод іх
і, абняўшы яго, сказаў ім:
37
хто прыме адно з такіх дзяцей у імя Маё, той Мяне прыме,
а хто Мяне прыме, той не Мяне прымае, але Таго, Хто паслаў Мяне.
38
Азваўся да Яго Іаан, гаворачы: Настаўнік! мы бачылі чалавека,
што імем Тваім выганяе дэманаў, але не ходзіць за намі,
і мы забаранілі яму, бо не ходзіць за намі.
39
Іісус жа сказаў: не забараняйце яму,
бо няма таго, хто стварыў бы цуд у імя Маё
і мог бы неўзабаве зняважыць Мяне,
40
бо хто не супраць вас, той за вас.
41
І хто напоіць вас чашай вады ў імя таго, што вы Хрыстовы,
праўду кажу вам: не страціць узнагароды сваёй.
42
А хто спакусіць аднаго з малых гэтых, што веруюць у Мяне,
таму лепей было б,
калі б павесілі жарнавы камень на шыю яго
і ўкінулі яго ў мора.
43
І калі спакушае цябе рука твая, адсячы яе:
лепей табе калекам увайсці ў жыццё,
чым, дзве рукі маючы, пайсці ў геену,
у агонь незгасальны,
44
дзе чарвяк іх не ўмірае і агонь не згасае.
45
І калі нага твая спакушае цябе, адсячы яе:
лепей табе ўвайсці ў жыццё кульгавым,
чым, дзве нагі маючы, быць укінутым у геену,
у агонь незгасальны,
46
дзе чарвяк іх не ўмірае і агонь не згасае.
47
І калі вока тваё спакушае цябе, вырві яго:
лепей табе аднавокім увайсці ў Царства Божае,
чым два вокі маючы, быць укінутым у геену вогненную,
48
дзе чарвяк іх не ўмірае і агонь не згасае.
49
Бо кожны агнём асоліцца
і кожная ахвяра соллю асоліцца.
50
Добрая рэч — соль;
але калі соль несалёнай стане, чым яе паправіце?
Майце соль у сабе, і мір майце між сабою.