1
І паклікаўшы дванаццаць вучняў Сваіх,
Ён даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх,
і ацаляць усякую хваробу і ўсякую немач.
2
А дванаццаці Апосталаў імёны вось такія:
першы Сіман, якога называюць Пятром,
і Андрэй, брат ягоны,
Іакаў Зевядзееў
і Іаан, брат яго.
3
Філіп і Варфаламей,
Фама і Матфей мытнік,
Іакаў Алфееў
і Леўвей, празваны Фадзеем,
4
Сіман Кананіт
і Іуда Іскарыёт, які і здрадзіў Яму.
5
Гэтых дванаццаць паслаў Іісус
і запавядаў ім, кажучы: на шлях язычнікаў не хадзіце
і ў горад Самаранскі не ўваходзьце;
6
а ідзіце найболей да пагіблых авечак дому Ізраілевага;
7
і ходзячы, прапаведуўце,
што наблізілася Царства Нябеснае;
8
хворых ацаляйце,
пракажоных ачышчайце,
мёртвых уваскрашайце,
дэманаў выганяйце;
задарам атрымалі, задарам давайце.
9
Не бярыце з сабою ні золата,
ні срэбра, ні медзі ў паясы свае,
10
ні торбы ў дарогу,
ні дзве вопраткі,
ні абутку,
ні посаха.
Бо хто працуе, той варты пракорму.
11
У які горад ці селішча вы ні ўвайшлі б,
даведайцеся, хто ў ім годны,
і там заставайцеся, пакуль не выйдзеце;
12
а ўваходзячы ў дом, вітайце яго,
кажучы: "мір дому гэтаму";
13
і калі дом будзе годны,
дык сыдзе мір ваш на яго;
калі ж не будзе годны,
дык мір ваш да вас вернецца.
14
А калі хто не прыме вас і не паслухаецца слоў вашых,
дык, выходзячы з дому, альбо з горада таго,
абтрасіце пыл з ног вашых;
15
праўду кажу вам:
лягчэй будзе зямлі Садомскай і Гаморскай у дзень судны,
чым гораду таму.
16
Вось, я пасылаю вас, як авечак сярод ваўкоў:
дык вось, будзьце мудрыя, як змеі,
і простыя, як галубы.
17
Сцеражыцеся ж людзей:
бо яны аддаваць будуць вас на судзілішчы
і ў сінагогах сваіх біць будуць вас,
18
і павядуць вас да правіцеляў і да цароў за Мяне,
на сведчанне перад імі і язычнікамі.
19
Калі ж будуць выдаваць вас,
не турбуйцеся, як або што сказаць;
бо дадзена будзе вам у той час, што сказаць;
20
бо не вы будзеце гаварыць,
а Дух Айца вашага гаварыць будзе ў вас.
21
І выдасць брат брата на смерть,
і бацька — дзіця;
і паўстануць дзеці на бацькоў
і заб'юць іх;
22
і будзеце зненавіджаныя ўсімі за імя Маё;
а хто вытрывае да канца, уратаваны будзе.
23
Калі ж будуць вас гнаць у адным горадзе, уцякайце ў другі,
Бо праўду кажу вам:
не паспееце абысці гарадоў Ізраілевых,
як прыйдзе Сын Чалавечы.
24
Вучань не вышэйшы за настаўніка,
і слуга не вышэйшы за гаспадара свайго.
25
Даволі вучню, каб ён быў, як настаўнік ягоны,
і слузе, каб ён быў, як гаспадар ягоны.
Калі гаспадара дома назвалі вельзевулам,
дык ці не тым болей дамашніх яго?
26
Дык вось, не бойцеся іх:
бо няма нічога схаванага, што не адкрылася б,
і таемнага, што не было б уведана.
27
Што кажу вам у цемры, кажыце пры святле;
і што на вуха чуеце, прапаведуйце з дахаў.
28
І не бойцеся тых, што забіваюць цела,
але ж душы забіць не могуць;
а бойцеся болей таго,
хто можа і душу, і цела загубіць у геене.
29
Ці ж не два вараб’і прадаюцца за асарый?
І ніводны з іх не ўпадзе на зямлю без волі Айца вашага;
30
а ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны;
31
дык не бойцеся: вы больш вартыя, чым мноства вераб’ёў.
32
Дык вось, кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі,
таго вызнаю і Я перад Айцом Маім, Які ёсць у нябёсах;
33
а хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі,
ад таго адракуся і Я перад Айцом Маім, Які ёсць у нябёсах.
34
Не думайце, што Я прыйшоў прынесці мір на зямлю;
не мір прыйшоў Я прынесці, а меч;
35
бо Я прыйшоў падзяліць чалавека з бацькам ягоным,
і дачку з маці яе,
і нявестку са свякрухай яе.
36
І ворагі чалавеку — дамашнія яго.
37
Хто любіць бацьку ці маці больш за Мяне, не варты Мяне;
і хто любіць сына ці дачку больш за Мяне, не варты Мяне;
38
і хто не бярэ крыжа свайго і не ідзе следам за Мною,
той не варты Мяне.
39
Хто зберагае душу сваю, страціць яе;
а хто страціў душу сваю за Мяне, зберажэ яе.
40
Хто прымае вас, Мяне прымае;
а хто Мяне прымае, прымае Таго, Хто паслаў Мяне;
41
хто прымае прарока ў імя прарока,
узнагароду прарокаву атрымае;
і хто прымае праведніка ў імя праведніка,
узнагароду праведнікаву атрымае.
42
І хто напоіць аднаго з малых гэтых
толькі чашай халоднай вады
ў імя вучня,
праўду кажу вам, не страціць узнагароды сваёй.