1
Тым часам праходзіў Іісус у суботу пасевамі,
а вучні Яго згаладаліся
і пачалі зрываць каласы і есці.
2
Фарысеі, убачыўшы гэта, сказалі Яму:
вось, вучні Твае робяць тое, што не дазволена рабіць у суботу.
3
А Ён сказаў ім: хіба вы не чыталі,
што зрабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, што былі з ім?
4
Як ён увайшоў у дом Божы
і еў хлябы выстаўлення,
якіх нельга было есці ні яму, ні тым, што з ім былі,
а толькі адным святарам?
5
Альбо ці не чыталі вы ў законе,
што ў суботы святары ў храме парушаюць суботу,
аднак не вінаватыя?
6
Але кажу вам, што тут нешта большае за храм;
7
калі б ведалі вы, што азначае:
"міласці хачу, а не ахвяры",
не асудзілі б невінаватых;
8
бо Сын Чалавечы ёсць Гаспадар і суботы.
9
І перайшоўшы адтуль, увайшоў Ён у сінагогу іхнюю.
10
І вось там быў чалавек з сухою рукою.
І спыталіся ў Яго: ці можна ацаляць у суботы?
каб звінаваціць Яго.
11
А Ён сказаў ім:
ці ёсць сярод вас такі чалавек, што маючы адну авечку,
калі яна ў суботу ўпадзе ў яму,
не возьме і не выцягне яе?
12
Наколькі ж чалавек лепшы за авечку!
Таму можна ў суботы дабро рабіць.
13
Тады кажа чалавеку таму: працягні руку тваю.
І той працягнуў;
і стала яна здаровай, як другая.
14
А фарысеі выйшлі і раду мелі супраць Яго,
як бы загубіць Яго.
Але Іісус, даведаўшыся, пайшоў адтуль.
15
І пайшло за Ім следам багата людзей,
і Ён ацаліў іх усіх.
16
і забараніў ім расказваць пра Яго:
17
каб збылося сказанае праз прарока Ісаію,
які кажа:
18
"Вось, Юнак Мой, Якога Я выбраў;
Любасны Мой, Якога ўпадабала душа Мая.
Ускладу Дух Мой на Яго
і Ён суд народам абвесціць
19
не запярэчыць, ні залямантуе,
і не пачуе ніхто на вуліцах голасу Яго;
20
трысціны надламанай не пераломіць,
і кнота, які тлее, не патушыць,
пакуль не давядзе суд да перамогі;
21
і на імя Яго будуць спадзявацца народы"
22
Тады прывялі да Яго апанаванага дэманам
сляпога і нямога;
і ацаліў яго,
так што сляпы і нямы пачаў гаварыць і бачыць.
23
І здзіўляўся ўвесь люд і казаў:
ці не гэта Хрыстос, Сын Давідаў?
24
А фарысеі, пачуўшы гэта, сказалі:
Ён выганяе дэманаў няйначай, як сілаю вельзевула,
князя дэманскага.
25
Але Іісус, ведаючы помыслы іх, сказаў ім:
усякае царства, якое раздзялілася самое ў сабе, запусцее;
і ўсякі горад альбо дом, які раздзяліўся сам у сабе, не ўстаіць.
26
І калі сатана сатану выганяе,
дык ён раздзяліўся сам у сабе,
як жа ўстаіць царства ягонае?
27
І калі Я вельзевулам выганяю дэманаў,
дык сыны вашыя кім выганяюць?
Таму яны вам суддзямі будуць.
28
Калі ж Я Духам Божым выганяю дэманаў,
то дайшло да вас Царства Божае.
29
Альбо, як можа хто ўвайсці ў дом дужага
і рэчы яго зрабаваць,
калі спярша не звяжа дужага
і тады дом яго зрабуе?
30
Хто не са Мною, той супраць Мяне;
і хто не збірае са Мною, той раскідае.
31
Таму кажу вам:
усякі грэх і блюзнерства даруюцца людзям;
а супраць Духа блюзнерства не даруецца людзям;
32
калі хто скажа слова на Сына Чалавечага, даруецца яму;
а калі хто скажа на Духа Святога,
не даруецца яму ані ў гэтым веку, ані ў будучым.
33
Альбо прызнайце дрэва добрым і плод яго добрым;
альбо прызнайце дрэва кепскім і плод яго кепскім,
бо па плодзе дрэва пазнаецца.
34
Адроддзе яхідніна
як вы можаце добрае казаць, калі вы ліхія?
Бо ад лішніцы сэрца вусны маўляюць.
35
Добры чалавек з добрай скарбніцы выносіць добрае;
а ліхі чалавек з ліхой скарбніцы выносіць ліхое.
36
Кажу ж вам,
што за кожнае марнае слова, якое вымавяць людзі,
дадуць яны адказ у дзень судны:
37
бо паводле слоў сваіх апраўдаешся,
і паводле слоў сваіх асудзішся.
38
Тады адказалі некаторыя кніжнікі і фарысеі, кажучы:
Настаўнік! хочам ад Цябе знаменне ўбачыць.
39
Ён ім сказаў у адказ:
род ліхі і пералюбны знамення шукае;
і знаменне не будзе дадзена яму,
акрамя знамення Іоны прарока;
40
бо як Іона быў у чэраве ў кіта тры дні і тры ночы,
так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы.
41
Ніневіцяне ўстануць на судзе з родам гэтым
і асудзяць яго,
бо яны пакаяліся ад пропаведзі Іонавай;
і вось, тут больш за Іону.
42
Царыца поўдня ўстане на судзе з родам гэтым
і асудзіць яго,
бо яна прыходзіла з краю зямлі паслухаць мудрасці Саламонавай,
і вось, тут большае за Саламона.
43
Калі нячысты дух выйдзе з чалавека,
то блукае па бязводных мясцінах, шукаючы спакою,
і не знаходзіць;
44
тады кажа: вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў.
І прыйшоўшы застае яго пустым,
падмеценым і прыбраным;
45
тады ідзе
і бярэ з сабою сем іншых духаў, люцейшых за сябе,
і, ўвайшоўшы, жывуць там;
і бывае апошняе для чалавека таго горшы за першае.
Так будзе і роду гэтаму ліхому.
46
Калі ж Ён яшчэ прамаўляў да людзей,
вось, Маці Яго і браты Яго стаялі на дварэ,
хочучы гаварыць з ім.
47
І нехта сказаў Яму:
вось Маці Твая і браты Твае на дварэ стаяць,
хочучы гаварыць з Табою.
48
Ён жа ў адказ таму, хто гаварыў Яму, сказаў:
хто маці Мая? і хто браты Мае?
49
І паказаўшы рукою Сваёю на вучняў Сваіх,
сказаў: вось маці Мая і браты Мае;
50
бо хто будзе выконваць волю Айца Майго, Які ёсць у нябёсах,
той Мне брат, і сястра, і маці.