1
Выйшаўшы таго ж дня з дому, Іісус сеў каля мора.
2
І сабралася да Яго мноства людзей,
так што Ён увайшоў у лодку і сеў;
а ўвесь люд стаяў на беразе.
3
І гаварыў ім шмат прытчамі,
кажучы: вось, выйшаў сейбіт сеяць.
4
І калі сеяў ён,
адно ўпала пры дарозе,
і наляцелі птушкі і падзяўблі тое;
5
іншае ўпала на мясціны камяністыя, дзе няшмат было зямлі,
і неўзабаве ўзышло,
таму што зямля была неглыбокая.
6
А калі ўзышло сонца, завяла
і, як не мела карэння, засохла;
7
іншае ўпала ў церне,
і вырасла церні і заглушыла яго;
8
іншае ўпала на добрую зямлю і ўрадзіла плод:
адно ў сто разоў,
а другое ў шэсцьдзесят,
а тое ў трыццаць.
9
Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
10
І прыступіўшы, вучні сказалі Яму:
чаму прытчамі гаворыш ім?
11
Ён сказаў ім у адказ:
таму, што вам дадзена ведаць тайны Царства Нябеснага,
а ім не дадзена;
12
бо хто мае, таму дадзена будзе
і памножыцца;
а хто не мае,
у таго адымецца і тое, што мае;
13
дзеля таго прытчамі прамаўляю ім,
што яны бачачы не бачаць,
і чуючы не чуюць,
і не разумеюць;
14
і збываецца над імі прароцтва Ісаіі,
якое кажа:
"слыхам пачуеце, і не ўразумееце;
і вачыма глядзець будзеце, і не ўбачыце;
15
агрубела бо сэрца ў людзей гэтых,
і вушыма цяжка чуюць,
і вочы свае змежылі,
каб не ўгледзець вачыма, і вушыма не пачуць,
і сэрцам не ўразумець,
і не звернуцца, каб Я ацаліў іх".
16
А вашы блажэнныя вочы, што бачаць;
і вушы вашыя, што чуюць;
17
бо праўду кажу вам,
што многія прарокі і праведнікі жадалі
бачыць тое, што вы бачыце, і не бачылі,
і чуць тое, што вы чуеце, і не чулі.
18
Але ж вы пачуйце прытчу пра сейбіта:
19
да кожнага,
хто слухае слова пра Царства і не разумее,
прыходзіць ліхі і крадзе пасеянае ў сэрцы яго:
вось каго азначае пасеянае пры дарозе.
20
А пасеянае на камяністых мясцінах
азначае таго, хто чуе слова
і адразу з радасцю прымае яго;
21
але не мае кораня ў сабе і непастаянны:
калі настане ўціск альбо ганенне за слова,
адразу спакушаецца.
22
А пасеянае ў церні
азначае таго, хто чуе слова,
але клопат веку гэтага
і панада багацця заглушае слова,
і яно стаецца бясплодным.
23
А пасеянае на добрай зямлі
азначае таго, хто чуе слова і разумее,
які і плод прыносіць
і дае адзін сто,
другі шэсцьдзесят,
а іншы трыццаць.
24
Другую прытчу прапанаваў Ён ім, кажучы:
Царства Нябеснае падобнае на чалавека,
які пасеяў добрае насенне на полі сваім;
25
калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго
і пасеяў куколь сярод пшаніцы, і пайшоў;
26
калі ўзышла рунь і завязала плод,
тады з'явіўся і куколь.
27
Прыйшоўшы, рабы гаспадара дома сказалі яму:
гаспадар ці ж не добрае насенне пасеяў ты на полі тваім?
адкуль жа на ім куколь?
28
А ён сказаў ім: варожы чалавек гэта зрабіў.
А рабы сказалі яму: хочаш, мы пойдзем, выпалем яго?
29
А ён сказаў: не,
каб, выбіраючы куколь, вы не павырывалі разам з ім і пшаніцы;
30
пакіньце расці разам тое і другое да жніва;
а ў час жніва я скажу жняцам: збярыце перш куколь
і звяжыце яго ў снапы, каб спаліць яго;
а пшаніцу збярыце ў жытніцу мае.
31
Іншую прытчу прапанаваў Ён ім, кажучы:
падобнае Царства Нябеснае на зерне гарчычнае,
якое чалавек узяў і пасеяў на полі сваім,
32
якое, хоць меншае за ўсякае насенне,
але, калі вырастае,
бывае большае за ўсякую траву
і робіцца дрэвам,
так што прылятаюць птушкі нябесныя і гняздзяцца ў голлі яго.
33
Іншую прытчу сказаў Ён ім:
падобнае Царства Нябеснае на закваску,
якую жанчына, узяўшы паклала ў тры меры мукі,
пакуль не ўкісла ўсё.
34
Гэта ўсё казаў Іісус прытчамі люду,
і без прытчы нічога не казаў ім,
35
каб збылося сказанае праз прарока, які кажа:
"Разамкну ў прытчах вусны Мае;
выкажу ўтоенае ад стварэння свету".
36
Тады Іісус, адпусціўшы людзей, увайшоў у дом.
І прыступіўшы да Яго, вучні Яго сказалі:
растлумач нам прытчу пра куколь на полі.
37
А Ён ім сказаў у адказ:
сейбіт добрага насення ёсць Сын Чалавечы;
38
поле ёсць свет;
добрае насенне гэта — сыны Царства,
а куколь — сыны ліхога;
39
вораг, які пасеяў яго, ёсць дыявал;
жніво ёсць сканчэнне веку,
а жняцы — Ангелы.
40
А таму, як збіраюць куколь і агнём паляць,
гэтак сама будзе пры сканчэнні веку гэтага:
41
пашле Сын Чалавечы Ангелаў Сваіх,
і збяруць з Царства Яго ўсе спакусы
і тых, што чыняць беззаконне,
42
і ўкінуць іх у печ вогненную;
там будзе плач і скрыгат зубоў;
43
тады праведныя заззяюць, як сонца,
у Царстве Айца іх.
Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
44
Яшчэ падобнае Царства Нябеснае на скарб, схаваны на полі,
які, знойшоўшы, чалавек утоіў,
і ў радасці ад гэтага ідзе і прадае ўсё, што мае,
і купляе поле тое.
45
Яшчэ падобнае Царства Нябеснае на купца,
які шукае прыгожых перлаў,
46
які, знайшоўшы адзін шматкаштоўны перл,
пайшоў і прадаў усё, што меў,
і купіў яго.
47
Яшчэ падобнае Царства Нябеснае на невад, закінуты ў мора
і поўны рыбы ўсялякага роду,
48
які, калі ён напоўніўся, выцягнулі на бераг
і, сеўшы, добрае склалі ў начынне,
а нядобрае выкінулі прэч.
49
Так будзе пры сканчэнні веку:
выйдуць Ангелы
і аддзеляць ліхіх з асяроддзя праведных,
50
і ўкінуць іх у печ вогненную:
там будзе плач і скрыгат зубоў.
51
Сказаў ім Іісус: ці зразумелі вы гэта ўсё?
Яны кажуць Яму: так, Госпадзе!
52
А Ён сказаў ім: таму ўсякі кніжнік,
навучаны Царству Нябеснаму,
падобны на гаспадара дома,
які выносіць са скарбніцы сваёй новае і старое.
53
І сталася, калі скончыў Іісус прытчы гэтыя,
пайшоў адтуль.
54
І прыйшоўшы на бацькаўшчыну Сваю, вучыў іх у сінагозе іхняй,
так што яны здзіўляліся і казалі:
адкуль у Яго гэтая мудрасць і сілы?
55
ці не цясляроў Ён Сын?
ці не Ягоную Маці завуць Марыя,
і браты Яго Іакаў і Іасій, і Сіман і Іуда?
56
і сёстры Яго ці не ўсе сярод нас?
адкуль жа ў Яго ўсё гэта?
57
І спакушаліся аб Ім.
А Іісус сказаў ім:
не бывае прарока без пашаны,
хіба што толькі на бацькаўшчыне сваёй, і ў доме сваім.
58
І не ўчыніў там многіх цудаў з-за няверства іх.