1
У той час Ірад тэтрарх
пачуў погалас пра Іісуса,
2
і сказаў служкам сваім: гэта Іаан Хрысціцель;
ён паўстаў з мёртвых,
і таму цуды ўчыняюцца ім.
3
Бо Ірад, узяўшы Іаана,
звязаў яго і пасадзіў у цямніцу
з-за Ірадыяды, жонкі Філіпа, брата свайго;
4
таму што Іаан казаў яму:
нельга табе мець яе.
5
І хацеў яго забіць, але пабаяўся народу,
бо яго ўважалі за прарока.
6
А ў дзень народзін Ірада,
скакала дачка Ірадыяды перад усімі і дагадзіла Іраду;
7
таму ён пад прысягаю абяцаў ёй
даць, чаго толькі яна ні папросіць.
8
А яна, падбухтораная маці сваёю, сказала:
дай мне тут на місе галаву Іаана Хрысціцеля.
9
І засмуціўся цар;
але дзеля прысягі і тых, што ўзляжалі з ім, загадаў даць ёй,
10
і паслаў адцяць Іаану галаву ў цямніцы.
11
І прынеслі галаву яго на місе, і далі дзяўчыне;
а яна занесла маці сваёй.
12
А вучні яго, прыйшоўшы,
узялі яго цела і пахавалі яго;
і пайшлі, абвясцілі Іісусу.
13
І пачуўшы,
адплыў Іісус адтуль на лодцы ў пустэльнае месца адзін;
а люд, пачуўшы пра тое,
пайшоў за Ім з гарадоў пяшком.
14
І выйшаўшы, Іісус убачыў мноства людзей
і пашкадаваў іх,
і ацаліў хворых іх.
15
Калі ж звечарэла,
прыступілі да Яго вучні Ягоныя і сказалі:
пустэльная тут мясціна, і час ужо позні;
адпусці людзей,
каб яны пайшлі ў селішчы і купілі ежы сабе.
16
Але Іісус сказаў ім: не трэба ім ісці;
вы дайце ім есці.
17
Яны ж кажуць Яму:
у нас тут толькі пяць хлябоў і дзве рыбіны.
18
Ён сказаў: прынясіце іх Мне сюды.
19
І загадаў народу ўзлегчы на траву
і, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбіны,
узвёў вочы ў неба, благаславіў,
разламаў і даў хлябы вучням,
а вучні — народу.
20
І елі ўсе, і насыціліся;
і набралі рэшты кавалкаў дванаццаць кашоў поўных;
21
а тых, што елі, было каля пяці тысяч чалавек,
апроч жанчын і дзяцей.
22
І адразу
прымусіў Іісус вучняў Сваіх увайсці ў лодку
і выправіцца раней за Яго на той бок,
пакуль Ён адпусціць людзей.
23
І адпусціўшы людзей,
Ён узышоў на гару сам-насам памаліцца;
і калі звечарэла, заставаўся там адзін.
24
А лодка была ўжо на сярэдзіне мора,
і яе біла хвалямі,
бо вецер быў супраціўны.
25
А ў чацвёртую варту ночы
пайшоў да іх Іісус, ідучы па моры.
26
І вучні, убачыўшы Яго, што ішоў Ён па моры,
сумеліся і казалі: гэта прывід;
і ад страху закрычалі.
27
Але Іісус адразу загаварыў з імі
і сказаў: узбадзёрцеся;
гэта Я, не бойцеся.
28
Пётр сказаў Яму ў адказ: Госпадзе!
калі гэта Ты, загадай мне прыйсці да Цябе па вадзе.
29
А Ён сказаў: ідзі.
І выйшаўшы з лодкі, Пётр пайшоў па вадзе,
каб падысці да Іісуса;
30
але, бачачы моцны вецер, спалохаўся
і, пачаўшы тануць, закрычаў: Госпадзе! уратуй мяне.
31
Іісус адразу, працягнуўшы руку, падтрымаў яго
і кажа яму: малаверны! навошта ты засумняваўся?
32
І калі ўвайшлі яны ў лодку, вецер аціх.
33
А тыя, што ў лодцы былі, падышлі, пакланіліся Яму
і сказалі: сапраўды, Ты Сын Божы.
34
І пераправіўшыся,
прыбылі ў зямлю Генісарэцкую.
35
І, пазнаўшы Яго, жыхары той мясціны
паслалі ва ўсё наваколле тое
і прынеслі да Яго ўсіх хворых,
36
і прасілі Яго,
каб толькі дакрануцца да краю адзення Яго;
і каторыя дакраналіся, ацаляліся.