1
І прыступілі фарысеі і садукеі
і, спакушаючы, прасілі Яго паказаць ім знаменне з неба.
2
А Ён сказаў ім у адказ:
вечарам вы кажаце: будзе пагода,
бо неба агністае;
3
і раніцай: сёння непагадзь,
бо неба агніста-хмарнае.
Крывадушнікі!
аблічча неба вы ўмееце адрозніваць,
а знакаў часу не можаце?
4
Род ліхі і пералюбны азнакі шукае,
і азнака не дасца яму,
акрамя азнакі Іоны прарока.
І пакінуўшы іх, адышоў.
5
І перапраўляючыся на другі бок,
вучні Яго забыліся ўзяць хлябоў.
6
Іісус сказаў ім:
глядзіце, сцеражыцеся закваскі фарысейскай і садукейскай.
7
Яны ж разважалі самі сабе, кажучы:
хлябоў мы не ўзялі.
8
Уразумеўшы гэта, Іісус сказаў ім:
што разважаеце самі сабе, малаверныя, што хлябоў не ўзялі?
9
Няўжо яшчэ не разумееце
і не памятаеце пра пяць хлябоў на пяць тысяч,
і колькі кашоў вы набралі?
10
Ні пра сем хлябоў на чатыры тысячы,
і колькі кошыкаў набралі?
11
Як не разумееце, што не пра хлябы Я сказаў вам:
"сцеражыцеся закваскі фарысейскай і садукейскай"?
12
Тады яны зразумелі,
што Ён сказаў асцерагацца не закваскі хлебнай,
а вучэння фарысейскага і садукейскага.
13
А прыйшоўшы ў межы Кесарыі Філіпавай,
Іісус пытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы:
за каго людзі ўважаюць Мяне, Сына Чалавечага?
14
Яны сказалі: адны за Іаана Хрысціцеля,
а другія за Ілію,
а іншыя за Іерамію альбо за аднаго з прарокаў.
15
Ён кажа ім: а вы за каго ўважаеце Мяне?
16
І Сіман Пётр сказаў у адказ:
Ты — Хрыстос, Сын Бога Жывога.
17
І Іісус сказаў яму ў адказ:
блажэнны ты, Сімане, сыне Іонаў,
бо не плоць і кроў адкрылі табе гэта,
а Айцец Мой, Які ёсць у нябёсах;
18
і Я кажу табе: ты Пётр,
і на камені гэтым Я збудую Царкву Маю,
і брамы пякельныя не адолеюць яе.
19
І дам табе ключы Царства Нябеснага:
і што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў нябёсах;
і што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў нябёсах.
20
Тады Іісус загадаў вучням Сваім,
каб нікому не казалі, што Ён ёсць Хрыстос.
21
3 таго часу Іісус пачаў адкрываць вучням Сваім,
што Яму належыць ісці ў Іерусалім
і многа адпакутаваць
ад старэйшын і першасвятароў і кніжнікаў,
і мае быць забіты,
і на трэці дзень уваскрэснуць.
22
I, адвёўшы Яго,
Пётр пачаў пярэчыць Яму, кажучы:
міласэрны Ты, Госпадзе!
Няхай не будзе гэтага з Табою!
23
А Ён, абярнуўшыся, сказаў Пятру:
адыдзі ад Мяне, сатана!
ты Мне спакуса,
бо думаеш не пра тое, што Божае, а што чалавечае.
24
Тады Іісус сказаў вучням Сваім:
калі хто хоча ісці за Мною,
няхай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой
і ідзе ўслед за Мною;
25
бо хто хоча душу сваю ўратаваць, той страціць яе;
а хто страціць душу сваю дзеля Мяне, той знойдзе яе;
26
бо якая карысць чалавеку,
калі ён увесь свет здабудзе, а душы сваёй пашкодзіць?
альбо які выкуп дасць чалавек за душу сваю?
27
бо прыйдзе Сын Чалавечы
ў славе Айца Свайго з Ангеламі Сваімі,
і тады аддасць кожнаму паводле спраў ягоных.
28
Праўду кажу вам:
ёсць сярод тых, што стаяць тут, некаторыя,
якія не зазнаюць смерці,
пакуль не ўбачаць Сына Чалавечага, як Ён ідзе ў Царстве Сваім.