1
У той час прыступілі вучні да Іісуса,
кажучы: хто ж большы ў Царстве Нябесным?
2
І паклікаўшы дзіця, Іісус паставіў яго сярод іх
3
і сказаў: праўду кажу вам,
калі не навернецеся і не будзеце, як дзеці,
не ўвойдзеце ў Царства Нябеснае;
4
дык вось, хто ўпакорыцца, як гэтае дзіця,
той большы ў Царстве Нябесным;
5
і хто прыме адно такое дзіця ў імя Маё,
той Мяне прымае;
6
а хто спакусіць аднаго з малых гэтах, што веруюць у Мяне,
таму лепей было б,
каб павесілі жарон млынавы на шыю яго
і ўтапілі яго ў глыбіні марской.
7
Гора свету ад спакусаў,
бо павінны прыйсці спакусы;
але гора таму чалавеку, праз якога спакусы прыходзяць.
8
Калі ж рука твая, альбо нага твая спакушае цябе,
адатні яе і кінь ад сябе:
лепш табе ўвайсці ў жыццё без рукі альбо без нагі,
чым з дзвюма рукамі і дзвюма нагамі
быць укінутым у агонь вечны;
9
і калі вока тваё спакушае цябе,
вырві яго і кінь ад сябе:
лепш табе з адным вокам ў жыццё ўвайсці,
чым з двума вачыма быць укінутым у геену вогненную.
10
Глядзіце, не пагарджайце ніводным з малых гэтых;
бо кажу вам, што Ангелы іх на нябёсах
заўсёды бачаць аблічча Айца Майго Нябеснага.
11
Бо прыйшоў Сын Чалавечы зыскаць і выратаваць пагіблае.
12
Як вам здаецца?
Калі б у нейкага чалавека было сто авечак
і заблудзілася адна з іх;
ці не пакіне ён дзевяноста дзевяці ў гарах;
ці не пойдзе тую шукаць, што заблудзілася?
13
і калі ўдасца знайсці яе,
дык, праўду кажу вам,
ён радуецца за яе болей,
чым за дзевяноста дзевяць, што не заблудзіліся.
14
Так няма волі Айца вашага Нябеснага,
каб загінуў адзін з малых гэтых.
15
А калі саграшыць супроць цябе брат твой,
ідзі і выкрый яго паміж табою і ім адным;
калі паслухаецца цябе, дык здабыў ты брата твайго;
16
калі ж не паслухаецца,
вазьмі з сабою яшчэ аднаго альбо двух,
каб вуснамі двух альбо трох сведкаў
пацвердзілася кожнае слова;
17
калі ж не паслухаецца іх, скажы царкве;
а калі і царквы не паслухаецца,
дык няхай будзе ён табе, як язычнік і мытнік.
18
Праўду кажу вам:
што вы звяжаце на зямлі, тое будзе звязана на небе;
і што развяжаце на зямлі, тое будзе развязана на небе.
19
Праўду таксама кажу вам,
што калі двое з вас
пагодзяцца на зямлі прасіць за любую справу,
дык чаго б ні папрасілі,
будзе ім ад Айца Майго, Які ёсць у нябёсах;
20
бо дзе двое альбо трое сабраныя ў імя Маё,
там Я сярод іх.
21
Тады прыступіў Пётр і сказаў Яму:
Госпадзе! колькі разоў дараваць брату майму,
які грашыць супроць мяне?
ці да сямі разоў?
22
Кажа яму Іісус:
не кажу табе: "да сямі",
а да сямі разоў па семдзесят.
23
Таму Царства Нябеснае падобнае на цара,
які захацеў зрахавацца з рабамі сваімі.
24
Калі ён пачаў рахавацца, прывялі да яго аднаго,
хто быў вінен яму дзесяць тысяч талантаў;
25
а як ён не меў, чым заплаціць,
дык уладар ягоны загадаў прадаць яго,
і жонку яго,
і дзяцей,
і ўсё, што ён меў,
і заплаціць.
26
Тады раб той упаў
і, кланяючыся яму, казаў: "уладару! пацярпі на мне,
і ўсё табе заплачу".
27
Уладар, злітаваўшыся над рабом тым,
адпусціў яго і доўг дараваў яму.
28
А раб той, выйшаўшы, знайшоў аднаго з таварышаў сваіх,
які вінен яму быў сто дынарыяў,
і, схапіўшы яго, душыў,
кажучы: "аддай мне, што вінен".
29
Тады таварыш ягоны ўпаў да ног яму,
умольваў яго і казаў: "пацярпі на мне,
і ўсё аддам табе".
30
Але той не схацеў,
а пайшоў і ўвязніў яго ў цямніцу,
пакуль не аддасць доўгу.
31
Таварышы яго, убачыўшы тое, засмуціліся вельмі,
і прыйшоўшы расказалі ўладару свайму пра ўсё, што было.
32
Тады ўладар ягоны заклікае яго
і кажа: "ліхі раб!
увесь доўг той я дараваў табе, бо ўпрасіў ты мяне;
33
ці не след было і табе памілаваць таварыша твайго,
як і я цябе памілаваў?"
34
I, угневаўшыся,
уладар ягоны аддаў яго катам,
пакуль не аддасць увесь доўг свой.
35
Так і Айцец Мой Нябесны зробіць з вамі,
калі не даруеце кожны брату свайму
ад сэрца свайго правінаў ягоных.