1
Калі ж Іісус нарадзіўся ў Віфлееме Іудзейскім у дні цара Ірада,
вось, магі з усходу прыйшлі ў Іерусалім і кажуць:
2
дзе народжаны Цар Іудзейскі?
бачылі бо мы зорку Яго на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму.
3
Пачуўшы гэта, цар Ірад занепакоіўся,
і ўвесь Іерусалім з ім.
4
І, сабраўшы ўсіх першасвятароў і кніжнікаў народных,
пытаўся ў іх: дзе мае нарадзіцца Хрыстос?
5
Яны ж сказалі яму: у Віфлееме Іудзейскім,
так бо напісана праз прарока:
6
"І ты, Віфлееме, зямля Іудава,
нічым не меншы сярод ваяводстваў Іудавых;
бо з цябе выйдзе Правадыр,
Які ўпасвіць народ мой Ізраіля".
7
Тады Ірад, употай паклікаўшы магаў,
выведаў у іх час з'яўлення зоркі
8
і, паслаўшы іх у Віфлеем, сказаў:
ідзіце, добра разведайце пра Дзіця
і, як знойдзеце, накажыце мне,
каб і я пайшоў пакланіцца Яму.
9
Яны, выслухаўшы цара, пайшлі.
І вось, зорка, якую бачылі яны на ўсходзе, ішла перад імі,
пакуль, прыйшоўшы, не стала ўгары над месцам, дзе было Дзіця.
10
Угледзеўшы зорку, яны ўзрадаваліся радасцю вельмі вялікай,
11
і, увайшоўшы ў дом, убачылі Дзіця з Марыяю, Маці Яго,
і, упаўшы, пакланіліся Яму;
і адкрыўшы скарбы свае, прынеслі Яму дары: золата, ладан і смірну.
12
І ў сне атрымаўшы наказ не вяртацца да Ірада,
іншай дарогай адышлі ў краіну сваю.
13
Калі ж яны адышлі, —
вось, Ангел Гасподні яўляецца ў сне Іосіфу і кажа:
устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго, і ўцякай у Егіпет,
і будзь там, пакуль не скажу табе;
бо Ірад хоча шукаць Дзіцятка, каб загубіць Яго.
14
Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Яго,
і адышоў у Егіпет,
15
і былі там да Ірадавай смерці,
каб збылося сказанае Госпадам праз прарока,
які кажа: "З Егіпта паклікаў Я Сына Майго".
16
Тады Ірад, убачыўшы, што магі ашукалі яго, разгневаўся надта
і паслаў перабіць усіх дзетак у Віфлееме і ва ўсіх межах яго,
ад двух гадоў і ніжэй, паводле часу, які выведаў у магаў.
17
Тады збылося сказанае праз прарока Іерамію, які кажа:
18
"Голас у Раме чуцен,
плач, і галашэнне, і лямант вялікі;
Рахіль плача па дзецях сваіх і не хоча суцешыцца;
бо іх няма".
19
А як Ірад памёр, —
вось, Ангел Гасподні ў сне яўляецца Іосіфу ў Егіпце
20
і кажа: устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго
і ідзі ў зямлю Ізраілеву;
бо памерлі тыя, што шукалі душы Дзіцяці.
21
Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Яго
і прыйшоў у зямлю Ізраілеву.
22
Але пачуўшы, што Архелай царуе ў Іудзеі
замест Ірада, бацькі свайго,
пабаяўся туды ісці;
і атрымаўшы ў сне наказ, адышоў у межы Галілейскія,
23
і, прыйшоўшы, пасяліўся ў горадзе, які называецца Назарэт,
каб збылося сказанае праз прарокаў,
што Ён Назарэем назавецца.